Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 18 САКАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“КПЗБ (Камуністычная партыя Заходняй Беларусі), праводзячы сваю варожую да беларускага народу дзейнасьць, выступае нібы ў “абароне” беларускіх працоўных масаў. Надовячы Віленскі Акружны суд судзіў сяброў і агентаў КПЗБ за іх дзейнасьць і засудзіў іх на розныя тэрміны вастрогу: Фейгу Цэгельніцкую на 7 гадоў, Басю Перелмутэр, Эстэру Капушчанскую, Голду Панямонскую і Сору Альтман — на 5 гадоў. Чайку Холхберг і Хаіма Тайца на 3 гады, а Сорку Гарфінкель і Янкеля Жырмана на 2 гады. Ці ёсьць тут хоць адна беларуска ці беларус? А гэта ж сябры КПЗБ!”

“Ніва”, 1984 год:

“Студэнцкая галерэя “Дзеканка” ў Варшаве гасьціла ў лютым бягучага года ў сваіх залях выстаўку студэнта 5-га курса Варшаўскай акадэміі мастацтваў Лёніка Тарасэвіча — дзеяча гуртка БГКТ у Варшаве. Лёнік вядомы ў беларускім асяродзьдзі сваёй сатырай і вельмі цікавай карыкатурай, перш за ўсё са старонак “Нівы”. Але на выстаўцы ён паказаў наскрозь сучасны, цікавы жывапіс. У Акадэміі Л.Тарасэвіч належыць да групы асабліва здольных, з вытанчаным адчуваньнем мастацкасьці, канцэпцыйных студэнтаў-мастакоў”.

“Свабода”, 1994 год:

“6 сакавіка ў сваёй кватэры быў забіты менскі тэлежурналіст 54-гадовы Аляксандар Чуланаў. Нябожчыка знайшлі толькі на трэці дзень пасьля сьмерці — з праламаным чэрапам і 12-цю зламанымі рэбрамі. Забойцы скралі з кватэры відэамагнітафон, набор сталовага начыньня, а таксама кайстру журналіста з паперамі і дакумантамі. Некаторыя зьвязваюць прычыны забойства з тэлеперадачаю пра рэкет у Польшчы, якую рабіў А.Чуланаў. Ён быў таксама вядомы гледачам беларускага тэлебачаньня сваімі праграмамі “Вецер вандраваньняў” і “Сьвятло нязгаснай сьвечкі”. Мы смуткуем разам з блізкімі і сябрамі Аляксандра Чуланава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG