Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУТЫЧКІ Ў КОСАВЕ І БАРАЦЬБА З ТЭРАРЫЗМАМ Ў ЭЎРОПЕ


Вольга Караткевіч, Прага

За гэтымі падзеямі сачылі мае калегі Валер Каліноўскі і Сяргей Навумчык, цяпер яны са мной у студыі.

Першае пытаньне да Валера Каліноўскага. Пад час сутычак паміж сэрбамі і альбанцамі ў Косава загінула 22 чалавекі і параненыя прынамсі 500. Як разгортваліся падзеі?

(Каліноўскі: ) “Усё пачалося з таго, што ў панядзелак ў гарадку Чаглавіца недалёка ад Прышціны, нехта абстраляў аўтамабіль, у якім ехаў 18-гадовы сэрб. Цяжка паранены хлопец быў адвезены ў шпіталь. На другі дзень невядомыя нацквалі сабак на альбанскіх дзяцей, ратуючыся, тыя кінуліся у раку, і трое зь іх патанулі, а чацьверты пра ўсё расказаў бацькам і паліцыі. Пасьля гэтага ў сераду адбылася першая сутычка двух натоўпаў – сэрбаў і альбанцаў. У горадзе чуваць былі кулямётны агонь і выбухі гранатаў, былі падпаленыя шмат дамоў, цэркваў. Хваляваньні перанесьліся ў амаль усе гарады і мястэчкі Косава. І нават у Сэрбію, дзе дэманстранты падпалілі мячэць ў цэнтры Бялграду.”

(Навумчык: ) “Ці маглі міжнародныя сілы спыніць гэтую хвалю гвалту? Гіпатэтычна, маглі і павінны былі, паколькі ў Косава з 1999 году разьмешчаны 17-ці тысячны корпус міратворцаў НАТО, пад кіраўніцтвам ААН знаходзяцца яшчэ 10 тысячаў паліцыянтаў, тым ня менш яны аказаліся непадрыхтаванымі да гэткіх масавых сутыкненьняў на этнічнай глебе. Справа відаць у тым, што міратворцы з НАТО і адміністрацыя ААН толькі замарозілі этнічны канфлікт у Косава, але ня вырашылі. Альбанцы па-ранейшаму хочуць поўнай незалежнасьці Косава, а сэрбы – каб гэтая правінцыя заставалася ў складзе Сэрбіі. Цяперашні status quo у Косаве, прысутнасьць міжнародных сілаў, якія замацоўваюць гэты стан, не задавальняе ні сэрбаў, ні этнічных альбанцаў. Для новай хвалі гвалту не хапала толькі выпадку ці правакацыі.”

(Каліноўскі: ) “Важнае пытаньне, якія пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі ў Косава? Міжнародная супольнасьць перш за ўсё ідзе шляхам нарошчваньня вайсковай сілы ў Косава, напрыклад, Вялікая Брытанія ўжо вырашыла накіраваць у правінцыю свой дадатковы кантынгент – 750 вайскоўцаў. Аднак зразумела, што гэта ня дасьць гарантаванага вырашэньня праблемы. Многія аналітыкі кажуць, што апошнія падзеі ў Косава фактычна пахавалі надзеі на рэалізацыю рэзалюцыі рады бясьпекі ААН №1244 наконт шматнацыянальнай аўтаноміі ў Косава, вяртаньня ўцекачоў і абароны правоў нацменшасьцяў.

Цяперашнія падзеі ў Косава вяртаюць правінцыю да сытуацыі ўлетку 1999 году, зазначаюць аналітыкі ў Брусэлі, Бялградзе і самім Косаве. Зразумела, што пакуль там знаходзяцца міратворчыя сілы, такой разьні ня будзе, але як толькі яны сыдуць, яна непазьбежная. Гэта сур’ёзнае выпрабаваньне для эўрапейскай і міжнароднай супольнасьці. Прынамсі, прызначанае ААН на 2005 год вырашэньне праблемы статуса і ўладкаваньня Косава цяпер выглядае нерэальным.”

(Караткевіч: ) “Пытаньне да Сяргея Навумчыка. Сяргей, якія захады робяцца кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў ў справе ўзмацненьня бясьпекі? І дарэчы – ці праўда, што некаторыя краіны прыпыняюць дзеяньне Шэнгенскай дамовы?”

(Навумчык: ) “Шэнген – застаецца. Але на некаторых пераходах уведзены пашпартны кантроль. Іншымі словамі, у прымяненьні да грамадзянаў Беларусі – у вас павінен быць пашпарт з шэнгенскай візай. Паміж Францыяй і Нямеччынай у вас могуць запытацца на пашпарт, і ў ім павінна стаяць шэнгенская віза. Але і да тэракту ў Мадрыдзе, у гады, калі Шэнгенскае пагадненьне ўжо дзейнічала, на некаторых межах часова ўводзіўся такі кантроль, хаця звычайна мяжа паміж, напрыклад, Нямеччынай ды Францыяй, ці Францыяй ці Гішпаніяй – адкрытая.

Міністар унутраных справаў Гішпаніі Анхэль Асэбэс заявіў, што ў Гішпаніі ўведзеныя ўзмоцненыя меры аховы аэрапортаў, вакзалаў, спартовых будынкаў, наагул грамадзкіх установаў. І гэтыя захады ня носяць часовага характару. Узмоцненыя ахова грамадзкіх аб’ектаў у Брытаніі і ў Францыі. Як вядома, нядаўна ў Францыі стала вядома пра ліст, у якім аўтары пагражаюць тэрактамі за тое, што ў францускіх школах мусульманкам забаронена апранаць хусткі. Але ці зьвязаны гэты ліст з Аль-Каідай – пакуль незразумела.”

(Каліноўскі: ) “Сяргей, я хацеў бы дадаць, што ў апошнім нумары часопісу Newsweek вядомы аналітык Фарыд Захарыя зьвяртае ўвагу на агульныя рысы арганізацыі баскіх сэпаратыстаў ЭТА і Аль-Каіды. Абедзьве разглядаюць тэракты ў тым ліку і як спосаб нагадаць пра сябе сьвету. Напрыклад, пры дыктатары Франка баскі падвяргаліся жорсткаму ціску. Пасьля зыходу Франка баскі атрымалі кантроль над тэрыторыяй, яны маюць уласнае падаткаабкладаньне, ўласную паліцыю, гавораць на роднай мове, маюць сваё тэлебачаньне і радыё. І вось вынік: папулярнасьць ЭТА зьнізілася да 5% адсоткаў. Пасьля гэтага – а менавіта з 2000-ага году – ЭТА аднавіла тэракты.

(Навумчык: ) “Так, пры гэтым трэба прызнаць, што так бы мовіць фактар ЭТА застаецца даволі істотным, калі нават невызначальным, у гішпанскай ўнутранай палітыцы. Пішуць, што правалам на выбарах ўрад Аснара абавязаны вайне ў Іраку. Што гішпанскае грамадзтва не жадае іншых тэрактаў як помсты за ўдзел у вайне.
Сёньня я патэлефанаваў ў Гішпанію,– некаторыя назіральнікі адзначаюць, што, магчыма, і любы іншы гішпанскі ўрад абвінаваціў бы баскіх сэпаратыстаў ў тэракце і настойваў бы на такой вэрсіі. Калі Аснар адразу прызнаў, што вінаватыя Аль-Каіда, і што гэта можа быць помстай за ўдзел у вайне ў Іраку – ён бы меў бы шанец застацца ва ўладзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG