Ці цэніце вы бохан чорнага кіслага недапечанага хлебу так, як цэніць яго Кацярына Дзяргач? Ці вы таксама, як гэтая 80-гадовая кабета, толькі й марыце, каб ён быў на стале на сьняданак, у абед і на вячэру? Месца дзеяньня: вёска Кошчычы Калінкавіцкага раёну Гомельшчыны, засьнежаны пляц перад вясковай крамай.
(Дзяргач: ) “Я ў хаце жыву адная. Трэба жыць! Уміраць яшчэ ня хочацца, а я ўжо на гэтае ня вартая. Баліць усё выключна! Я амаль нікуды не хаджу. У краму ледзь дайсьці магу”.
(Карэспандэнт: ) “Што ў краме набываеце?”
(Дзяргач: ) “Солькі ў мяне дома не было. Вось і набыла. Хлеба б набыла. Грошай няма, дык я ўжо й па хлеб не іду”.
(Карэспандэнт: ) “Давайце набуду вам хлеба!”
(Дзяргач: ) “Ай, галубок, ня трэба!”
(Карэспандэнт: ) “Хадзем-хадзем!”
(Дзяргач: ) “Не пайду. Пайду дахаты. У мяне грошай няма”.
(Карэспандэнт: ) “У мяне ёсьць!”
(Дзяргач: ) “Мала што ў вас там ё”.
(Карэспандэнт: ) “А я вас пачастую. Можна?”
(Дзяргач: ) “Не. Вялікі дзякуй! Я пайду дахаты. Шмат працы — трэба курак даглядаць”.
(Карэспандэнт: ) “Стойце тут! Цяпер набуду хлеба. Вам які: белы ці чорны?”
(Дзяргач: ) “Я мала белага ем”.
(Карэспандэнт: ) “Вазьму чорнага”.
(Дзяргач: ) “Ой, мой галубок каханенькі!”
Я заходжу ў вясковую краму.
(Карэспандэнт: ) “Калі ласка, тры хлебы”.
(Прадавачка: ) “Дзьве тысяча чатырыста дзевяноста”.
З боханамі хлеба вяртаюся на вуліцу. Там мяне паслухмяна чакае Кацярына Дзяргач.
(Карэспандэнт: ) “Трымайце! Гэта вам”.
(Дзяргач: ) “Ой, мой галубок, дзякуй! Цяжка толькі будзе данесьці”.
(Карэспандэнт: ) “Давайце падвязем вас”.
(Дзяргач: ) “Не. Я пайду памаленьку”.
Бабулька пакрочыла дахаты, а я зноў заходжу ў краму. Размаўляю з супрацоўніцаю Нінаю Мароз. Пытаюся пра навіны ў Кошчычах.
(Мароз: ) “Зьбіраюцца нас далучыць. А будзе лепей ці горш — хто гэта ведае? Натуральна, што шкада, бо тут ня будзе канторы. Калі вёска ня цэнтар калгасу — гэта ўжо нешта ня тое. Мне так падаецца, стане нешта незразумелае”.
Тлумачу: тутэйшую калектыўную гаспадарку хочуць далучыць да суседняга сьвінакомплексу. Так вырашыла раённай вэртыкаль — калгас трэба ратаваць. Ён такі занядбаны, што апошняга кіраўніка зьнялі з пасады пра дапамозе пракуратуры. Спрычыніўся да гэтага тутэйшы пэнсіянэр Анатоль Мароз (пры мікрафоне ён яшчэ зьявіцца).
Цяпер працаўнікам гаспадаркі абяцаюць заробак 230 тысяч рублёў. А наўзамен патрабуюць дысцыпліны і выкананьне загадаў новага кіраўніцтва. Насамрэч, гіганцкаму сьвінарніку патрэбнае кармавое збожжа. Яго таньней вырошчваць на сваіх землях, чым набываць недзе за грошы. Ніна Мароз даўно выгадавала сваіх дзяцей. Тыя ўжо нават пазаводзілі ўласныя сем’і. Самой да пэнсіі засталіся лічаныя гады. Фармальна да калгасу яна ніякага дачыненьня ня мае, але спадарыня ўсё адно турбуецца.
(Карэспандэнт: ) “Для гаспадаркі гэта выйсьце — далучэньне да сьвінакомплексу, ці не?”
(Мароз: ) “Я ня ведаю. Адразу ўсе ўзрадаваліся. Абяцалі нам заробак і ўсё астатняе. Залішніх грошай ніколі няма. Калі ёсьць грошы, можна нешта большае набыць. А калі не, і так перабіваемся. Адразу ўсе хацелі далучыцца, а цяпер нешта ўсім…”
(Карэспандэнт: ) “…хочацца незалежнасьці?”
(Мароз: ) “Так”.
(Корзун: ) “Здраствуйце!”
(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! А вы тут самы галоўны?”
(Корзун: ) “Пакуль так”.
На тутэйшай фэрме першым да мяне падышоў Алег Корзун. Для яго сельская гаспадарка — новая сфэра дзейнасьці. Сам з суседняга мястэчка Бабровічы. Некалі ў ім стаяла авіяцыйная частка. Там спадар Корзун і служыў. Вайскоўцаў вывелі ў Расею. А ён застаўся тут. Уладкаваўся ў калгас і вось цяпер выконвае абавязкі загадчыка кароўнікаў. Першым чынам, кажа, трэба падвысіць працоўную дысцыпліну.
(Карэспандэнт: ) “Як апісаць гаспадарку ў параўнаньні зь іншымі калгасамі раёну?”
(Корзун: ) “Слабая. Проста задумаецеся: калі ёсьць толькі тры трактары, няўжо можна адсеяць столькі палёў? Тут праблема ў стаўленьні людзей. Працаваць можна па-рознаму. А тут людзі трошкі адвыклі. І я бы так рабіў. Сядзеў бы, скраў бы мех камбікорму, прапіў яго”.
(Карэспандэнт: ) “А калі не сакрэт, ёсьць такія праблемы як п’янства і крадзяжы?”
(Корзун: ) “Натуральна, што ёсьць. А дзе іх няма?”
Расповед Алега Корзуна пра тры трактары прывёў мяне да думкі завітаць на мэхдвор. Увогуле сюды варта прывозіць на паўнавартасныя экскурсіі. Паводле рэшткаў камбайнаў, прычэпаў і грузавых машынаў можна прасачыць этапы тэхнічнага прагрэсу да апошнія 30 гадоў. Ля брамы мяне сустракае Любоў Царка. Яна тут і вартаўніца, і качагарка, і галоўная ў справе разьмеркаваньня паліва.
(Царка: ) “А як гэта пацьвердзіць? Што вы — карэспандэнт?”
(Карэспандэнт: ) “А я вам пакажу дакумэнт”.
(Царка: ) “Вось гэта іншая справа!“
(Карэспандэнт: ) “Глядзіце, напісана: “Прэса”. Ягор Маёрчык — гэта я”.
(Царка: ) “Радыё Свабода… А што вас цікавіць?”
(Карэспандэнт: ) “Мяне цікавіць жыцьцё”.
(Царка: ) “Якія праблемы? Моцных праблемаў, можа, і няма. У калгасе, прыкладам, тэхнікі малавата. Яна ўся знасілася. Ёсьць толькі новыя два трактары: аднаму год, другому — два. Далі такую параду далучацца. Казалі, што й заробак нібыта падымецца, і лепш будзе. Адразу людзі былі настроеныя на далучэньне, а ў дадзены момант пачалі выступаць супраць… Вось вы там абы-чаго панапісваеце”.
(Карэспандэнт: ) “Што вы так хвалюецеся?”
(Царка: ) “А я ведаю, як вы там мяне разрысуеце!”
(Карэспандэнт: ) “Вы ж мне праўду кажаце? Калі праўду, чаго яе хаваць? Мяркуйце самі”.
(Царка: ) “Гэта так”.
Праўдашукальнік пэнсіянэр Анатоль Мароз некалі дамагаўся, каб раённыя ўлады зьнялі з пасады кіраўніка тутэйшае калектыўнае гаспадаркі. З кіляграмамі папераў-доказаў ён штурмаваў усемагчымыя інстанцыі ў абласным цэнтры і Менску. У выніку перамога засталася за ім. Старшыню зьнялі — і тут адразу пачалася інтэграцыя з сесуднім сьвінакомплексам. Цяпер Анатоль Мароз і сам ня рады, што распачаў тую барацьбу за праўду.
(Мароз: ) “Зажымаюць кругом. Мясцовыя ўлады стараюцца ўсяляк зажаць працоўнага. Заробку ня хочуць плаціць. Гэты калгас ня ведаюць куды далучыць”.
(Карэспандэнт: ) “А людзі самі хочуць далучацца ці не?”
(Мароз: ) “Большая палова вёскі супраць далучэньня. Бо “Хлебапрадукты” хочуць забраць усе нашыя землі, землі тут багатыя. Яны хочуць сваіх людзей тут паставіць, а нас бартануць: ідзеце, куды хочаце. Тут сваіх працоўных хапае, але не забясьпечваюць матэрыяльна і культурна”.
(Карэспандэнт: ) “А што, з культураю нейкія праблемы?”
(Мароз: ) “Дыскатэка толькі раз на тыдзень! Гэта культурна?”
(Карэспандэнт: ) “А колькі разоў трэба?”
(Мароз: ) “Сама мала: субота, нядзеля”.
(Карэспандэнт: ) “Вы ж ужо на пэнсіі, навошта вам дыскатэка?”
(Мароз: ) “У мяне ёсьць дзеці. Што яны — павінны хадзіць платы ламаць ды п’янстваваць па вёсцы? Спэцыялістаў-трактарыстаў хапае, а тэхнікі няма. Яны ходзяць па вёсцы і шукаюць, дзе віна выпіць, дзе каму якую працу зрабіць. Шмат такіх! Сёньня іх, на жаль, не сабярэм: той пайшоў дровы пілаваць, той — гной выкідаць”.
Увага! На нашае хвалі прыватная абвестка: “Жыхарка вёскі Кошчыцы Хрысьціна Шуляк шукае спрытнага цесьляра, каб адрамантаваў дах. Аплата грашыма і абед гарантуецца”.
Ад разбуранага хлява церпіць агульны выгляд падворку спадарыні Шуляк. Што тут ужо казаць пра карову? Рагатая стала бамжом і вымушаная качаваць па суседзях з аднаго стойла ў іншае.
(Карэспандэнт: ) “Што з хлявом вашым здарылася?”
(Шуляк: ) “Абурыўся. Сярэдзіна ўпала. Але й цяпер выплачваю за яго страхоўку”.
(Карэспандэнт: ) “Хлява ўжо няма, а страхоўку яшчэ ўсё плаціце?”
(Шуляк: ) “Заплаціла”.
(Карэспандэнт: ) “Папрасілі бы каго-небудзь пабудаваць хлеў”.
(Шуляк: ) “А каго прасіць?”
(Карэспандэнт: ) “Мужыкі вунь па вёсцы ходзяць ды шукаюць, як зарабіць”.
(Шуляк: ) “Ня ведаю. Я такога ня бачыла. Улетку хадзіла па сялу, прасіла, але нікога не знайшла”.
(Карэспандэнт: ) “А ў сельсавет зьвярталіся?”
(Шуляк: ) “Ведаеце, чалавеча, я ня бачу. Зусім мала бачу! Пайду туды, а зайду ў іншае месца. Зайду ў лес, блукаю і ня ведаю, як выбрацца. А чым мне сельсавет дапамагае? А нічым! Каб яны прывезьлі гэтым старым бабам форту, а яны даюць сьмецьце. Хай бы тое сьмецьце везьлі ў кацельню, а яны вязуць яго нам. У хатах нашых халодна! Мне ўжо 70 з гакам гадоў. Ужо старая”.
(Карэспандэнт: ) “Ну як гэта — старая? Ячшэ можна жыць ды жыць!”
(Шуляк: ) “Натуральна, што можна, але нешта не жывецца. Сёньня я нікому не патрэбная. На чорта я каму? Вось такое маё жыцьцё”.
Людзі ў Кошчычах гатовыя размаўляць пра калгас, пра магчымае аб’яднаньне зь сьвінакомплексам, і нават пра ўлады ў асобе тутэйшага сельсавету. Толькі мала хто распавядае пра сваё ўласнае жыцьцё. Звычайна абмяжоўваюцца агульнай інфармацыяй. А вось пра стасункі ў сям’і — ні слова. Выключэньнем стала сустрэча з Валянцінай Пасюк.
(Пасюк: ) “Ведаеце, якія дзеці цяпер? Цяпер дзеці ня носяць таго, што мы насілі. Ім ужо падавай няведама што. У мяне дачка. Я ёй кажу: “Я ў твае гады такога не насіла”.
(Карэспандэнт: ) “Дзяцей цяжка гадаваць?”
(Пасюк: ) “З маімі дзецьмі праблемаў няма: вучацца і дома дапамагаюць. Я нічога не магу сказаць. А ў нас такія сем’і ёсьць: ён на працу ня ходзіць, шасьцёра дзяцей, яна адна працуе. Пра што можна гаварыць? Яны ня бачаць таго хлеба. Яшчэ і ён любіць выпіць, і яна любіць выпіць. Лепей жа пляшку тую набыць, чым штосьці для дзяцей”.
(Карэспандэнт: ) “Можа, сельсавет чым людзям дапамагае?”
(Пасюк: ) “Такія маладыя мужыкі ня ходзяць на працу, і ім яшчэ трэба дапамагаць?! На іх трэба браць добры дрын ды гнаць на працу!”
(Карэспандэнт: ) “А ваш муж працуе?”
(Пасюк: ) “Так. Трактарыст”.
(Карэспандэнт: ) “П’е?”
(Пасюк: ) “Выпівае”.
(Карэспандэнт: ) “Пакуль вы не сказалі, што муж выпівае, я ўяўляў вашую сям’ю вельмі добрай і вельмі шчасьлівай…”
(Пасюк: ) “Усё бывае. Бывае, што паскандалім, але каб біўся са мною, такога няма”.
(Карэспандэнт: ) “Вашую сям’ю можна лічыць шчасьлівай?”
(Пасюк: ) “Не. Для шчасьця крэпка многа трэба. Трэба, каб усё было”.