(Валер Карбалевіч: ) “Падаецца, што мадель беларуска-расейскіх дачыненьняў мяняецца незваротна. Масква цьвёрда ўзяла курс на прагматычныя, рынкавыя адносіны. Замест схемы “газ у абмен на пацалункі” прапануецца схема “газ у абмен на беларускую маёмасьць” альбо іншы варыянт: “газ па рынкавых цэнах”. Беларусь усяляк супраціўляецца такому пераходу. І ў выступе Лукашэнкі падчас газавага скандалу, і ў камэнтары прэм’ера Сідорскага пасьля сустрэчы з выканаўцам абавязкаў кіраўніка расейскага ўраду Хрыстэнкам выказалі цьвёрдую пазыцыю вярнуцца да дамовы аб пастаўках газу па ўнутраных расейскіх цэнах.
Аднак падаецца, кіраўніцтва Беларусі ўжо зьмірылася з тым, што давядзецца жыць у новых умовах эканамічных дачыненьняў з Расеяй, і пачало да гэтага рыхтавацца. Прычым, галоўны кірунак новай стратэгіі — гэта супраціў расейскаму эканамічнаму ціску і пошук сродкаў выжываньня беларускай эканомікі й створанай тут сацыяльнай сыстэмы ў гэтых новых умовах. Тут і жорсткія перамовы з “Газпромам” на тонкай мяжы эканамічнай вайны і ўзаемнага шантажу. І пошук альтэрнатыўных крыніцаў электраэнэргіі (праекты будаўніцтва новых электрастанцыяў, перамовы з Украінаю аб імпарце электраэнэргіі). І прапановы ўвесьці падатак на даданую вартасьць. Прагнозы адносна таго, што як толькі Расея націсьне на эканамічны рычаг, то Менск хутка падыме рукі, ня спраўджваюцца. Якое вашае меркаваньне?”
(Валер Дашкевіч: ) “У аснове ўсіх гэтых беларуска-расейскіх канфліктаў, у тым ліку зьвязаных і з адключэньнем газу, адна прычына: узаемадзейнічаюць краіны з рознымі эканамічнымі мадэлямі. Усё пачынаецца з гэтага. Беларуская мадэль, якая грунтуецца на цэнтралізаваным кіраваньні эканомікай і абмежаваньні рынкавых зносін як унутры краіны, так і паміж краінамі, так ці інакш уплывае на гэты канфлікт.
Што тычыцца пошуку ўрадам Беларусі іншых крыніцаў энэргазабесьпячэньня, то я лічу іх ня вельмі сур’ёзнымі. Міністэрства энэргетыкі кажа аб магчымасьці выкарыстоўваць адкіды драўніны, торф, гідрарэсурсы, ветравую энэргію. Казаць пра гідрарэсурсы Беларусі як сур’ёзную крыніцу энэргазабесьпячэньня няма сэнсу. Торф можна выкарыстоўваць у вельмі абмежаваных памерах у тых рэгіёнах краіны, дзе не праведзены газ ці недастаткова электрычнай энэргіі. Тое ж тычыцца драўніны. Сур’ёзнай альтэрнатывай можа быць толькі атамная энэргія. Але для будаўніцтва атамных электрастанцыяў патрэбныя вялікія грошы і шмат часу.
Сур’ёзнай альтэрнатывы газу сёньня няма. Прычым, расейскага газу. Эўропе газ пастаўляюць Нарвэгія і Альжыр. Але іх газ дарагі, і няма шляхоў транспартыроўкі ў Беларусь. Туркмэнскі газ таксама можна ня браць у разьлік, паколькі ягоная транспартыроўка зьвязаная з трубаправоднай сыстэмай“Газпрому”.
Беларусь у спрэчцы з Расеяй спрабуе выкарыстаць іншыя пытаньні, напрыклад, падатак на даданую вартасьць на транзыт газу, нафты, іншых грузаў. Калі гэты падатак увесьці, то можна атрымаць аналягічныя захады з боку Расеі. Можна патрабаваць з Расеі плату за вайсковыя базы. І хутчэй за ўсё, гэта было бы правільна. Адносіны павінны быць празрыстымі. Але ўсё гэта праблемы энэргазабесьпячэньня краіны не вырашае, таксама як і не вырашае праблемы эканамічных узаемадносінаў з Расеяй, энэргетычнай залежнасьці ад Расеі”.
(Карбалевіч: ) “Існуе яшчэ праект будаўніцтва цеплавой электрастанцыі паблізу Берасьця, якая працавала бы на польскім вуглі. Таксама ідуць перамовы аб імпарце электраэнэргіі з Украіны”.
(Тацяна Манёнак: ) “Сапраўды, існуюць памкненьні шукаць іншыя крыніцы энэргазабесьпячэньня. Кіраўніцтва дзяржавы ў гэтым годзе паставіла задачу павялічыць удвая энэргетычную незалежнасьць ад Расеі. Цяпер краіна спажывае дзесьці 10–15% энэргіі з уласных крыніцаў, а пастаўлена задача, каб праз 2–3 гады гэты паказчык дасягнуў узроўню 30%.
Што тычыцца будаўніцтва новай цеплавой электрастанцыі паблізу Берасьця. Падаецца, гэты праект даволі рэальны. Польшча зацікаўленая ў ім, таму што мае значныя лішкі вуглю. Па папярэдніх зьвестках, кошт праекту складае каля 150 мільёнаў даляраў. Для Беларусі гэта даволі вялікая сума. Існуе праект будаўніцтва яшчэ адной станцыі на Бярозаўскай ГРЭС. Гэта таксама вельмі дарагі праект. Беларусь прапанавала супрацоўніцтва расейскай кампаніі “Ітэра”.
Зь лютага гэтага году Беларусь не імпартуе расейскай і літоўскай электраэнэргіі, бо дорага. Канцэрн “Белэнэрга” вядзе перамовы з Латвіяй і Ўкраінаю аб імпарце элетраэнэргіі. Але атрымаць з Украіны таньнейшую электраэнэргію практычна немагчыма, таму што пасярэднікам зьяўляецца расейская кампанія РАО “ЕЭС”. Пакуль што ні аб чым не дамовіліся, хоць перамовы працягваюцца. З кожным днём становіцца больш зразумела, што хутка знайсьці альтэрнатыву расейскаму газу немагчыма. Таму што гэты газ у балянсе нашых паліўна-энэргэтычных рэсурсаў складае каля 80%. Былі гучныя заявы, што патрэбна перагледзець усе дамовы з Расеяй аб кошце транзыту, вайсковых базаў. Цяпер гэтыя заявы сьціхлі. Давядзецца ўсё ж дамаўляцца на расейскіх умовах”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з выказваньняў сваіх суразмоўцаў я зразумеў, што адна рэч — імкненьне супраціўляцца расейскаму ціску, іншая — рэалізаваць гэта на практыцы. І вялікіх рэзэрваў у Беларусі для такога супраціву няма”.
(Дашкевіч: ) “Увогуле так. Але хацеў бы зьвярнуць увагу на падмену паняцьцяў. Замест абмеркаваньня пошуку розных крыніцаў паставак газу кіраўніцтва Беларусі шукае розныя віды паліва. Нічога страшнага ў тым, што газ будзе складаць і 90%, і 95% у нашым паліўным балянсе. Праблема ў тым, каб ён пастаўляўся рознымі пастаўшчыкамі.
Праект будаўніцтва новай цеплавой электрастанцыі паблізу Берасьця даволі рызыкоўны. З уступленьнем Польшчы ў Эўразьвяз заробкі польскіх шахцёраў будуць значна павялічаныя. І гэты вугаль можа стаць вельмі дарагім. Да таго ж паліць вугаль экалягічна небясьпечна. Выкід вуглянакваснага газу ў атмасфэру можа прывесьці да парушэньня Беларусьсю Кіёцкага пратаколу.
Уся газатранспартная сыстэма знаходзіцца ў руках “Газпрому”. Таму так ці інакш давядзецца зь ім дамаўляцца. Трэба альбо купляць газ на рынкавых умовах, альбо дамаўляцца аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” і атрымліваць, у гэтым выпадку, газ па расейскіх цэнах. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што расейскія цэны будуць расьці з году ў год, пакуль ня выйдуць на ўзровень 60–65 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Гэта Расея паабяцала Эўразьвязу”.
(Манёнак: ) “Нядаўна намесьнік кіраўніка “Газпрому” Разанаў падчас прэс-канфэрэнцыі сказаў, што калі Беларусь не пагодзіцца з умовамі Расеі, то газ у Эўропу будзе пастаўляцца газапровадам Ямал-Эўропа, які зьяўляецца ўласнасьцю Расеі. Па гэтым газапровадзе транспартуецца больш за 20 мільярдаў кубамэтраў газу, а “Белтрансгазам” — больш 10 мільярдаў. Без расейскага газу газапровад “Белтрансгазу” — гэта проста жалязякі, якія нічога не каштуюць і нікому не патрэбныя.
З пачатку году кіраўніцтва Беларусі павялічыла кошт газу для прадпрыемстваў. З улікам падатку на даданую вартасьць гэтая цана стала 69 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Шмат прадпрыемстваў ужо адчулі гэта. Сытуацыя цяжкая. Калі кошт газу будзе падвышацца, шмат прадпрыемстваў страцяць рынкі. Некаторыя саступкі Беларусь ужо зрабіла. Беларускі бок згадзіўся выкупіць пакет акцыяў, які належыць працоўнаму калектыву “Белтрансгазу”, каб мець парытэтны ўдзел у статутным фондзе сумеснага прадпрыемства”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, час пакажа, ці здольная беларуская эканамічная мадэль выжыць у новых умовах дачыненьняў з Расеяй, ці ня страчаны час цягам дзевяцігадовай гульні ў інтэграцыю”.