“Полесская правда”, 1923 год:
“Усяго нарадзілася ў горадзе — 218 чалавек, зь іх: хлопчыкаў — 127, дзяўчынак — 91. Памерла — 98 чалавек, зь іх: мужчын — 59, жанчын — 39. Колькасьць шлюбаў — 100, колькасьць скасаваных шлюбаў — 6. Рух насельніцтва ў губэрні за жнівень. Усяго нарадзілася 7168 чалавек, мужчынскага полу — 3750, жаночага — 3418. Памерла — 2031 чалавек: мужчын — 1063, жанчын — 968. Колькасьць шлюбаў — 1142, колькасьць скасаваных шлюбаў — 87”.
“Сталинская молодежь”, 1953 год:
“З году ў год усё больш павялічваецца попыт на аўтамашыны, матацыклы і ровары. Іх набываюць рабочыя, службоўцы, інжынэры, дактары, навуковыя работнікі і працоўныя нашай рэспублікі. Толькі за дзевяць месяцаў сёлета менскі спэцыялізаваны магазін Галоўмашзбыту прадаў сотні аўтамашын марак “Победа” і “Москвич”, матацыклаў і ровараў — амаль удвая больш, чым летась за ўвесь час. Для задавальненьня попыту пакупнікоў у чацьвертым квартале гэтага году магазін атрымае 55 аўтамашын маркі “Победа”, 230 — “Москвич”, каля 600 ровараў вытворчасьці Маскоўскага, Горкаўскага, Харкаўскага і Менскага заводаў і 230 матацыклаў “Москва” і “М-72”.
“Могилевские ведомости”, 1993 год. Архіўныя матэрыялы пад загалоўкам “Магілёўшчына ў гады акупацыі”, 2 студзеня 1942 году начальнік агульнаадміністрацыйнага сэктару Кваст пісаў шэфу аддзелу службы парадку Магілёва:
“Выклікаць дворніка гарводаправоду гр. Маёраву Кацярыну, якая пражывае па вуліцы Палявой, у аддзел службы парадку. Пасьля яўкі да згаданай асобы прызначыць палісмэна і накіраваць у сталоўку №6. Пасадзіць на крэсла, пастаўленае каля акна, што выходзіць на вуліцу, прывязаць да крэсла, каб яна не магла паварушыцца, і ў такім стане пратрымаць на працягу ўсяго дня для шырокага агляду публікі, якая будзе праходзіць паўз акно будынка. Згаданая асоба нясе пакараньне за недасыпку ходніка пяском”.