Міністар замежных справаў Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, Браян Коўэн разам зь сябром Эўрапейскай камісіі Крысам Патэнам абмеркавалі беларускае пытаньне зь дзейным старшынём камітэту міністраў Рады Эўропы — кіраўніком МЗС Нідэрляндаў Бэрнардам Ботам — і генэральным сакратаром Рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам.
Прадстаўніца МЗС Ірляндыі Барбара Джоўнз, якая на мінулым тыдні наведала Менск у складзе супольнай эўрапейска-амэрыканскай місіі, таксама знаходзілася ў Брусэлі. Але намесьнік спадарыні Джоўнз Пітэр Макайвар, які быў разам зь ёю ў Менску, распавёў па тэлефоне з Дубліну, што кіраўнікі Эўразьвязу й Рады Эўропы прынялі адмысловую заяву наконт Беларусі й працытаваў яе:
(Макайвар: ) “Удзельнікі выказалі шкадаваньне з нагоды адсутнасьці дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі. Наадварот, улады ўзмацнілі свае рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці ды яе прадстаўнікоў. Не было паляпшэньня што да свабоды выказваньняў і свабоды сродкаў масавай інфармацыі ды павагі да правоў чалавека ўвогуле. Бок Рады Эўропы нагадаў, што ён яшчэ спадзяецца вітаць Беларусь сярод іншых дэмакратычных дзяржаваў Эўропы. Удзельнікі падкрэсьлілі важнасьць, якую яны надаюць падрыхтоўцы і правядзеньню дэмакратычных выбараў увосень 2004 году згодна з эўрапейскімі стандартамі”.
А ці будзе Ірляндыя як дзяржава, якая старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе да 1 ліпеня, рабіць нейкія дадатковыя захады ў дачыненьні да Беларусі пасьля накіраваньня супольнай эўрапейска-амэрыканскай місіі ў Менск і папярэджаньня беларускім уладам пра неабходнасьць палітычных зьменаў?
Вось як адказаў на гэтае пытаньне намесьнік дырэктара ў справах Усходняй Эўропы, Рады Эўропы ды АБСЭ ірляндзкага МЗС Пітэр Макайвар:
(Макайвар: ) “Наколькі я разумею, будзе заява старшынёўства наконт Беларусі падчас паседжаньня АБСЭ”.
Паводле спадара Макайвара, свае намаганьні дзеля разьвязаньня беларускай праблемы будуць аб’ядноўваць і Эўразьвяз, і Рада Эўропы, і АБСЭ, і ЗША. Ён нагадаў, што Расея таксама ёсьць сябрам Рады Эўропы. А ЗША, якія на мінулым тыдні ўзялі ўдзел у супольнай эўрапейска-амэрыканскай місіі ў Беларусі, працягвалі свае спробы далучыць да беларускага пытаньня Расею. Як паведамляе расейскае МЗС, першы намесьнік міністра замежных справаў Валеры Лашчынін (дарэчы, былы расейскі амбасадар у Менску) прыняў у Маскве намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы ды Эўразіі Стывэна Пайфэра. “Падчас гутаркі асноўная ўвага была нададзеная абмену думкамі пра становішча на прасторы СНД”, — паведаміла МЗС Расеі.
А паводле амэрыканскай амбасады ў Маскве, спадар Пайфэр сустрэўся зь яшчэ адным намесьнікам міністра замежных справаў Расеі Сяргеем Кісьляком. Гэта падкрэсьліла супрацоўніца прэсавай службы амбасады ЗША ў Расеі:
(Супрацоўніца: ) “Пытаньне Беларусі абмяркоўвалася з двума намесьнікамі міністра — гэта і Кісьляк, і Лашчынін”.
Амэрыканскія дыпляматы пакуль не паведамляюць падрабязнасьцяў гэтых размоваў. Але маскоўская газэта “Время новостей”, якой Стывэн Пайфэр даў інтэрвію, адзначае: “Гэтым разам увага амэрыканцаў прыцягнутая да Беларусі. Менавіта адтуль прыбыў у Маскву спадар Пайфэр у суправаджэньні амбасадара ЗША ў Менску Джорджа Крола, які няблага, дарэчы, валодае расейскай мовай”.
Газэта піша, што намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША высьвятляў у Маскве тое, наколькі гатовае расейскае кіраўніцтва далучыцца да амэрыканскага ціску на беларускія ўлады, каб заахвоціць іх да дэмакратычных пераменаў: “У Вашынгтоне хацелі бы зразумець, ці могуць стаць элемэнтам такога ціску крокі Масквы што да абмежаваньня паставак газу ў Беларусь”.