15 лістапада 2002 году выкладчык філялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту Алесь Пашкевіч, які тры тыдні перад тым быў абраны старшынём Саюзу пісьменьнікаў, абараніў дысэртацыю на атрыманьне навуковай ступені доктара навук. Тэма ягонай дысэртацыі – “Канцэпцыя нацыянальнага быцьця ў прозе беларускага замежжа ХХ стагодзьдзя”.
Аднак Вышэйшая атэстацыйная камісія, якая займаецца пацьверджаньнем абароненых навуковых працаў, да гэтага часу ня выдала спадару Пашкевічу адпаведны дакумэнт. Хоць усе водгукі апанэнтаў, якім ВАК накіроўвала працу на гэтак званы чорны водгук, былі станоўчымі. Сёньня сытуацыя гэткая, гаворыць Алесь Пашкевіч:
(Пашкевіч: ) “ Кіраўнікамі Вышэйшае атэстацыйнае камісіі недвухсэнсоўна было мне сказана, што палажэньні, якія выносяцца на абарону, маюць палітычны характар, ідэалягічны, што мне незразумела, бо праца пісалася па канкрэтных літаратурных мастацкіх тэкстах. Ну і на сёньня чакаем яшчэ водгукі…Ужо там другі дзесятак водгукаў пайшоў… Аднак за справу ўзяліся паважаныя палітолягі, гісторыкі, наколькі мне вядома і як мне расказвалі кіраўнікі ВАКу”.
Доказам таго, што менавіта тэма і зьмест, а не навуковы ўзровень доктарскае дысэртацыі спадара Пашкевіча, сталі прычынаю яе незацьверджаньня, ёсьць ліст на імя прэзыдэнта Лукашэнкі ад групы вэтэранаў Вялікае айчыннае вайны. Дарэчы, гэтыя самыя асобы ў свой час пісалі абвінаваўчыя лісты супраць Васіля Быкава, пра што нам сказаў віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас, які таксама ня быў пакінуты па-за іхняю ўвагаю.
(Тарас: ) “Амаль усе гэтыя людзі былі ў ліку тых, хто напісаў у часопісе “Огонек” калектыўны такі самы ліст, – былыя вайскоўцы, партызанскія камандзіры. Амаль усе гэтыя прозьвішчы былі пад тым даносам, зь якога распачалося публічнае ганьбаваньне Васіля Быкава за аповесьць “Мёртвым не баліць”.
І вось як ацэньваюць вэтэраны навуковую працу Алеся Пашкевіча, якая, па іхным прызнаньні, “выпадкова патрапіла да іх у рукі”. Цытую ў перакладзе з расейскай мовы: “Дысэртацыю Пашкевіча А.А. мы разглядаем як імкненьне беларускіх апазыцыянэраў ад навукі зрабіць ціск на ўладу з мэтаю вынудзіць ВАК Беларусі прызнаць навуковаю, а значыць і правільнаю антыдзяржаўную, антыпатрыятычную, нацыянал-здрадніцкую ідэялёгію фашысцкіх халуёў – пісьменьнікаў і паэтаў замежжа. Просім Вас абараніць ідэалёгію сучаснай беларускай дзяржавы ад перавёртышаў, кар’ерыстаў і палітычных прахадзімцаў”, – зьвяртаюцца вэтэраны да прэзыдэнта Лукашэнкі.
Навуковы кансультант спадара Пашкевіча прафэсар Белдзяржунівэрсітэту Алег Лойка мае іншае меркаваньне пра ўзровень працы аднаго са сваіх самых таленавітых вучняў, пра што ён з гонарам сказаў Радыё Свабода:
(Лойка: ) “Пад націскам ніякім не скажу, што гэтая работа другарадная, што гэтая работа ідэйна заганная, як раней гаварылі. Не. Я ніколі ад гэтай работы не адракуся, ад гэтай пазыцыі не адракуся. І ад зарубежнай літаратуры не адракуся, што яна нашая, што пафас наш, што яна беларуская, дэмакратычная”.