Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 1 КРАСАВІКА


Ул. інф.

Сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень сьмеху. Гісторыя гэтага сьвята бярэ пачатак з рымскага Prima aprilis. Менавіта пад такой назвай адзначала яго шляхта старажытнае Беларусі. Што да люду паспалітага, дык ён пачаў сьвяткаваць Дзень сьмеху менавіта 1 красавіка ў Савецкім Саюзе і далучыўся такім чынам да расейскае традыцыі. Ва ўласнабеларускай традыцыі такога сьвята не было, а днём вясёлага шкодніцтва спрадвеку лічылася Купальле. Тады гарэзьлівая моладзь за ноч рабіла ў вёсцы сапраўдны вэрхал і катала з гары запаленыя колы.

Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква ўшаноўвае сёньня Сафію Слуцкую. Княжна Сафія паходзіла з роду Алелькавічаў, нашчадкаў вялікага князя Альгерда, і была заўзятай праваслаўнай. Нават ідучы замуж за каталіка нясьвіскага князя Януша Радзівіла, яна дамаглася вянчаньня ў праваслаўнай бажніцы, а пасьля фундавала манастыры і цэрквы. Памерла Сафія Слуцкая ад першых родаў 1 красавіка 1612 году.

І яшчэ адзін нясьвіскі князь Радзівіл згадваецца ў сёньняшнім календары – гэта Антон Генрых, які праславіўся ў Эўропе як таленавіты сьпявак, віялянчэліст і мэцэнат музыкаў. Перад ім гралі і прысьвяцілі яму свае творы Фрыдэрык Шапэн і Людвік ван Бэтговэн. Сам Антон Радзівіл напісаў опэру “Фаўст” у суаўтарстве зь нямецкім паэтам Ёганам Вольфгангам Гётэ. І вось акурат 1 красавіка 1814 году адбылася іхная сустрэча, пасьля якой Гётэ назваў нясьвіскага князя “сапраўдным трубадурам” і “магутным талентам”, чыя “геніяльная, шчасьцепарыўная кампазыцыя” натхніла яго напісаць некаторыя ўстаўкі і зьвязкі спэцыяльна для опэры.

1 красавіка 1918 году беларускі гісторык Мітрафан Даўнар-Запольскі пачынае выдаваць у Кіеве штотыднёвую газэту «Беларускае слова». Першым чынам газэта знаёміла беларускую калёнію ва Ўкраіне і ўкраінскую публіку з падзеямі вакол стварэньня ў Менску Беларускае Народнае Рэспублікі.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 1 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня францускага паэта Франсуа Віёна і расейскага пісьменьніка ўкраінскага паходжаньня Мікалая Гогаля, расейскага кампазытара Сяргея Рахманінава, які памёр у выгнаньні, бо не прыняў рэвалюцыі, і прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захарку, якога спасьціг падобны лёс. Таксама 1 красавіка ў 1901 годзе ў Ляхавічах нарадзіўся Сяргей Пясецкі, аўтар да сёньня папулярнага бэстсэлеру «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG