Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА ТРЫ МЕСЯЦЫ БАРАНАВІЦКАЕ АДДЗЯЛЕНЬНЕ ТБМ ЗМАГАЕЦЦА ЗА ГАЗЭТУ “БАРАНАВІЦКАЕ СЛОВА”


Алесь Горбач, Баранавічы

Праца ў справе аднаўленьня газэты “Баранавіцкае слова”, што выходзіла на пачатку 1990-х гадоў, пачалася яшчэ ўвесну. Гарадзкая рада ТБМ знайшла на гэта невялікія сродкі й памяшканьне ў прыватным доме пад разьмяшчэньне рэдакцыі. Аднак пры ўзгадненьні юрыдычнага адрасу з гарвыканкамам пачаліся праблемы. Шэраг прэтэнзіяў да будынку высунулі пажарнікі ды санэпідэмстанцыя. У прыватнасьці, прадпісвалася замяніць праводку, зрабіць дэмантаж пячнога ацяпленьня. Патрабаваньні, дарэчы, шторазу то мяняліся, рабіліся ўсё больш невыканальнымі.

Знайшоўшы пакой у паўпадвальным памяшканьні, належны да гарадзкой камунальнай уласнасьці, Таварыства беларускай мовы заключыла дамову на арэнду з жыльлёвай рамонтна-эксплюатацыйнай управай. Але пасьля ўзгадненьня з гарвыканкамам начальнік управы Леанід Астапчык дамову скасаваў. Станоўча вырашалася пытаньне з памяшканьнем у інтэрнаце баваўнянага аб’яднаньня. Аднак, зноў жа, пасьля ўзгадненьня з выканкамам, у арэндзе Таварыству беларускай мовы было адмоўлена. Паўторныя звароты да спадара Астапчыка выніку не далі, хоць у гарадзкой камунальнай уласнасьці на сёньня звыш гектару вольных плошчаў.

Адзін з ініцыятараў аднаўленьня выхаду газэты “Баранавіцкае слова” Аркадзь Блінкоўскі лічыць, што ўладамі наўмысна ставяцца розныя перашкоды:

(Блінкоўскі: ) “Па-першае, яны змагаюцца з дэмакратыяй, па-другое, зь беларускай мовай. Ды так зацята змагаюцца! Яны з паўслова адзін аднаго разумеюць і ўсё робяць, каб разбурыць беларускую мову і культуру”.

Паводле вынікаў апошняга перапісу насельніцтва, 86% жыхароў Баранавічаў назвалі беларускую мову сваёй роднай мовай. З гэтай колькасьці 33% паведамілі, што размаўляюць дома па-беларуску. Гэтыя лічбы Баранавіцкае аддзяленьне ТБМ прыводзіць як аргумэнт за тое, каб горад меў хоць адну цалкам беларускамоўную газэту. Баранавіцкія чыноўнікі адмаўляюць у гэтым безь ніякіх аргумэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG