Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 20 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год:

“У кнізе У.Ігнатоўскага “Гісторыя Беларусі” мы сустракаем адкрытую фальсыфікацыю, ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэнцтва (…) Аўтарская прамова да выданьня 1926 году гаворыць, што кніжка зьяўляецца неабходнай падмогай для студэнцтва і настаўнікаў, якім таксама неабходна мець матэрыял у іх штодзённай рабоце па беларускаму руху. У гэтай жа прадмове аўтар прыносіць гарачую падзяку Лёсіку, які ўзяў на сябе цяжар падабраць падыходзячыя малюнкі да тэкста кніжкі. Упамянёны Лёсік — мацёры нацыяналіст, аўтар вернападданіцкага зварота ад імя беларускага народа да імпэратара Вільгельма, як “збаўцы ад савецкай акупацыі”.

“Чырвоная змена”, 1963 год. Інфармацыя БЕЛТА “Нафтавая магістраль пяці краін”:

“Вялікая ўрачыстасьць сёньня ў будаўнікоў нафтаправода “Дружба”. Галоўнае прызначэньне гэтага ўнікальнага збудаваньня — правесьці шлях заволскай нафце ў брацкія сацыялістычныя краіны. Траса працягнецца амаль на пяць тысяч кілямэтраў. Па сваёй даўжыні яна пераўзыдзе амэрыканскі “Вялікі дзюйм” і Трансаравійскі нафтаправоды разам узятыя. Ля горада Мазыра яна раздвойваецца. Адна галіна пайшла ў напрамку да Чэхаславакіі і Венгрыі, другая пракладзена да савецка-польскай граніцы. Закончылі пракладку трасы па ўсёй адлегласьці і польскія будаўнікі. Праз Польшчу нафта пойдзе далей — у ГДР”.

“Звязда”, 1993 год. Сакрат Яновіч адказвае на ранейшую публікацыю Івана Антановіча з нагоды І зьезду беларусаў сьвету:

“Хачу адразу зазначыць, што ён мяне расчараваў сваім нізкім, а нават палітруцкім узроўнем. Я схільны прызнаць яму шмат у чым рацыю, але, выбачайце, ня ў стылі “Блокнота агитатора”… Я не павінен зьвяртаць Вашу ўвагу на тое, што нацыянальна сьвядомыя беларусы ў Рэспубліцы Беларусь даўно зрабіліся нешматлікай меншасьцю, фактычна той жа дыяспарай. Чыя ў гэтым “заслуга”, што беларуская мова сталася чужаніцаю ў роднай ёй радзіме? Хто спрычыніўся да таго, што цяпер у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць антыдзяржаўныя арганізацыі, чаго нельга растлумачыць ніякім дэмакратызмам?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG