Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАРПУНКТ НТВ У МЕНСКУ БУДЗЕ АДНОЎЛЕНЫ Ў ЛЮТЫМ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміла прэсавы сакратар генэральнага дырэктара тэлекампаніі НТВ Ірына Ган, пагадненьне аб супрацоўніцтве прадугледжвае, што 1 лютага ў Беларусі будзе адноўлены карпункт тэлекампаніі НТВ. Акрамя таго, дасягнутая дамоўленасьць аб арганізацыі вяшчаньня на тэрыторыі Беларусі.

Гаворыць Ірына Ган:

(Ган: ) “НТВ у Беларусі сумесна зь Міністэрствам інфармацыі пачынаюць працу над легалізацыяй вяшчаньня тэлеканалу ў рэспубліцы. Бо вы ведаеце, што на працягу чатырох гадоў вяшчаньне НТВ ў Беларусі было пірацкае”.

Прадстаўніца тэлекампаніі НТВ Ірына Ган зазначыла, што раней падобнага пагадненьня паміж тэлеканалам і ўрадам Беларусі не было. І яно адкрывае “вялікія пэрспэктывы для НТВ дзеля працы зь бізнэс-партнэрамі ў справе рэалізацыі рэклямнага прадукту”. Колькі НТВ будзе плаціць за вяшчаньне ў Беларусі, яшчэ трэба будзе ўзгадніць, — зазначылі ў тэлекампаніі. Але ў цэлым НТВ задаволены магчымасьцю аднавіць сваю працу ў Беларусі, заявіла прэсавы сакратар гендырэктара кампаніі Ірына Ган.

(Ган: ) “Ну, канечне, калі зьяўляецца магчымасьць цягам найбліжэйшага тыдня адкрыць карпункт, і мы ўзаконілі свае адносіны, чаму б не”.

Як зазначыла спадарыня Ірына Ган, кіраўнік карпункту НТВ ў Беларусі будзе вызначаны ў найбліжэйшыя дні. Апэратар Канстанцін Марозаў і прадусар Павал Антонаў, гукаапэратар Дзьмітры Давыдзенка прадоўжаць сваю працу ў Беларусі. Паводле беларускага заканадаўства, адкрыць карпункт тэлеканал зможа толькі пасьля рашэньня Саўміну, на падрыхтоўку якога звычайна адводзіца каля месяца.

Канфлікт паміж урадам Беларусі і НТВ узьнік пасьля таго як беларускія ўлады выказалі незадавальненьне тым, як НТВ асьвятляла пахаваньне Васіля Быкава, у сувязі з гэтым яны дэпартавалі менскага карэспандэнта НТВ Паўла Селіна, зачынілі карпункт НТВ і запатрабавалі ад тэлекампаніі прабачэньняў. Ці было прабачэньне, у НТВ не паведамляюць. У Мінінфармацыі Беларусі паведамілі, што НТВ бярэ на сябе абавязак “выконваць заканадаўства Беларусі, аб’ектыўна і ўсебакова асьвятляць падзеі грамадзкага, палітычнага і эканамічнага жыцьця краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG