Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ВІЗЫТУ ЛУКАШЭНКІ Ў СЛАВЕНІЮ


Юры Сьвірко, Менск

Славенскія сродкі масавай інфармацыі зазначалі, што з прычыны прыватнага характару ягонага візыту спадар Лукашэнка ня будзе сустракацца з афіцыйнымі асобамі Славеніі. Прадстаўнік МЗС гэтай краіны Рок Саркр пацьвердзіў, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Славеніі, але заявіў:

(Саркр: ) “Наконт візыту Лукашэнкі ад імя міністэрства я магу толькі пацьвердзіць, што гэта прыватны візыт. Што да астатняга – ня ведаю, мо лепш зьвязацца зь беларускім бокам”.

У сярэдзіне дня ў аўторак я патэлефанаваў Натальлі Пяткевіч, прэсавай сакратарцы Аляксандра Лукашэнкі, і спытаўся, што робіць ён у Славеніі.

(Пяткевіч: ) “Не, прэзыдэнт на месцы. Я ўсё сказала”.

Толькі пасьля таго, як а 18-й гадзіне менскага часу ў эфір Радыё Свабода выйшаў матэрыял з падрабязнасьцямі знаходжаньня спадара Лукашэнкі ў Славеніі, спадарыня Пяткевіч вырашыла паведаміць пра гэты візыт.

Паведамленьне прэзыдэнцкай прэсавай службы ня згадвае, што візыт быў прыватным, але заяўляе, што адбыўся шэраг рабочых сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі зь віднымі палітычнымі дзеячамі й прадстаўнікамі буйнога бізнэсу. Ніводнага прозьвішча не падаецца, але славенскія мас-мэдыя паведамілі, што Аляксандра Лукашэнку запрасіў Янэз Шкрабец – дырэктар люблянскай фірмы Riko, якая выпускае зборныя дамы й вядзе актыўную дзейнасьць на рынку былога СССР. Зьвязацца са спадаром Шкрабецам не атрымалася, бо ён у аўторак вылецеў зь Любляны ў Маскву, дзе будзе знаходзіцца да красавіка.

Гэты бізнэсовец здолеў напярэдадні арганізаваць сустрэчу спадара Лукашэнкі з былым славенскім прэзыдэнтам Міланам Кучанам. Як паведаміла мне дарадца апошняга Шпэла Фурлан, беларускі кіраўнік пажадаў абмеркаваць будучыню Эўразьвязу пасьля ягонага пашырэньня.

Нагадаю, што Славенія ёсьць адной з 10 краінаў, якія стануць сябрамі Эўрапейскага Зьвязу сёлета 1 траўня. Паводле спадарыні Фурлан, сустрэча двух палітыкаў адбылася раніцай 15 сакавіка ў прэстыжным замку.

(Фурлан: ) “У ваколіцах гораду Кран – месца называецца Брдо. Ведаеце, гэта як камэрцыйная, гэтак і ўрадавая ўстанова. Але ўрадавая тады, калі ўраду патрэбная гэтая ўстанова”.

Спадарыня Фурлан пацьвердзіла, што гэта ейны шэф, экс-прэзыдэнт Кучан, прыехаў у замак Брдо да спадара Лукашэнкі, а не Лукашэнка – да Кучана.

На сайце brdo.com можна даведацца, што гэты гатэльны комплекс службы дзяржаўнага пратаколу Славеніі адкрыты для кожнага, хаця бальшыня гасьцей – бізнэсоўцы. На пытаньне, хто плаціў за знаходжаньне спадара Лукашэнкі ў замку, кіраўнік гатэльнага комплексу Ўлада Сэкірнік адказаў гэтак:

(Сэкірнік: ) “Лукашэнка плаціў сам. Ці плаціла што наша дзяржава? Нічога. Спадар прэзыдэнт Лукашэнка плаціць сам наяўнымі”.

Спадар Сэкірнік пацьвердзіў, што Аляксандар Лукашэнка займаў прэзыдэнцкі люкс у замку Брдо, але на пытаньне пра кошт гэтага нумару адказаў, што расцэнкі ёсьць на сайце. Там яны пазначаныя ў славенскіх толарах.

Я патэлефанаваў дзяжурнай замку Брдо і пацікавіўся, колькі каштуе прэзыдэнцкі нумар у эўра.

(Дзяжурная: ) “У замку гэта каштуе 858 эўра за ноч”.

На маё пытаньне, колькі дзён правёў Аляксандар Лукашэнка ў гэтым нумары, кіраўнік комплексу Брдо Ўладо Сэкірнік даў такі адказ:

(Сэкірнік: ) “Я тут мэнэджэр. Я не КГБ”.

Але спадара Лукашэнку ў замку Брдо яшчэ на выходных бачылі крыніцы люблянскіх журналістаў, сказала мне прадстаўніца тэлекампаніі POP TV:

(Журналістка: ) “Мы не змаглі зьняць яго на камэру ў тым замку, дзе ён цяпер знаходзіцца, бо тады ён катаўся на лыжах у Крваўцы”.

Крвавец – гэта гарналыжны курорт Славеніі на вышыні паўтары-дзьве тысячы мэтраў над узроўнем мора, які працуе кожную зіму як мінімум да 15 красавіка.

Тэлекампанія POP TV зазначыла, што ў лістападзе 2002 году Чэхія ня выдала спадару Лукашэнку візы для паездкі на саміт НАТО ў Празе, таму міністэрства замежных справаў Славеніі зьвярнулася ў Брусэль па кансультацыі перад тым, як выдаць візу спадару Лукашэнку. Але ў штаб-кватээры Эўразьвязу ня мелі пярэчаньняў, бо забароны для Аляксандра Лукашэнкі на ўезд у краіны-сябры гэтай арганізацыі няма.

Варта нагадаць, што месяц таму спадару Лукашэнку далі аўстрыйскую візу, і МЗС Аўстрыі паведаміла, што ён паедзе катацца на лыжах у тырольскіх гарах.

Паводле славенскага агенцтва STA, чакалася, што Аляксандар Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Славеніі да сярэдзіны тыдня – на сераду заплянаваная ягоная сустрэча ў Менску са сьпікерам расейскай думы Барысам Грызловым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG