УДЗЕЛЬНІКІ: Івонка Сурвіла (Атава), Алена Макоўская (Менск), Лявон Шыманец (Парыж), Зянон Пазьняк (Варшава), Міхась Лужынскі (Сыднэй)
9 сакавіка пад Парыжам, у мястэчку Вілепэн адбылося пахаваньне Міхася Навумовіча, старшыні Беларускага Згуртаваньня ў Францыі “Хаўрус” і сябра рады БНР.
Сёлета гэта ўжо другая страта для шэрагаў сяброў Рады БНР. 17 студзеня у ЗША адышоў у іншы сьвет скарбнік Рады – спадар Віталь Кажан. Сьветлай памяці двух адданых беларускіх патрыётаў прысьвячаецца чарговы выпуск перадачы “Беларускае замежжа”.
Зь лёгкай рукі Ларысы Геніюш мы называем “зубрамі” тых людзей, хто ўпарта ідзе па цярністым шляху змаганьня за беларускую ідэю і хто не збочвае з гэтага шляху да канца. Сярод старэйшай хвалі беларускай эміграцыі такіх постацяў было нямала. Да гэтага пачэснага шэрагу належаць і нядаўна адышоўшыя Віталь Кажан і Міхась Навумовіч. Абодва яны служылі беларускай справе да сваіх апошніх дзён.
У нашай перадачы бярэ ўдзел старшыня Рады БНР спадарыня Івонка Сурвіла.
(Сурвіла: ) “Беларускае грамадзтва страціла двух выдатных сяброў Рады БНР, вялікіх патрыётаў, працавітых, адданых беларускай справе людзей – Віталя Кажана і Міхася Навумовіча.
Віталя Кажана я заўсёды буду ўспамінаць з удзячнасьцю за тое, што ў 1997 годзе, калі мяне абралі старшынёю Рады БНР, на маю просьбу ён пагадзіўся працягваць працу скарбніка Рады, хаця было яму ўжо за 80 гадоў. Рабіў ён гэтую працу да самага канца свайго жыцьця. Працаваць зь ім было надзвычай прыемна, цяжка сабе ўявіць больш ветлівага, дабразычлівага і ляяльнага супрацоўніка.
Ён быў скарбнікам больш за 50 гадоў, гэта значыць, міністрам фінансаў. За некалькі дзён перад сьмерцю яшчэ працаваў над сёлетняй кампаніяй "Дар Сакавіка".
"Дар Сакавіка" – гэта кампанія збору сродкаў, каб весьці працу Рады БНР. Звычайна гэта займае некалькі месяцаў працы для скарбніка кожны год, бо ён мусіў выслаць сотні лістоў, квіткоў. Гэта, фактычна, фармаваньне бюджэту Рады. Дачка казала, што за тры дні перад сьмерцю ён ў ложку яшчэ пісаў адрасы на рассылку.
Ён выгадаваў цудоўных дзяцей, тры дачкі і сын вырашылі, што яны дакончаць гэтую ягоную працу”.
Працаваць на беларускую справу Віталь Кажан пачаў яшчэ з маладосьці. Наша даведка:
“Віталь Кажан нарадзіўся ў 1916 годзе на Дзісьненшчыне. Пад час другой усясьветнай вайны працаваў у Беларускай Самаахове і Беларускай Народнай Самапомачы. У 1944 годзе вымушаны быў выехаць у эміграцыю.
У Нямеччыне прымаў дзейсны ўдзел у справах беларускіх арганізацыяў, якія існавалі ў лягерох бежанцаў. Выконваў абавязкі адміністратара газэты “Бацькаўшчына”, сакратара Беларускага нацыянальнага камітэта на Амэрыканскую зону Нямеччыны. Тады ж у лягеры ў Розэнгайме, на пасяджэньні чацьвёртай сэсіі Рады БНР у кастрычніку 1949 году, Віталь Кажан быў абраны скарбнікам Рады.
З 1950 году жыў у ЗША, быў актыўным удзельнікам беларускага жыцьця ў Амэрыцы.”
(Сурмач: ) “Спадарыня Івонка, зь якога часу працаваў у складзе Рады БНР Міхась Навумовіч?”
(Сурвіла: ) “Мне здаецца, што ён ужо быў сябрам Рады БНР у 1948 годзе, калі мы пазнаёміліся. Мы прыехалі тады ў Парыж і першы раз сустрэліся. Ён быў сапраўдным сябрам, блізкім сябрам нашай сям'і”.
Жыцьцёвы шлях Міхася Навумовіча пачаўся на Наваградчыне. Наша даведка.
“Міхась Навумовіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Кошалява на Наваградчыне. Быў сябрам Саюза беларускай моладзі пад час вайны і з гэтае прычыны мусіў пакінуць Радзіму ў 1944 годзе. Ваяваў зь немцамі ў складзе Арміі Андэрса і ў Французскім супраціўленьні. Па вайне застаўся жыць у Францыі, у Парыжы. Быў заснавальнікам і рэдактарам беларускага часапісу “Моладзь”. Пасьля сьмерці ў 1970 годзе Міколы Абрамчыка пераняў ягоную пасаду старшыні Беларускага згуртаваньня ў Францыі “Хаўрус” і ўзначальваў яго да канца жыцьця.
Спадар Навумовіч прадстаўляў беларусаў Францыі на Першым зьездзе беларусаў сьвету ў 1993 годзе, гэта была ягоная першая паездка на Бацькаўшчыну”.
Паслухаем фрагмэнты ягоных выступленьняў на зьездзе.
(Навумовіч: ) "Я шчасьлівы, што прыехаў сюды. Я прыехаў на зямлю Беларусі праз 49 гадоў пасьля таго, як адсюль выехаў. Калі я ляцеў, калі я бачыў гэтыя палі беларускія, гэтыя вялікія лясы, сэрца маё моцна білася, бо я вяртаўся ў маю дарагую Беларусь".
З трыбуны зьезду спадар Навумовіч выказаўся ў падтрымку патрабаваньня дэлегатаў устанавіць памятную дошку на будынку ў Менску, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР.
(Навумовіч: ) "Зьвяртаюся да ўсяго зьезду. Зробім ціск на тое, каб мы, ад'яжджаючы зь Менску, бачылі гэтую дошку павешанаю на доме, дзе была абвешчаная незалежнасьць Беларусі.
Я пайду пад той дом і стану на калені, каб падзякаваць тым, хто павесіў гэтую дошку. Я хацеў бы, каб гэтая дошка там вісела і калі я памру, я буду шчасьлівы, што Беларусь вярнулася да самастойнага жыцьця. Жыве Беларусь!"
Далей спадар Навумовіч трымаў пастаянныя кантакты са Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаушчына”.
Гаворыць старшыня Рады Згуртаваньня спадарыня Алена Макоўская.
(Макоўская: ) “Ён быў актыўным сябрам Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", абіраўся сябрам Рады ад 1993 году. Ён быў фундатарам кнігі, якую зараз рыхтуе да друку "Бацькаўшчына" пра беларускую моладзь у Францыі паводле часапісу "Моладзь", які выдаваўся з 1948 па 1954 год. Ён быў адным з заснавальнікаў і рэдактарам гэтага часапісу.
Увесь наклад гэтага часапісу спадар Міхась перадаў Яўгену Калубовічу ў Менск. І потым мы ўжо зьвярнуліся да яго з прапановаю выдаць кнігу. Гэтая ідэя яму вельмі спадабалася, і апошні год мы вельмі часта зь ім кантактавалі па справах выданьня. Мы хацелі, каб у гэтай кнізе былі ягоныя ўспаміны, каб ён напісаў прадмову. Ён пасьпеў зрабіць, але, на жаль, апошнюю частку сваіх успамінаў ён так і не дапісаў”.
Кніга ўжо здадзеная ў друк, самае большае празь месяц яна пабачыць сьвет. Гэтая кніга мае назву “Выбраныя старонкі з часапіса "Моладзь"”. Укладальнікам зьяўляецца Міхась Скобла, і яна выйдзе ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор". Кніга даволі вялікая – 440 бачынаў, там будуць фотаздымкі, матэрыялы. Наклад – 500 асобнікаў.
Пасьля Міхася Навумовіча застанецца не толькі гэтая кніга, якую ён так і не пасьпеў патрымаць у руках, але і ягоныя мастацкія працы. Вось як ацэньвае ягоную творчасьць спадарыня Івонка Сурвіла, якая таксама вядомая, як мастачка.
(Сурвіла: ) “Быў ён выдатным мастаком. Як скульптар Міхась Навумовіч – аўтар надмагільнага помніка кампазытару Равенскаму ў Лювэне. Ён вучыўся на скульптара ў Вышэйшай школе мастацтваў у Парыжы. Ён рабіў скульптуры, здаецца Жанны Д'арк для французскага касьцёла у Лёндане, працаваў над скульптураю ільва, які стаіць на адным з мастоў Парыжу, маляваў розныя партрэты, Скарыну.
Апошнім часам ён акварэлі маляваў. Усюды, дзе ён езьдзіў, меў з сабою акварэлі, паперу і заўсёды маляваў. Ягоныя акварэлі вельмі цудоўныя. Я маю некалькі у сваёй хаце, адна з іх – "Наваградзкі замак". Зьбіраўся далей брацца за скульптуру.
Ён у жыцьці пабудаваў сам тры дамы, адзін – гэта дом каля Парыжу, дзе цяпер жыве ягоны сын, другі – на ўзбярэжжы мора, а трэйці – у гарах. У гарах ён зрабіў сабе майстэрню.
Як і ўсім беларускім мастакам на чужыне, яму было цяжка працягваць у гэтай галіне, магчыма, не было дастатковай падтрымкі з боку беларускага асяродку, і ён пайшоў вучыцца на фізіятэрапэўта, масажыста. Ён лячыў людзей. Таму ім так моцна апекаваліся, калі ён сам захварэў. У шпіталі ўсе яго ведалі, яго любілі”.
Спадар Навумовіч доўгі час выкладаў анатомію ў адной з прэстыжных вышэйшых школаў у Парыжы. Ягонаю мараю было завяршыць працу над падручнікам анатоміі, які хацеў выдаць на францускай і беларускай мовах. Сам ён быў спартоўцам і прыхільнікам здаровага ладу жыцьця. Міхась Лужынскі з Сыднэю ўспамінае пра тое, як пазнаёміўся са спадаром Навумовічам на сустрэчы беларусаў.
(Лужынскі: ) “Я зь ім упершыню пазнаёміўся на “Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі” ў Кліўлэндзе ў 1984 годзе. Ён меў добрыя веды па мэдыцыне і чытаў маленькія лекцыі нам тады ў Кліўлэндзе.
Калі былі валейбольныя спаборніцтвы пад час гэтай сустрэчы, ён і Барыс Рагуля, а ім ужо было па 60 гадоў, яны з моладзьдзю гулялі ў валейбол.
Чалавек быў вельмі цікавы і вельмі адданы беларускай справе.
Цяпер, едучы ў Парыж, я задумаў напісаць яму некалькі словаў, як там Міхась маецца. Учора, 5 сакавіка, я выслаў яму ліст, які ён ужо ніколі не прачытае.
Вялікая страта для нас усіх таму, што ён быў, фактычна, беларускім апірышчам ў Францыі”.
Спадар Лявон Шыманец з Парыжу цягам 53 гадоў быў найбліжэйшым сябрам Міхася Навумовіча і сьведкам апошняга пэрыяду ягонага жыцьця, калі больш за год спадару Міхасю давялося змагацца зь цяжкай хваробаю.
(Шыманец: ) “Ён трымаўся моцна, меў такі моцны характар, быў вялікім аптымістам. Гэта быў чалавек, які шмат чаго рабіў для Беларусі шмат чаго зрабіў дзеля сваёй сям'і. Быў вельмі адданы беларускі патрыёт, такія людзі рэдка цяпер сустракаюцца”.
Блізка сябраваў зь Міхасём Навумовічам спадар Зянон Пазьняк, яны шмат разоў сустракаліся ў Варшаве і ў Парыжы.
(Пазьняк: ) “Я спадара Міхася Навумовіча ўпершыню сустрэў у 1997 годзе на сэсіі Рады БНР. Чым мяне гэты чалавек уразіў? Гэта сваёй чыстай любоўю да Беларусі, ён жыў зь ёю ў сэрцы. І другое, што ён быў вельмі аптымістычным чалавекам, ніколі я ня чуў ад яго нейкіх словаў роспачы, няверы. Ён заўсёды казаў – трэба змагацца, мы зробім, мы вернемся, мы будзем! І нават, калі зь ім здарылася бяда, яму зрабілі апэрацыю, цяжкая хвароба, а ён усё жыў мараю, што ён вернецца ў Беларусь, што Беларусь будзе вольнаю.
Людзі, якія жывуць аптымізмам, сьветлай вераю, любоўю да Бацькаўшчыны, яны вакол сябе ствараюць добрую аўру, добрую атмасфэру і гэтым самым падтрымліваюць іншых. Такім быў Міхась Навумовіч як асоба, як чалавек.
Казаў, што вясною прыедзе да нас. Ён часта прыяжджаў, бываў у нас у Варшаве".
Міхась Навумовіч быў апошнім з той вядомай у беларускім руху тройкі сяброў, сярод якіх былі Аляксандр Лашук – вядомы беларускі дзеяч у Ангельшчыне і знакаміты Янка Філістовіч, які ў 1951 годзе з парашутам прызямліўся ў Беларусі, каб змагацца за незалежнасьць, але быў схоплены і расстраляны.
Старшыня Рады БНР спадарыня Івонка Сурвіла ўспамінае пра свае апошнія сустрэчы зь Міхасём Навумовічам.
(Сурвіла: ) “У мінулым годзе, калі я вярталася з Прагі, я наведала яго ў шпіталі пасьля апэрацыі. Ён тады распавядаў пра свае намеры – скончыць кнігу па анатоміі. Быў поўны надзеі і казаў, што будзе жыць яшчэ доўга. Таксама бачыла яго ў жніўні мінулага году, ён выглядаў добра.
Заўсёды моцна пераймаўся беларускімі справамі. Шмат гаварыў пра тое, як ўяўляў сабе вольную, дэмакратычную Беларусь, як трэба адбудоўваць Беларусь, што трэба рабіць. Быў поўны энтузіязму да самага канца”.
Мне таксама прыпамінаецца апошняя (паўгоду таму) тэлефонная размова са спадаром Міхасём. Ён сказаў мне тады : “Ведаеце, самае вялікае каханьне майго жыцьця – гэта Беларусь”.