Як патлумачыў нашаму радыё старшыня ТБМ Алег Трусаў, у апошнія 10–15 гадоў роля касьцёлу ў беларусізацыі грамадзтва вельмі значная. Сотні сьвятароў па ўсёй краіне адпраўляюць цяпер імшу па-беларуску. “Тысячы людзей штодня прамаўляюць малітвы роднаю мовай, слухаюць беларускія казані сьвятароў, сьпяваюць нацыянальны рэлігійны гімн “Магутны Божа”, чытаюць беларускія каталіцкія газэты і часопісы”, — распавёў Алег Трусаў.
Высока ацэньваючы ролю касьцёлу ў справе пашырэньня беларускае мовы, ТБМ актыўна супрацоўнічае зь ім, ладзячы супольныя нацыянальныя сьвяты, навукова-асьветніцкія ды грамадзкія імпрэзы.