Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАЦА НА КАНТРАКЦЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Анатоль Дарагакупец заўважае:

(Дарагакупец: ) “Адно, калі кантракт заключаюць з дырэктарам прадпрыемства, зь ягонымі намесьнікамі , галоўным інжынэрам. Але калі гэта даходзіць да самых нізоў — вы разумееце, чым гэта заканчваецца”.

Анатоль Дарагакупец займае пасаду намесьніка старшыні Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Нядаўна на пленуме гэтага галіновага прафсаюзу была прынятая адмысловая заява з пратэстам супраць пераводу працаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў на кантракты. “Паўсюдная кантрактызацыя ў Беларусі — замах на правы працоўных”, — гаворыцца ў гэтай заяве.

Спадар Дарагакупец патлумачыў, чым небясьпечная кантрактная форма найму. Адрозна ад найму згодна з Працоўным кодэксам, яна дае вельмі шырокія, а некаторыя лічаць, што і неабмежаваныя, магчымасьці для адміністрацыі звальняць працаўнікоў. Скончыўся тэрмін кантракту — і працаўніка можна выставіць, нават калі ён нічога не парушаў. Між тым, перавесьці на кантракт чалавека можна безь ягонай згоды, і тэрмін кантракту таксама вызначае адміністрацыя. “У выніку адміністрацыя атрымала вельмі зручны мэханізм барацьбы са свабодамі і правамі працоўных”, — лічаць у прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасьці.

(Дарагакупец: ) “Тых, у каго ёсьць асабістая пазыцыя, у тым ліку і прафсаюзных актывістаў, праз гэтую кантрактную форму найму выціскаюць з прадпрыемстваў”, — заўважае Анатоль Дарагакупец.

Ён прывёў некалькі красамоўных прыкладаў, якія пацьвярджаюць ягоныя словы. Гэтак, шырока выкарыстоўваецца прымусовы перавод працоўных на кантракты на Віцебскім тэлевізійным заводзе, на шэрагу прадпрыемстваў і навучальных установаў Менску. Мой суразмоўца сьцьвярджае, што першымі, хто пацярпеў ад гэтага, былі менавіта прафсаюзныя актывісты.

Магчыма, такое становішча склалася толькі на прадпрыемствах радыёэлектроннай прамысловасьці? Як сьведчаць звароты на Беларускую Свабоду, прымусовая кантрактызацыя адбываецца і ў іншых галінах. Наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі падрыхтаваў сюжэт па выніках сустрэчы з чалавекам, які працаваў на Менскім вагонарэмонтным заводзе.


* * *
(Квяткоўскі: ) “Колішні працоўны Менскага вагонарамонтнага заводу Іван Антанюк трэці год спрабуе аднавіцца на працы. Іван Антанюк вінаваціць дырэкцыю заводу ў незаконным пераводзе зь бестэрміновай дамовы на кантракт, а пасьля ў звальненьні. Гісторыя пачалася з папярэджаньня на пачатку студзеня 2001 году. Распавядае Іван Антанюк:

(Антанюк: ) “Папярэджаньне далі пасьля таго, як я выступіў з крытыкай дзеяньняў дырэкцыі заводу на працоўным сходзе. Я казаў, што працоўны графік зроблены не паводле працоўнага заканадаўства — 47-гадзінны працоўны тыдзень. А нельга больш за 40 працоўных гадзін. Літаральна праз пару дзён мне выдалі папярэджаньне”.

Празь месяц Антанюка перавялі на новую працу. З пасады сьлесара ў цэх, дзе мыюць вагоны.

(Антанюк: ) “Увечары я ў другую зьмену працаваў, а прынесьлі загад у сем гадзін вечара. І сказалі, каб дарабіў зьмену да дванаццатай ночы, а на заўтра а сёмай ранку быў на новай рабоце. Перапынак сем гадзін, каб да дому дайсьці, адпачыць і зьявіцца на працы. І на ранак начальнік аддзелу кадраў правяраў, ці я прыйшоў, ці не”.

Але Іван Антанюк працягваў настойваць на адказе кіраўніцтва на пытаньне: на якой падставе яго, Антанюка, перавялі на кантракт.

(Антанюк: ) “У папярэджаньні не было ўказана ніводнае канкрэтнае прычыны. Але кажуць, што дэкрэт прэзыдэнта дазваляе дырэктару пераводзіць на кантракт любога работніка. Без загаду й без падставаў”.

Гаворка вядзецца пра дэкрэт №29. У судах розных інстанцыяў пацьвердзілі правамоцнасьць дзеяньняў дырэктара Менскага вагонарамонтнага заводу спадара Таўкачова. Тым ня менш, Іван Антанюк спасылаецца на пастанову Пленуму Вярхоўнага Суду, дзе між іншым гаворыцца, што перавод на кантракт мусіць быць абгрунтаваны, а папярэдзіць працаўніка трэба ня менш як за месяц.

(Антанюк: ) “Дэкрэт гэты, ён не канстутыцыйны. Адзін я, яшчэ хтосьці падключыцца, і трэба гаварыць, таму што гэты дэкрэт многа шкоды прыносіць. Ён у падвешаным стане трымае чалавека, чалавека незадаволенага. Я быў не задаволены парушэньнямі заканадаўства, і вось у што вылілася — у звальненьне”.

За тры гады Іван Антанюк прайшоў усе судовыя інстанцыі, ад раённай да Вышэйшага суду. Паўсюль судзьдзі прызналі правату кіраўніцтва Менскага вагонарамонтнага заводу. Цяпер Іван Антанюк спадзяецца адно на міжнародныя структуры ды на салідарнасьць суайчыньнікаў”.


* * *
Шлях да кантрактаў быў адкрыты 29-м прэзыдэнцкім дэкрэтам яшчэ ў 1999 годзе. Гэтым дакумэнтам прадугледжваліся і захады кампэнсацыі за пагаршэньне прававога стану пасьля пераходу на кантракт. Прыкладам, выплачваўся паўмесячны заробак. Але ў далейшым гэтыя захады былі зьменшаныя. Гэтак, ажно на палову скараціліся кампэнсацыйныя выплаты ў выпадку датэрміновага скасаваньня кантракту наймальнікам. На падобныя дзеяньні адміністрацыяў дзяржаўных прадпрыемстваў ніяк не адрэагавала Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая прэтэндуе на асноўнага абаронцу правоў працоўных краіны. Як заўважыў Анатоль Дарагакупец, маўчыць гэтая арганізацыя і пасьля адмысловай заявы прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці супроць кантрактнай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG