Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАПОЙ “КРАМБАМБУЛЯ” АД СЁНЬНЯ Ў МЕНСКІХ КРАМАХ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Калядны падарунак менчукам зрабіла фірма “БелПі” – “Беларускае пітво”. У шырокае карыстаньне назву “Крамбамбуля” вярнуў аўтар аднайменнага музычнага праекту Лявон Вольскі. Сучасная “Крамбамбуля” паводле смаку адрозьнваецца ад старадаўняга напою. Галоўнай праблемай для ўладальнікаў “БелПі” Зьмітра й Сяргея Дайнэкаў сталася спалучэньне арыгінальнай рэцэптуры з сучасным дзяржаўным стандартам. Праца над стварэньнем “Крамбамбулі" цягнулася амаль два гады.

Спадары Дайнэкі распавядаюць, што экспэрты зь інстытуту харчу не паверылі ў магчымасьць стварэньня напою. Бо “Крамбамбуля” –– гэта спалучэньне алькаголю са спэцыямі. Такімі, як чырвоны перац, цынамон, гвазьдзік, мушкатны арэх, чорны перац, а таксама мёд. Калі нашыя продкі варылі напой, дык сучасны дзяржаўны стандарт патрабуе вырабляць і рэалізоўваць настойку.

Упершыню рэцэпт “Крамбамбулі” быў апублікаваны гісторыкам Эдвардам Зайкоўскім у кнізе “Старадаўняя беларуская кухня”. Пра рэцэпт шырокай публіцы распавяла журналістка Вольга Бабак. Разам зь Лявонам Вольскім яны зрабілі “Крамбамбулю” ў хаце, а сьледам нарадзілася ідэя музычнага праекту. Да сёньняшняга дня “Крамбамбулю” можна было пакаштаваць толькі ў некалькіх менскіх кавярнях, чые гаспадары зацікавіліся разрэклямаваным музыкамі напоем.

Цяпер “Крамбамбуля” існуе ў двух варыянтах – саракаградусным, і дваццаціпяціградусным “дамскім” – больш салодкім. Сяргей і Зьміцер Дайнэкі падкрэсьліваюць, што стварылі масавы, але не шараговы напой. Таму на сёньня кошт паўлітровай пляшкі “Крамбамбулі” блізкі да дзесяці тысяч рублёў.

Смак “Крамбамбулі” ад “БелПі” адрозьніваецца ад таго, што робяць паводле старадаўняй рэцэптуры. Але, напрыклад, Лявон Вольскі застаўся задаволены фабрычнай вэрсіяй. І для братоў Дайнэкаў, і для Лявона Вольскага, вельмі важна, што ў краіне зьявіўся якасны нацыянальны брэнд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG