Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН ПАВЫСІЎ ЗАРОБАК САБЕ І ФЭДЭРАЛЬНЫМ ЧЫНОЎНІКАМ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Лёгіка тут простая: чыноўнік на прыстойнай пасадзе павінен атрымліваць за сваю працу прыстойныя грошы, каб не рабіць непрыстойных учынкаў дзеля элемэнтарнага выжываньня, не кажучы ўжо пра “прыгожае жыцьцё”.

Якія ж сумы лічацца “прыстойнымі грашмі” для расейскага чыноўніка?

Прэзыдэнт як галоўны расейскі чыноўнік будзе атрымліваць крыху болей за пяць тысячаў даляраў у месяц. Сапраўды, гэта нядрэнны заробак нават для багатых краінаў і супастаўляльны з заробкамі кіраўнікоў некаторых эўрапейскіх краінаў, прыкладам, Гішпаніі. Прэм’ер-міністар Расеі цяпер будзе зарабляць каля 4 тысячаў даляраў, а міністры – каля трох тысячаў у месяц.

Новы ўказ Пуціна тычыцца прыкладна 35 – 40 тысяч чыноўнікаў, гэта толькі 10% ад усёй чынавенскай гвардыі Расейскай Фэдэрацыі. І калі заробкі самых высокіх дзяржаўных чыноў, сапраўды, будуць неблагімі, то ўрадоўцы сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню будзе зарабляць ад 100 да 500 даляраў у месяц.

Аналітыкі ацэньваюць гэты ўказ у прынцыпе станоўча. Пуцін тут не вынаходнік. Гэта традыцыйны шлях барацьбы з карупцыяй. На пачатку гэтага году ў Кітаі былі істотна падвышаны заробкі чыноўнікам. Увогуле ў Азіі, дзе імкліва разьвіваецца эканоміка, заробкі высокіх дзяржаўных чыноўнікаў адпаведна вельмі высокія. Так, рэкордны гадавы заробак у сьвеце мае прэм’ер-міністар Сінгапуру – 600 тысячаў даляраў, а японскі прэм’ер зарабляе 300 тысячаў. А вось, напрыклад, у Таджыкістане міністар зарабляе ўсяго толькі каля 20 даляраў у месяц.

Вось жа скептыцызм аналітыкаў палягае ў тым, што міністэрскі чыноўнік сярэдняга зьвяна ў вельмі дарагім для жыцьця горадзе Маскве будзе мець заробак каля 300 – 400 даляраў, але пры гэтым ён мае магчымасьць “вырашыць пытаньне”. Як піша публіцыст Сямён Навапрудзкі ў газэце “Время новостей”, “ня ўзяць грошай ад чалавека, якому трэба “вырашыць пытаньне”, пры такім заробку можа толькі сапраўдны “Рабэсп’ер”. Так што, на думку многіх аналітыкаў, указ Пуціна пакідае цэлы пласт чыноўнікаў, у галовах якіх ніякай антыкарупцыйнай матывацыі ня ўзьнікне. Заробкі, натуральна, павялічаныя яшчэ не дастаткова, але больш важна іншае – дзяржава патрабуе такой заканадаўчай прасторы, якая не пакідала б чыноўнікам ніякай магчымасьці, як кажуць,“вырашаць пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG