Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСКАЕ МЗС КРЫТЫКУЕ ЎКРАІНУ?


Юры Сьвірко, Менск

“Калі Ўкраіна ня хоча ўдзельнічаць у стварэньні адзінай эканамічнай прасторы, дык няма сэнсу працягваць рух у гэтым напрамку,” – заявілі агенцтву Інтэрфакс у беларускім Міністэрстве замежных справаў.

Прозьвішча гэтай крыніцы не падаеццца, пазначаная толькі ўправа СНД і ЭўрАзЭС. Акрамя гэтай заявы, крыніца зрабіла яшчэ адну – аб тым, што калі Ўкраіна выкарыстоўвае ідэю стварэньня “саюзу чатырох” толькі для шантажу Расеі, дык Беларусь “цалкам можа працягваць супрацоўніцтва зь дзяржавамі “чацьверкі” у двухбаковым фармаце, які ўжо існуе, а таксама ў межах СНД і ЭўрАзЭС”.

Што стаіць за гэтымі заявамі ад імя Міністэрства замежных справаў? – пацікавіўся я ў прэсавага сакратара МЗС Андрэя Савіных.

(Савіных: ) “Ня ведаю, хто гэта заяўляў наагул. Нейкае ня вельмі зразумелае паведамленьне, шчыра кажучы. Мы разьлічваем на тое, што працэс стварэньня арганізацыі адзінай эканамічнай прасторы ня будзе запавольвацца. Заўтра, па-мойму, у Маскве зьбярэцца група высокага ўзроўню. І я думаю, што гэты працэс мусіць працягвацца, паколькі стварэньне зоны свабоднага гандлю, які не выклікае супярэчнасьцяў у пазыцыях усіх чатырох удзельнікаў ужо будзе істотным крокам у бок эканамічнай інтэграцыі”.

Паводле спадара Савіных, “МЗС Беларусі мяркуе, што працэс, распачаты прэзыдэнтамі ў Ялце, цяпер разьвіваецца дастаткова дынамічна”. Акрамя таго, двухбаковыя беларуска-ўкраінскія дачыненьні апошнім часам значна актывізаваліся, што таксама ідзе ў рэчышчы адзінай эканамічнай прасторы, зазначыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

А дырэктар украінскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Міхайла Пагрэбінскі ў інтэрвію беларускай Свабодзе, камэнтуючы ананімную заяву беларускага МЗС, пагадзіўся зь меркаваньнем Андрэя Савіных:

(Пагрэбінскі: ) “На астатнія этапы ўкраінскія палітыкі пайсьці не гатовыя, а вось у зоне свабоднага гандлю Кіеў зацікаўлены “кроўна”.”

У гэтым пытаньні ўсё залежыць ад Расеі, а Беларусь ёсьць другараднай, падкрэсьліў спадар Пагрэбінскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG