Судзьдзя Марыё Мантанара загадаў кіраўніцтву школы ў горадзе Афэна зьняць крыж са сьцяны ў клясе, дзе вучацца дзеці мусульманскага актывіста Адэля Сьміта. Дарэчы, менавіта Адэль Сьміт стаў вядомым два гады таму, калі ён назваў крыж мініятурным трупам.
У сваёй скарзе ён напісаў: “Крыжы ў італьянскіх школах недвухсэнсоўна даказваюць жаданьне дзяржавы зрабіць з каталіцтва цэнтар сусьвету ў грамадзкіх школах, без усялякае, нават мінімальнае ўзгадкі пра ролю іншых рэлігіяў у разьвіцьці чалавецтва”.
Італія, згодна з Канстытуцыяй, зьяўляецца сьвецкай дзяржавай, але старыя законы дазваляюць зьмяшчаць крыж на сьцены школьных памяшканьняў.
Тым ня меньш, Італія – гэта краіна са старымі каталіцкімі традыцыямі, Ватыкан знаходзіцца менавіта ў Рыме. Як адрэагавалі сьвятары і грамадзкасьць на гэтае рашэньне судзьдзі?
Пакуль рашэньне было прынятае ў дачыненьні толькі да адной школы. Аднак, безумоўна, як прэцэдэнт яно выклікала сапраўдны шквал водгукаў з розных бакоў. Як Ватыкан, так і некаторыя грамадзкія дзеячы лічаць гэтае рашэньне ўдарам па італьянскіх каштоўнасьцях.
Кардынал Эрсыліё Таніні заявіў, што большасьць жыхароў Італіі абражаная рашэньнем Марыё Мантанара. Міністар працы ва ўрадзе Сыльвіё Бэрлюсконі Рабэрта Мароні назваў рашэньне абуральным. Міністар юстыцыі Італіі загадаў правесьці сьледзтва ды высьветліць, ці адпавядалі дзеяньні судзьдзі Мантанара ўсім законам.
Апошнім часам аналягічныя праблемы зьявіліся ня толькі ў Італіі. У Францыі месяц таму дзьвюм мусульманскім дзяўчынкам было забаронена хадзіць у школу ў адмысловых мусульманскіх хустках на галаве. У Нямеччыне таксама Вышэйшы суд мусіў прыняць рашэньне што да дазволу насіць такія хусткі ў дзяржаўных установах.
Аналітыкі заўважаюць, што панэўрапесйкі канфлікт у пытаньні рэгілігійнае спадчыны і традыцыяў набірае моц. І ў грамадзкім, і ў палітычным жыцьці Эўропы гэты канфлікт апошнім часам абвастрыўся ў зьвязку з абмеркаваньнем праекту эўрапейскай Канстытуцыі. Як Ватыкан, так і некаторыя ўрады выступаюць за тое, каб у асноўным законе Эўразьвязу было адзначана, што хрысьціянскія каштоўнасьці зьяўляюцца асновай эўрапейскае цывілізацыі.
Супраць гэтага выступіў шэраг грамадзкіх дзеячоў, і гэтая прапанова ў праект Канстытуцыі не ўвайшла.Дарэчы, некаторыя дзеячы Італіі падтрымалі рашэньне судзьдзі Мантанара. Так, напрыклад, Арманда Каталяна, кіраўнік сэкцыі настаўнікоў найбуйнейшага прафэсійнага зьвязу Італіі назваў рашэньне судзьдзі мужным крокам ды заклікаў змагацца са зьменамі да фундамэнталізму ў школах.