Правяральнікі будуць з розных ведамстваў, пакуль ніхто дакладна ня ведае складу гэтых камісіяў. Кажуць, што будуць правяраць, ці знаходзяцца людзі на працоўных месцах. Папярэдзілі людзей, асабіста гэта тычыцца тых, хто мае ў сваіх кабінэтах сэйфы, каб не было там грошай, бутэлек ды іншых рэчаў — толькі службовая дакумэнтацыя. Ужо пачаліся праверкі ўнутраныя, адміністрацыі ўстановаў правяраюць сваіх падначаленых, каб потым пазьбегнуць непрыемных пытаньняў ад камісіяў. Людзі выносяць з кабінэтаў посуд, асабістыя рэчы, бо баяцца, каб не палічылі іх за падарункі.
Што тычыцца, напрыклад, мэдыкаў, то ў іх будуць шукаць у сталах шакалядкі, цукеркі — менавіта тыя прэзэнты, якія звычайна робяць удзячныя пацыенты. Стаматоляг Ала Васіленка прысутнічала на сходзе ў сваёй паліклініцы. Яна казала, што абмяркоўвала з калегамі тое, што пачула. Усе абураліся:
(Васіленка: ) “Нас папярэдзілі, каб ні ў якім выпадку не прымалі ад пацыентаў падарункаў, нават шакалядак. Казалі: “Калі ў вас будзе ў валізках нейкая садавіна ці іншыя прадукты, то абавязкова мусіць быць чэк”. Даходзіць нават да абсурду. Казалі, што калі да нас прыходзяць свае пацыенты — маюцца на ўвазе дзеці, муж, то мы павінны папярэджваць аб гэтым загадчыцу, бо гэта лічыцца парушэньнем правілаў. Кожная паліклініка абслугоўвае пацыентаў толькі свайго раёну, а калі прыйшоў муж ці нехта са сваякоў, то мы ня маем права прымаць. Мы і так прыніжаныя сваімі заробкамі! Гэта абражае нашу годнасьць!”
У цырульнях і крамах днём значна паменшала людзей. Цырульніцы мне распавялі, што жанчыны хуценька прыбягаюць і пытаюцца, ці пасьпеюць зрабіць стрыжку — калі не, то сыходзяць, каб прыйсьці ўвечары пасьля працы. Людзі баяцца трапіць у “чорны сьпіс” падчас праверкі.
Юрысты, якія працуюць у праваахоўных структурах, паведамілі, што ў іх таксама правялі сходы наконт праверак. Але самі яны кажуць, што адсутнасьць на працы можа быць выкліканая нейкімі непрадугледжанымі абставінамі — усялякае здараецца. Шакалядка ў стале ці нават бутэлька віскі або гарэлкі ня ёсьць сьведчаньнем таго, што службовец атрымаў іх як хабар, таму гэта ня цягне крымінальных наступстваў. Але адміністрацыя можа не падоўжыць кантракту з падначаленым. Цяпер яна можа гэта рабіць без усялякай аргумэнтацыі, зь нейкіх іншых прычынаў.