“Віцебскі пролетарый”, 1934 год. Пастанова ЦК ВКП(б):
“У радзе школ і піонэрарганізацый мае месца зусім недапушчальная перагрузка дзяцей “прапрацоўкай” рашэнняў ХVІІ з’езда партыі, пытанняў марксісцка-ленінскай тэорыі і палітыкі партыі. Дзяцей 8–12 год прымушаюць адказваць на пытанні, зусім недаступныя іх разуменню, крайне адцягненыя і адбіваючыя ў іх усякую цікавасць нават да даступных для разумення дзяцей з’яў грамадскага жыцця і соцыялістычнага будаўніцтва… ЦК ВКП(б) лічыць, што ўсё гэта з’яўляецца скажэннем задач комуністычнага выхавання дзяцей і ідзе ў разрэз з пастановай ЦК аб рабоце і задачах школы і піонерарганізацыі”.
“ЛіМ”, 1984 год:
“Што такое выстаўка аднаго дня? Адказ на гэтае пытанне могуць даць цяпер жыхары і госці Мінска, якія пабывалі ў мінулую нядзелю ва ўтульным Траецкім прадмесці… На беразе Свіслачы мастакі расстаўлялі мальберты, размяшчалі на спецыяльных драўляных стэндах пейзажы і нацюрморты, партрэты і графічныя лісты… Са сваімі творамі пазнаёмілі прысутных кампазітар Л.Шлег, інструментальная група “Мроя”, створаная ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава, вакальны дуэт “Кася і Алесь”… Свае вершы чыталі маладыя паэты І.Багдановіч і А.Глобус, які, дарэчы, прадставіў на выстаўцы некалькі палотнаў як жывапісец”.
“Звязда”, 1994 год:
“Учора Старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб правёў прэс-канферэнцыю па выніках свайго візіту ў Страсбург і Бухарэст . У Страсбургу спікер беларускага парламента сустракаўся з дэпутатамі Еўрапарламента. Як адзначыў М.Грыб, дэпутаты краін Еўрапейскага Саюза лічаць, што на Беларусі не адбываецца ніякіх змен і рэспубліка па-ранейшаму застаецца таталітарнай дзяржавай. Беларуская дэлегацыя паспрабавала пераканаць дэпутатаў Еўрапарламента ў адваротным”.