Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальнік "Беларускай газэты" Натальля Грыб.
(Карбалевіч: ) “Як вядома, падчас саміту ў Сочы кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся аб тым, што з наступнага году пастаўкі расейскага газу будуць адбывацца па рынкавых цэнах. Гэтае пытаньне выклікала амаль інфармацыйны выбух, бо да гэтага часу ў беларуска-расейскіх дачыненьнях эканоміка наагул і газавыя адносіны, у прыватнасьці, былі падпарадкаваныя палітыцы, былі прыдаткам палітыкі. І пераход да рынкавых стасункаў у прынцыпова важнай для беларускай эканомікі сфэры – гэта амаль што маленькая рэвалюцыя ў інтэграцыі. Таму такая ўвага надаецца першым перамовам, якія прайшлі ў Маскве, паміж “Газпромам” і прадстаўнікамі беларускага ўраду аб аб’ёмах паставак і цэнах на газ. Пакуль што практычных вынікаў яны не далі. Але нейкія першыя ўражаньні аб намерах бакоў яны дазваляюць зрабіць.
З прэс-рэлізу “Газпрому” вынікае, што гэтая газавая кампанія прапануе пастаўляць Беларусі газ па цане 80 даляраў за тысячу кубічных мэтраў газу. Гэтая лічба вылікае некаторае зьдзіўленьне. Таму што, як вынікае з прэсавай канфэрэнцыі Пуціна і Лукашэнкі пасьля заканчэньня перамоваў у Сочы, Расея абяцала не падымаць для Беларусі цану за газ вышэй, чым яна прадае Ўкраіне. А вядома, што Ўкраіна купляе газ па 50 даляраў за тысячу кубічных мэтраў газу. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя надта высокія цэны, якія прапанаваў Беларусі “Газпром”?
(Грыб: ) “Сёньня я звязалася з прадстаўнікамі "Газрому" і з прадстаўнікамі "Белтрансгазу". Прадстаўнік "Газпрому" патлумачыў, што 80 даляраў – гэта камэрцыйная цана для тэрыторыяльнага поясу, у якім таксама знаходзіцца Беларусь, на адлегласьці 3-3,5 тысячы кіламэтраў ад месца здабычы. Гэтая тая цана, якая на такой адлегласьці робіць вытворчасьць і пастаўку газу рэнтабельнай. Па-другое, 80 даляраў – гэта не апошняя, а пачатковая цана ў гандлі.”
(Карбалевіч: ) “Як мне паведамілі ў "Белтрансгазе", у чацьвер генэральны дырэктар "Белтрансгазу" Пётр Пётух і кіраўнік праўленьня "Газпрому" дамовіліся аб тым, што цана для Беларусі на 2004 год будзе 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але кантракт пакуль не падпісаны.”
(Дашкевіч: ) "Справа ў тым, што ў прапанове "Газпрому" адзначана: 80 даляраў – гэта цана не для "Белтрансгазу", а для канчатковых спажыўцоў прыроднага газу ў Беларусі. Гэта значыць – для прадпрыемстваў. А для "Белтрансгазу" цана можа быць іншай.
Цікава адзначыць, што ўжо зьявілася тэндэнцыя: "Газпром" усё часьцей цікавіцца тым, па якіх цэнах нацыянальныя газаразьмеркавальныя сыстэмы прадаюць газ спажыўцам. Некалькі дзён таму "Газпром" дамовіўся з урадам Літвы аб пакупцы 34% акцыяў літоўскай газаразьмеркавальнай сыстэмы. Адной з умоваў гэтай угоды зьяўляецца тое, што "Газпром" патрабуе, каб цэны на газ для літоўскіх спажыўцоў не кантраляваліся і не пераразьмеркоўваліся ўрадам. Бо такая практыка, калі дзяржаўная ўстанова купляе газ па адной цане, а потым перапрадае яго спажыўцам па больш высокай, характэрная ня толькі для Беларусі.
Трэба мець на ўвазе, што расейская камісія па рэгуляваньню натуральных манаполій пагадзілася з тым, што ў наступным годзе цана на газ унутры Расеі будзе павышаная на 20%. Таму праз 1-2 гады цана 80 даляраў за за тысячу кубічных мэтраў газу стане рэальнасьцю для беларускай эканомікі".
(Карбалевіч: ) "А якая справа "Газпрому", па якой цане будуць атрымліваць газ канчатковыя спажыўцы ў Беларусі ці ў Літве? Мне здаецца, што для гэтай газавай манаполіі галоўнае – каб спажыўцы рэгулярна плацілі за тавар. А па якіх унутраных цэнах будзе прадаваць газ, напрыклад, "Белтрансгаз" – гэта ўнутраная справа краіны".
(Дашкевіч: ) "Справа ў тым, што "Газпром" праяўляе вялікую цікавасьць ня толькі да здабычы і транспарціроўкі газу, але і пачынае пранікаць у іншыя галіны эканомікі. Ён цікавіцца электрастанцыямі, хімічнымі прадпрыемствамі, купляе акцыі нацыянальных газаразьмеркавальных кампаніяў і інш. У гэтым палягае ягоная цікавасьць да канчатковых цэнаў на газ. Іншая справа, што гэта на павінна ўплываць на ўмовы прадажы газу Беларусі".
(Карбалевіч: ) "Ва ўмовах больш высокіх цэнаў на газ, якія давядзецца плаціь Беларусі, і тых цяжкасьцях, якія гэта можа выклікаць для сацыяльна-эканамічнага стану краіны, лягічна было б чакаць, што Менск зьменшыць аб’ёмы імпартуемага газу. Але адбываецца нешта зусім адваротнае. Беларускі бок заявіў аб намерах павялічыць гэты аб’ём з 18,5 да 20,5 мільярдаў кубамэтраў. Як бы вы гэта патлумачылі?"
(Грыб: ) "Па-першае, яшчэ пяць гадоў таму, калі нафта для Беларусі была таннай, беларуская энэргасыстэма ў значнай ступені працавала на мазуце. Але толькі на працягу гэтага году цана мазута ўзрасла з 95-99 даляраў за тону ў студзені да 135-140 даляраў у верасьні. У такіх умовах газ зьяўляецца больш танным і рэнтабельным палівам.
Акрамя таго, наша эканоміка не рэфармаваная і таму энэргазатратная. Прадпрыемства як працавалі, так і працуюць. Таму няма прычынаў, каб патрэбы ў газе зьменшаліся.
Паміж "Газпромам" і "Белтрансгазам" дасягнутая дамоўленасьць, што ў наступным годзе, як і сёлета Беларусь атрымае 18,5 мільярдаў кубамэтраў газу. Расея не падтрымала беларускую прапанову аб павялічэньні паставак".
(Карбалевіч: ) "Так, магчыма, "Газпром" паставіць толькі 18,5 мільярдаў, а яшчэ 2 мільярды паставяць іншыя кампаніі?"
(Грыб: ) "18,5 мільярдаў – гэта аб'яднаны паліва-энэргетычны балянс Беларусі, узгоднены з "Газпромам". І малаверагодна ягонае зьмяненьне. Да таго ж існуе толькі 1-2 газатранспартныя сыстэмы, па якіх Беларусь можа атрымліваць газ. І іх катралюе "Газпром".
(Дашкевіч: ) "Акрамя таго, што сказала спадарыня Грыб, тут можна дадаць некалькі прычынаў, чаму беларускі бок імкнецца павялічыць аб'ём паставак газу. Па-першае, на наступны год заплянаваны рост валавога ўнутранага прадукту. І дзеля гэтага патрэбна больш энэрганосьбітаў.
Па-другое, у Беларусі ёсьць два газасховішчы: Прыбускае і Васілевічскае. І кіраўніцтва газавай галіны хоча напоўніць гэтыя сховішчы ды стварыць запас, бо ні ў кога няма сумненьняў, што ў 2005-2006 гадах цана на газ ізноў павялічыцца.
Па-трэцяе, газ зьяўляецца сыравінай для хімічнай вытворчасьці ў краіне. Ёсць вытворчыя магутнасьці па перапрацоўцы прыроднага газу ў звадкаваны газ. А апошні можна прадаць па добрай цане ў Польшчу, краіны Балтыі, і атрымаць прыбытак.
Але з гэтых намераў Беларусі нічога не атрымаецца. Застанецца тая лічба ў 18,5 мільярдаў, што і ў гэтым годзе. "Газпром" мог бы пайсьці на павышэньне паставак толькі ў выпадку, калі б Беларусь бездакорна разлічвалася за бягучыя пастаўкі газу і гарантавала аплату паставак звыш узгодненага аб'ёму. Але для такога разьвіцьця падзеяў няма падставаў."