Аднак пагадненьне, на думку габрэйскага лідара, выконваецца ня ў поўнай меры. Сёньня сытуацыя вакол спартыўнай будоўлі вонкава прыцішаная.
Нагадаю, што на старых габрэйскіх могілках гарадзенскія ўлады 40 гадоў таму пабудавалі стадыён. Сёлета пачалася ягоная рэканструкцыя. Скандал узьнік пасьля таго, як разам з глебай з тэрыторыі вывезьлі і выкінулі людзкія чарапы і косткі. Скандал набыў міжнародны розгалас.
18 жніўня старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка падпісаў у Менску пагадненьне з кіраўніком юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юр’ем Дорнам. У пагадненьні гаворыцца, што земляныя работы спыняць, новага будаўніцтва ня будзе, а зьняты грунт вернуць на месца—туды, дзе былі калісьці зьнішчаныя магілы.
Сёньня Юры Дорн паведаміў, што прадстаўнікі іхнай арганізацыі сачылі, наколькі магчыма, за выкананьнем пагадненьня. Але сталі атрымліваць ад сваіх гарадзенскіх прадстаўнікоў супярэчлівыя зьвесткі, і таму наведалі Горадню самі. Была нядзелю, з уладамі яны не сустракаліся. Юры Дорн сказаў, што ў яго засталася незапакоенасьць за лёс гэтага пагадненьня, бо ўзьніклі прэтэнзіі, што датычыць дакладнасьці яго выкананьня. Канкрэтызаваць ён ня стаў.
(Дорн: ) “Мы пачалі схіляцца цяпер да іншай думкі—аб тым, што мы, напэўна, зробім у найбліжэйшым часе крокі дзеля таго, каб дамовіцца з уладамі пра матэрыяльную кампэнсацыю. Каб яны гэтае месца больш не чапалі, можна заплаціць за тое, што яны ўжо зрабілі там. Вярнуць ім гэтыя грошы назад, каб толькі яны пакінулі ў спакоі гэтыя парэшткі”.
Юры Дорн гаворыць, што іншага выйсьця, напэўна, няма. Бо інакш канфлікт захаваецца.
(Дорн: ) “Мы цяпер вядзем перамовы за мяжой, каб знайсьці грошы. Прыблізная сума нам вядомая, і гэтая сума немалая. І тым ня менш, ёсьць людзі, якія гатовыя адгукнуцца на гэтую просьбу”.
Між іншым, у Беларусі захаваліся 78 габрэйскіх могілак, зь іх прыблізна 20—на Гарадзеншчыне. Усе яны занядбаныя. Нядаўна студэнты-валанцёры са Злучаных Штатаў дабраўпарадкавалі такія могілкі ў Індуры Гарадзенскага раёну.
Юры Дорн гаворыць, што ёсьць замежнікі, якія могуць дапамагчы грашыма ў гэтай справе. І калі мясцовыя ўлады парупяцца, знойдзецца нямала нашчадкаў, якія захочуць потым прыехаць у Беларусь, каб наведаць магілы продкаў.