Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ОФІС ПРЭЗЫДЭНТА ЛІТВЫ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У СУВЯЗЯХ З РАСЕЙСКАЙ МАФІЯЙ


Тацяна Поклад, Вільня

Напрыканцы мінулага тыдню у Сойм Літвы была перададзеная інфармацыя пра сувязі супрацоўнікоў Прэзыдэнтуры са злачыннымі расейскімі групоўкамі, – з расейскай асацыяцыяй “21 век” і літоўскімі прадпрымальнікамі, якія падазраюцца у нелегальным гандлі зброяй.

Цягам выходных доказы – запісы тэлефонных размоваў і сьведчаньні Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі – былі распаўсюджаныя сродкамі масавай інфармацыі. Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі паведаміў, што ёсьць падставы сьцьвярджаць, што Літва выкарыстоўвалася як трэцяя краіна у нелегальным гандлі зброяй і забароненых у міжнародным гандлі рэчываў.

Сёньня адбылося надзвычайнае паседжаньне Сойму – парляманту Літвы, на якім абмяркоўвалася сытуацыя пагрозы нацыянальнай бясьпецы. Паседжаньне Сойму наўпрост трансьлявалі сродкі масавай інфармацыі, хаця спачатку яно мелася быць закрытым.

На паседжаньні Сойму прагучалі яшчэ раз запісы тэлефонных размоваў, у якіх абмяркоўвалася невыкананьне прэзыдэнтам Р. Паксасам ягоных перадвыбарчых абяцаньняў тым, хто фінансаваў яго перадвыбарчую кампанію, а таксама пляны магчымага забойства кіраўніка Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі М. Лаўрынкаса. У запісах, апрача іншых, гучаць галасы дарадцы прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Р. Ачаса, расейскага прадпрымальніка Анзора Аксенцьева-Кікілішвілі, зьвязанага з расейскай мафіяй, а таксама прадпрымальніка Юр’я Барысава, кіраўніка кампаніі "Avia Baltika". Ю. Барысаў быў прэтэндаваў на пасаду у Прэзыдэнтуры, якую не атрымаў.

На сёньняшнім надзвычайным паседжаньні Сойму выступіў кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Мячас Лаўрынкас, які падаў сабраную інфармацыю. Ён паведаміў і пра падпісанае прэзыдэнтам Р. Паксасам пагадненьне са спонсарам ягонай перадвыбарчай кампаніі Ю. Барысавым, у якім пазначана, як прэзыдэнт мае адпрацаваць ўкладзеныя ў яго грошы. Ю.Барысаў ўжо пацьвердзіў, што такое пагадненьне існуе. Кампанія "Avia Baltika", якой ён кіруе, вылучыла 1,2 млн. літаў (прыкладна 400 тыс. даляраў) на перадвыбарчую кампанію цяперашняга прэзыдэнта Літвы Р. Паксаса. М. Лаўрынкас паведаміў Сойму, што у пракуратуру перададзены матэрыял адносна дзейнасьці кампаніі "Avia Baltika", якая займаецца «вайсковым гандлем». Паводле кіраўніка Дзяржбясьпекі, давядзецца высьвятляць і магчымыя сувязі грошаў, вылучаных на падтрымку прэзыдэнкай выбарчай кампаніі, з замежнымі спэцслужбамі.

М. Лаўрынкас сказаў, што сам прэзыдэнт не знаходзіўся пад уплывам злачынных структараў, але яны дамагаліся уплываць на прэзыдэнта. Ён сказаў, што прэзыдэнт мае адказаць на пытаньне, чаму такі шантаж быў наагул магчымы.

На сёньняшнім надзвычайным паседжаньні Сойму прызначаная парляманцкая камісія, якая будзе праводзіць адкрытае дасьледаваньне – наколькі прэзыдэнт і ягонае атачэньне знаходзіліся пад уплывам злачыннага сьвету і фінансавых спонсараў ягонай перадвыбарчай кампаніі. Камісія павінна дасьледаваць, ці не парушыў прэзыдэнт Р. Паксас Канстытуцыю, і паводле вынікаў дасьледаваньня падаць прапановы у Сойм. Першыя вынікі працы камісіі чакаюцца 1 сьнежня. На гэтым тыдні Сойм яшчэ павінен правесьці галасаваньне, каб усе паседжаньні камісіі былі адкрытымі.

Прэзыдэнт Літвы Р.Паксас у сёньняшнім паседжаньні парляманту удзелу ня браў. Прадстаўнікі парляманцкай апазыцыі выказваюць сумнеў адносна таго, ці можа надалей прэзыдэнт выконваць свае абавязкі. Прэм’ер-міністар Літвы А. Бразаўскас заявіў, што усе асобы з Прэзыдэнтуры, чые імёны згадваюцца у сувязі са скандалам, павінны пакінуць свае пасады. Усе яны часова звольненыя ад сваіх абавязкаў яшчэ напрыканцы мінулага тыдню, на другі дзень пасьля перадачы інфармацыі з Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі у Сойм.

Сёньня увечары прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас выступіў са зваротам да нацыі. Заплянаваны на заўтра двухдзённы візіт прэзыдэнта у Бэльгію і Нямеччыну не адменены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG