Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎСТАНЬНЕ ЗЬ МЁРТВЫХ, АЛЬБО БЕЛАРУСКІЯ ЗОМБІ. ПЕРАДАЧА ПЕРШАЯ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: літаратуразнаўца Пятро Васючэнка

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Жывеш ня вечна, чалавек! Самае трагічнае і загадкавае ў паміраньні — незваротнасьць. Блізкі табе чалавек раптоўна аддзяляецца ад цябе нямеранаю прорваю, пра якую нагадвае эвангеліст Лука ў прыпавесьці пра багатыра і беднага Лазара. Навука ж праводзіць непераадольнасьць гэтае мяжы: ніхто яшчэ адтуль не вяртаўся. Але навука — багаслоўе, гісторыя, міталёгія, літаратуразнаўства — цьвердзяць і пра адваротнае: нябожчыкі вяртаюцца да жывых: паўстаюць у абліччы вупыроў, зомбі, прывідаў, непрыкаяных духаў.

Грамада нябожчыкаў — незьлічоная, іх нашмат больш, чым жывых душаў. А раптам вось уся гэтая грамада напраўду валодае энэргіяй, якая можа паўплываць на наш лёс, нашыя сучаснасьць і будучыню? Чаму ўсё ж людзі паважна ставяцца да магчымасьці вяртаньня з таго сьвету?”

(Пятро Васючэнка: ) “Паважна ставіцца да нябожчыкаў, да вяртаньня з таго сьвету нас прымушае Біблія. У ёй прыводзяцца прыклады ўваскрасеньня мерцьвякоў. Так, Хрыстос уваскрашаў, і сам уваскрос зь мёртвых. Зьмяшчае Біблія і зьвесткі пра вяртаньне зданяў. Пра тое ж сьведчыць і беларуская міталёгія, і нават факты гісторыі”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем – пісьменьнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. Спадар Васючэнка, давайце пачнем зь міталёгіі. Як ведама, культ нябожчыкаў у беларусаў досыць разьвіты. Іх ушаноўваюць, прынамсі, чатыры разы на год: на Дзяды, на Куцьцю, на Радуніцу і на Сёмуху. З чым гэта зьвязана?”

(Васючэнка: ) “Нябожчыкаў у Беларусі паважалі, баяліся і чакалі ад іх дапамогі, таму адносіны-стасункі зь нябожчыкамі былі абмежаваныя вялікай колькасьцю табу. Гэтых табу ў кнізе Ўладзімера Васілевіча, прысьвечанай беларускім вераваньням можна знайсьці дзясяткі, але самыя яркія наступныя:

– нельга працаваць у полі, нельга жаць, нельга сеяць, калі ў хаце нябожчык;
– нельга пераходзіць вуліцу перад пахавальнай працэсіяй;
– нельга заглядаць у акно альбо цераз парог у хату, дзе ляжыць нябожчык, бо можна захварэць, крый божа, на сухоты;
– нельга пераскокваць цераз труну зь нябожчыкам;
– нельга, ідучы з могілак, азірацца назад;
– вярнуўшыся з могілак, трэба ўхапіцца за печ…”

(Ракіцкі: ) “Яшчэ можна дадаць, што я памятаю са свайго дзяцінства: нячыстай бабе нельга на могілкі ісьці; нельга глядзець на пахаваньне праз акно, людзі абавязкова выходзілі на вуліцу. Дык з чым зьвязаныя ўсе гэтыя перасьцярогі?”

(Васючэнка: ) “Аб гэтым казалася крышку вышэй: павага, баязьлівасьць і чаканьне дапамогі ад нябожчыкаў. Пакрыўджаныя нябожчыкі маглі ў гэтай дапамозе адмовіць, таму іх стараліся ўсяляк задобрыць, прыкладам, падчас Дзядоў. Нават каня, на якім везьлі нябожчыка на пахаваньні, імкнуліся задобрыць, кланяючыся і ведучы не на паваду, а абвязаўшы адмысловым ручніком альбо поясам”.

(Ракіцкі: ) “А чаму дзядоў людзі і чакалі, і баяліся?”

(Васючэнка: ) “Дзядоў чакалі й не баяліся ў прызначаныя да іх даты, калі яны прыходзілі як быццам на запрашэньне. Іх запрашалі: “Сьвятыя дзяды, ідзіце сюды”. Калі дзяды ўжо пачаставаліся, зь імі ветліва, але настойліва разьвітваліся, таму што апроч карысьці дзяды маглі прычыніць і шкоду”.

(Ракіцкі: ) “Гэта значыць, што баяліся нейкіх неспадзяваных нашэсьцяў… Але ж, прабачце, у якім выглядзе маглі вярнуцца нябожчыкі?”

(Васючэнка: ) “У паганскай міталёгіі нябожчыкі, як і жывыя людзі, жывуць нейкім сваім жыцьцём. Па сутнасьці, сьмерці як бы і няма. Калі я гартаю зборы запісаў, прысьвечаных паганскай міталёгіі, мне ўяўляюцца “жывыя могілкі”. Калі на могілкі прыводзяць новага нябожчыка, могілкі ажываюць: мерцьвякі пачынаюць “атукаць”. “Ату” азначае, што на могілках прышламу няма месца, і гэтае месца трэба спачатку выкупіць, кінуўшы манэту ў магілу. Як толькі жывыя людзі сыходзяць з могілак, нябожчыкі тут жа пачынаюць знаёміцца з новапрыбылым, і нават прысьвячаюць яго ў вартаўнікі. Варта на могілках, якая ахоўвае спакой нябожчыкаў, зьмяняецца. Калі знаходзілі сьлед сьвежавыкапанай зямлі на могілках, гэта азначала, што нябожчык выправіўся ў сваю непрадказальную вандроўку.

Дзядоў можна было пабачыць у прызначаныя да гэтага даты праз шчыліну над дзьвярыма, але пры ўмове, што ня будзеш міргаць. Дзяды, пабачыўшы гэта, маглі лінуць у дзірку міску з гарачым варывам, таму стравы на Дзяды заўсёды падаваліся халодныя”.

(Ракіцкі: ) “Вы цяпер сказалі, што нельга міргаць, што стравы падаваліся халодныя… Значыць, людзі выпрацоўвалі нейкія такія рытуалы, якімі яны як бы адмяжоўваліся ад дзядоў, ад памерлых?”

(Васючэнка: ) “Найбольш адмяжоўваліся ня толькі ад дзядоў, ня толькі ад душаў памерлых, колькі ад мерцьвкоў, якія маглі хадзіць, якія маглі высасаць кроў з жывых, а такіх існавала некалькі разнавіднасьцяў. Асабліва баяліся “жывых хадзячых шкілетаў” ці кастамахаў. Мужы асабліва баяліся сваіх памерлых жонак, якія вярталіся да іх, прэтэндуючы на далейшае сумеснае жыцьцё”.

(Ракіцкі: ) “І як ратаваліся мужчыны ад гэтага?”

(Васючэнка: ) “Адзін са спосабаў — зрабіць выгляд, што муж ужо рыхтуецца да новага вясельля: вядзе жонку ў хату і ўсё падрыхтавана да вясельнага балю. Баяліся таксама пакрыўджаных нябожчыкаў, апанаваных прагаю помсты, якіх называлі непрытомнікамі”.

(Ракіцкі: ) “Якія былі найбольш пашыраныя сродкі абярогу ад візытаў гэтых розных непрыкаяных душаў, зданяў, прывідаў, відмаў?”

(Васючэнка: ) “Самы радыкальны сродак, вядомы і ў Трансыльваніі, і ў нас — асінавы кол, загнаны ў магілу зь нябожчыкам альбо ў яго цела. Дапамагалі таксама стрэлы срэбранаю куляю альбо сьвянцонай сольлю. Часам пасыпалі дарогу ад могілак макам і гэтак далей. Нарэшце, досыць непрывабны спосаб перамагчы нябожчыка і ягоныя чары (у выпадку, калі нябожчык ператвараў жывога чалавека ў зьвера) — раскапаць магілу зь ім, адрэзаць ад яго кавалак мяса і гэтым самым “біфштэксам” накарміць зачараванага чалавека, які ізноў набываў сваё людзкае аблічча”.

(Ракіцкі: ) “Падаецца, што нашыя продкі былі ў занадта шчыльных, ледзь не панібрацкіх стасунках зь нябожчыкамі, перакладаючы на іх, нябожчакаў, свае некаторыя абавязкі. Але чым гэта можна патлумачыць? Што гэта — дзікунства нацыі?”

(Васючэнка: ) “Мне падаецца, што гэта хутчэй абачлівасьць, цьвярозы роздум і разьлік — тая самая прагматыка, пра якую мы гаворым, ацэньваючы мэнтальнасьць беларуса. Беларусы ведалі, што ў параўнаньні зь іншымі народамі іх няшмат, і спадзяваліся, што нябожчыкі, якіх шмат, заступяцца за іх. Адвечны беларускі прагматызм падштурхоўваў беларусаў шукаць дапамогі ва ўсім існым, нават у нябожчыкаў”.

(Ракіцкі: ) “Як я разумею, гэтая звычка ідзе ад архаічных часоў… А ці мела яна нейкі гістарычны працяг?”

(Васючэнка: ) “Як вядома, зьява нябожчыкаў, зданяў апісаная і ў нашых летапісах. Узгадваецца хрэстаматыйны выпадак — вяртаньне Барбары Радзівіл у нясьвіскі палац; альбо славуты прывід у Гальшанах, якога спадар Ракіцкі, пэўна, сам бачыў альбо меў магчымасьць адчуваць яго прысутнасьць падчас падарожжа ў Гальшаны.

Але сёньня я нагадаю пра менш вядомы, але ня менш знакавы факт зь беларускай гісторыі — гэта славутае нашэсьце мерцьвякоў на Полацак, якое адбылося ў 1092 годзе, і якое зафіксаванае ў “Аповесьці мінулых гадоў” і ў іншых гістарычных аповесьцях. Што ж адбылося ў Полацку ў 1092 годзе?”

(Ракіцкі: ) “Пра тое, чым патлумачыць, як зразумець гэтую ўражлівую гісторыю нашэсьця мерцьвякоў на Полацак у 1092 годзе мы пагаворым у наступны чацьвер у традыцыйнай перадачы “Беларуская Атлянтыда”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG