Вячаслаў Булкін скончыў чыгуначны тэхнікум. Яму 25 гадоў. Шэсць зь іх ён працаваў у тэлерадыёкампаніі “Гомель” рэдактарам аддзелу плянаваньня і выпуску. Свое начныя тэлефанаваньні на кватэру журналісткі Макавецкай спадар Булкін патлумачыў так:
(Булкін: ) “Я як грамадзянін Беларусі патэлефанаваў. У чатыры гадзіны ночы прыйшла такая думка. Я ведаю, што гэта апазіцыйная журналістка. Ёй не падабаецца жыцьцё ў нашай краіне. У нас ёсьць апазыцыйныя газэты, якім не падабаецца стыль жыцьця ў нашай дзяржаве. У галаву думка прыйшла, таму што зь Беларусі вымушаны быў зьехаць чалавек з прычыны публікацый журналісткі”.
Вячаслаў Булкін назваў нават прозьвішча. Гэта быў адзін з герояў даўняй публікацыі Макавецкай – настаўнік, пра якога газэта пісала, што ён быў заўважаны ў пэдафіліі.
Апошнія два гады спадар Булкін “Белорусскую деловую газету” не чытае. Лічыць, што яна наагул зачынена:
(Булкін: ) “Я так разумею, што гэтую газэту наагул зачынілі. Больш яе я не чытаў”.
Спадар Булкін адмаўляе цяпер і пагрозы ў дачыненьні журналісткі Макавецкай:
(Булкін: ) “Я не пагражаў. Паставіць сьвечку можа любы чалавек – хто заўгодна і каму заўгодна. Я проста зрабіў глупства. Я не ўспрымаю, што магу несьці якуюсьці пагрозу. Усе памруць калі-небудзь”.
Аматар начных тэлефанаванняў не выключаў, што ягоную асобу могуць устанавіць праваахоўчыя органы:
(Булкін: ) “Я выдатна разумеў, што, магчыма, і знойдуць мяне. У той момант мне проста захацелася пагутарыць. Чаму ўзьнікла такое жаданьне? Ну не люблю я апазыцыю”.
Вячаслаў Булкін адмаўляе, што дзейнічаў паводле загаду ці навучаньні нейкіх асобаў:
(Булкін: ) “Прыдумалі, што я пасланец КГБ. Ніякі я не пасланец, я там нікому не патрэбны. Я свабодны чалавек у свабоднай краіне. Я выказаў сваё асабістае меркаваньне”.
Учора Вячаслаў па прапанове дырэктара тэлерадыёкампаніі “Гомель” напісаў заяву пра звальненьне з працы паводле ўласнага жаданьня. Сёньня дырэктар Котаў выдаў адпаведны загад пра звальненьне рэдактара Булкіна.