Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР КРОЛ ДЫ ІНШЫЯ ЗАМЕЖНЫЯ ДЫПЛЯМАТЫ АДЗНАЧЫЛI ГАДАВІНУ НАРАДЖЭНЬНЯ КАСЬЦЮШКІ


Алег Супрунюк, Косава

Сёньня ў рабочых, што занятыя на аднаўленьнi сядзiбы Касьцюшкаў, выходны дзень. На гэтай будоўлi яны працуюць са сьнежня мiнулага году, калi берасьцейскiя ўлады выдаткавалi з абласнога бюджэту 50 мiльёнаў рублёў. Рабочыя кажуць, што iхняе начальства i чыноўнiкi мясцовай вэртыкалi амаль штодня кантралююць хаду будаўнiцтва.

Сядзiба павінна быць адноўленая cёлета ў лiпенi. Пра гэта сёньня было паведамлена на прэсавай канфэрэнцыi ў прысутнасьцi дыпляматаў з Францыi, Польшчы, Лiтвы i ЗША. Мiж тым менавiта амэрыканскае пасольства ў Менску ўжо ахвяравала на адбудову сядзiбы Касьцюшкаў больш за 28 тысячаў даляраў.

На пытаньне, чаму пасольства ЗША вырашыла выдаткаваць гэтыя грошы, амбасадар Джордж Крол адказаў:

(Крол: ) "У нашых iнтарэсах ня толькi адбудова сядзiбы Касьцюшкi. Гэта перадусім павага да чалавека, якi заўсёды змагаўся за дэмакратыю i свабоду. Гэта асаблiва важна ў мясьцiнах, дзе такi вялiкi чалавек нарадзiўся".

Спадар Крол ня выключыў, што намаганьнямi ўраду ЗША ў адноўленай сядзiбе будзе створаная адмысловая экспазыцыя, якая распавядзе пра амэрыканскi пэрыяд жыцьця Касьцюшкi.

Намесьнiк амбасадара Польшчы ў Беларусi Марэк Буцько нагадаў, што ў Польшчы сотнi вулiцаў названыя ў гонар Тадэвуша Касьцюшкi i iснуе шмат грамадзкiх арганiзацыяў, якiя працуюць дзеля захаваньня спадчыны гэтага змагара за свабоду. Спадар Буцько выказаў зьдзiўленьне, што ў Беларусi дагэтуль няма музэю Касьцюшкi, затое ў Кобрыне ўжо шмат гадоў iснуе музэй Суворава.

Акрамя замежных дыпляматаў i прадстаўнiкоў мясцовай вэртыкалi ва ўрачыстасьцях бралi ўдзел сябры апазыцыйных партыяў i грамадзкiх аб'яднаньняў Берасьцейшчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG