Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 25 САКАВІКА


Ул. інф.

25 сакавіка – найважнейшая дата ў гісторыі незалежнай Беларусі. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе ў Менску была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Цяпер Беларусь мусіла сама стварыць свае органы ўлады і ўсталяваць міжнародныя дачыненьні зь іншымі краінамі. У Трэцяй Устаўной Грамаце названыя канкрэтныя тэрыторыі, якія павінны ўвайсьці ў склад БНР: Магілёўшчына, Меншчына, Гарадзеншчына (з Горадняй і Беластокам), Віленшчына, Віцебшчына, Смаленшчына, Чарнігаўшчына і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеныя беларусамі (меліся на ўвазе часткі Сувалкаўскай і Ковенскай губэрняў). З тых часоў і да сёньня 25 сакавіка – найважнейшае нацыянальнае сьвята сьведамых беларусаў ва ўсім сьвеце. У гэты дзень праводзяцца ўрачыстыя набажэнствы і акадэміі, а ў Менску ды іншых гарадах Беларусі апошнія 10 гадоў людзі выходзяць на сьвяточныя дэманстрацыі і мітынгі.

Цікава, што таксама 25 сакавіка адзначаюць свой Дзень незалежнасьці Грэцыя і Кіпр. Ва Ўкраіне сёньня Дзень службы бясьпекі, а ў Латвіі – Дзень памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

У каталіцкім календары сёньня – Дабравесьце, а ў праваслаўным – Рыгор. “На Рыгора ідзе зіма ў мора”, – казалі людзі, маючы на ўвазе крыгаход на рэках.

25 сакавіка 1905 году на Случчыне нарадзіўся незвычайны чалавек – Аляксандар Вечар. З аднаго боку – біяхімік, акадэмік, дасьледнік плястыдаў і стваральнік новых тэхналёгіяў атрыманьня каратыну з морквы і вырабу вітаміну В2 на падставе мікрабіялягічнага сынтэзу, а зь іншага боку – беларускі паэт, аўтар зборнікаў вершаў “Кола дзён“ і “Зварот да слова“.

Сёньня адзначае свае 50-я ўгодкі кампазытар Уладзімер Кур'ян. Родам ён зь Менску, скончыў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю і ўжо 20 гадоў працуе загадчыкам музычнае часткі Купалаўскага тэатру. Уладзімер Кур'ян – аўтар музыкі да найбольш пасьпяховых спэктакляў тэатру апошніх дзесяцігодзьдзяў – «Тутэйшых» паводле п'есы Янкі Купалы і «Ідыліі» паводле Дуніна-Марцінкевіча.

Наогул сярод знакамітых людзей сьвету 25 сакавіка нараджаліся пераважна кампазытары і музыкі. Варта згадаць італьянскага дырыжора і кіраўніка тэатру «Ля-Скала» Артура Тасканіні, або вугорскага кампазытара Бэлу Бартака, або ангельскага музыку Элтана Джона, якому сёньня спаўняецца 57 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG