У нядзелю адбыўся другі тур рэгіянальных выбараў, які пацьвердзіў тэндэнцыі, што выявіліся ў першым туры галасаваньня тыдзень таму. За кіроўную правацэнтрысцкую партыю прагаласавала толькі 38%, у той час як сацыялісты, сумесна са сваімі хаўрусьнікамі камуністамі і партыяй зялёных, заваявалі палову выбаршчыкаў. Свае традыцыйныя 12% здабыў ультраправы Нацыянальны фронт Ле Пэна.
Мясцовыя выбары небеспадстаўна разглядаліся як своеасаблівы вотум даверу цяперашняму праваму ўраду. На думку аналітыкаў, сваім галасаваньне французы выказалі нездавальненьне тымі рэформамі, якія праводзіць кабінэт Жан-П’ера Рафарэна. Найбольшую нязгоду ў грамадзтве выклікалі скарачэньня выдаткаў на сацыяльныя праграмы і высокі ўзровень беспрацоўя. Выступаючы ў дзень выбараў, прэм’ер-міністар краіны Жан-П’ер Рафарэн, сярод іншага сказаў:
(Рафарэн: ) “Я перакананы, што французы не жадаюць вяртацца да таго часу, калі нічога не рабілася. Рэформы мусяць працягвацца проста таму, што яны неабходныя. Яны неабходныя для працоўных месцаў, для надзейнай сыстэмы аховы здароўя, для кантролю грамадзкіх выдаткаў. Рэформы неабходныя, каб узмацніць нашыя пазыцыі ў Эўропе”.
Аналітыкі прагназуюць, што рэагуючы на вынікі галасаваньня, прэзыдэнт Шырак вымушаны будзе зьмяніць некаторых міністраў. Аднак лідэр Сацыялістычнай партыі Франсуа Оланд ужо заявіў, што кіраўнік дзяржавы не павінен абмяжоўвацца толькі нязначнымі кадравымі пераменамі.
(Оланд: ) “Адказам павінны быць ня перастаноўкі ва ўрадзе, але вялікія зьмены ў палітычнай арыентацыі. Кіраўнік дзяржавы, і толькі ён, нясе такую адказнасьць”.
На думку назіральнікаў, прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку зараз давядзецца вырашаць, ці пакінуць на сваёй пасадзе прэм’ер-міністра Рафарэна, які працягне балючыя, але неабходныя рэформы, найперш сыстэмы аховы здароўя, альбо прызначыць новага кіраўніка ўраду, які вымушаны будзе праводзіць больш мяккую сацыяльную палітыку.