Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ Ў БЭРЛІНЕ: ФЭСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА


Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Каця Іваноўская (Бэрлін), Аляксей Ляляўскі (Менск), Піліп Чмыр (Менск), Сьвятлана Зябкіна (Дусэльдорф)

24 верасьня ў Бэрліне адкрываецца фэстываль мастацтваў “оff-beats – 2003” (“Па-за тактам –2003”). Пра гэта нам паведаміў беларускі студэнт з Бэрліну Максім Купрэеў.

Увагу прыцягвае тэма фэстывалю: “Экспэрымэнтальнае мастацтва з Літвы, Беларусі і Калінінграда”. Чыя была ініцыятыва, як наагул зьявілася такая ідэя, хто ўдзельнічае? Адказы на гэтыя пытаньні мы шукалі вядома ж у беларусаў Бэрліна. Спадар Купрэеў параіў зьвярнуцца да Каці Іваноўскай, якая бярэ непасрэдны ўдзел у арганізацыі фэстывалю.

(Іваноўская: ) “Ідэя была зь літоўскага боку. Гэты фэстываль праводзіцца другі раз, першы раз была толькі Літва.У мінулым годзе Літва была краінай, якая прадстаўлялася на кніжнай ярмарцы ў Франкфурце. Гэта дало магчымасьць для правядзеньня пэўных акцый, у якіх магла прадстаўляцца культура Літвы. Дзякуючы гэтаму, група літоўцаў, у якіх ужо былі кантакты зь нямецкімі арганізатарамі, якія звычайна займаліся арганізацыяй фэстываляў, канцэртаў, атрымала магчымасьць знайсьці грошы і арганізаваць гэты фэстываль”.

(Сурмач: ) “Як усё ж усплылі беларусы? Чаму літоўскія арганізатары запрасілі менавіта беларусаў, а не латышоў ці эстонцаў, ці палякаў?”

(Іваноўская: ) “Беларусы ўсплылі ў цікавасьці літоўцаў, бо яны хацелі пашырыць фэстываль, геаграфію фэстываля. Падключылі яны ня толькі беларусаў, але і Калінінград.

Гэта людзі-энтузыясты, людзі, якія не глядзяць на сьвет у рамках стэрэатыпаў. Нягледзячы на тое, што гэта літоўцы з Коўна (Каўнасу) – самыя нацыяналістычныя літоўцы, гэтае спалучэньне Літвы з Эстоніяй і Латвіяй яны палічылі не абавязковым для сябе. Ім падалася больш цікавай такая раскладка ўдзельнікаў.

Ідэя фэстывалю была такая, што, Літва, Беларусь і Калініград – гэта рэгіёны, якія гістарычна зьвязаныя паміж сабой. У апісаньні фэстывалю быў такі цікавы прыклад, што калі ў 19 стагодзьдзі ў яшчэ нямецкім Кёнігсбэргу для Літвы, якая была ўжо пад Расеяй, друкаваліся кнігі, то вось у нядаўнім мінулым у Літве друкаваліся апазыцыйныя беларускія газэты. Вось гэта тое, што краіны трымае разам. Але на дадзены момант яны разыходзяцца ў сваіх шляхах. Цяпер – гэта абсалютна іншыя дзяржавы, якіх, нібыта, зь Літвой нічога не зьвязвае.

Выглядае, што маладое пакаленьне літоўцаў, найперш творчая моладзь, гатовыя іншымі вачыма паглядзець на гісторыю і сучаснасьць у стасунках паміж дзьвюмя суседнімі краінамі – Літвой і Беларусяй, якія вырасьлі з аднаго кораня і сталі сапраўды далёка разыходзіцца адна ад другой, а новапастаўленая ўпершыню ў гісторыі мяжа між імі чымсьці амаль нагадвае Бэрлінскі мур.”

(Сурмач: ) “Сп Кацярына, хто зь нямецкага боку зьяўляецца арганізатарам, хто фінансуе фэстываль?”

(Іваноўская: ) “Ёсьць у Бэрліне такі тэатар AKUD, кіраўнік гэтага тэатру Фэлікс Гольдман, ён тэатральны рэжысэр і шэраг ягоных калегаў, якія працуюць таксама і на другіх праектах, якія займаюцца ўвогуле культурніцкай дзейнасьцю. Фінансаваньне мы атрымалі ад Бэрлінскай гарадзкой управы. Гэта добры ўзровень”.

(Сурмач: ) “Калі ласка, раскажыце больш падрабязна, калі і дзе будуць адбывацца асноўныя мерапрыемствы?”

(Іваноўская: ) “Фэстываль праходзіць з 23 па 27 верасьня ў тэатры AKUD. Ён складаецца зь некалькіх акцый. Першая акцыя ўжо стартавала 8 верасьня – гэта выстава. Яна праходзіць у нямецкім цэнтры, які называецца Дом дэмакратыі і правоў чалавека. У выставе таксама ўдзельнічаюць беларусы Сьвятлана Зябкіна і Андрэй Логінаў. Гэта маладыя мастакі зь Менску, цяпер жывуць у Нямеччыне, яны паказалі свае работы. Выстава працягнецца да канца фэстывалю.

У гэтым жа Доме дэмакратыі і правоў чалавека будуць праводзіцца канфэрэнцыі, дыскусіі ў рамках фэстывалю. У іх будуць удзельнічаць нямецкія журналісты і палітолягі, якія займаюцца Ўсходняй Эўропай”.

(Сурмач: ) “Кацярына сказала, што першая акцыя фэстывалю ўжо адбылася, сваю творчасьць прадстаўлялі беларускія мастакі зь Нямеччыны. Мы пазванілі Сьвятлане Зябкінай у Дусэльдорф, каб запытацца, з чым яна выступала на выставе? Сьвятлана жыве ў Нямеччыне ужо 6 гадоў, вучыцца ў Акадэміі мастацтваў, вывучае мастацкую фатаграфію. Удзел у гэтай выставе для яе ня першы, дагэтуль яна мела выставы ў Аахене, Дусэльдорфе, Вене.”

(Зябкіна: ) “Я працую зь беларускай тэматыкай. Я спрабую паказаць немцам, як жывуць нашыя людзі ў Беларусі. Фотаздымкі я раблю ў Менску, чытаю беларускія газэты. Цяпер я раблю свой уласны часопіс, ён называецца "Беларускія весткі" на нямецкай мове. Зрабіла два выпускі, друкую там навіны культуры, нешта зь беларускага друку.

Гэтую выставу я рабіла разам са сваім сябрам Андрэям Логінавым, ён таксама зь Менску.Мне вельмі спадабалася, што прыйшло шмат людзей.

Я прадставіла чатыры плякаты – фота з тэкстамі. Я зрабіла гэтыя фотаздымкі на Чэрвенскім рынку ў Менску. Там быў фотаздымак з бабулькай, якая прадае часопісы, таксама зь дзяўчынкай, якая трымае футбольны мяч, трэйці фотаздымак быў з мужчынам, які гандлюе, на чацьвертым былі двое мужчынаў, якія стаяць зь вялікімі мяхамі бульбы.

Гэта былі плякаты з тэкстамі, я напісала, што гэта сцэнкі з сучаснага беларускага жыцьця, трошкі з іроніяй. Напрыклад, два гэтыя мужчыны з бульбаю, я напісала, што яны вырошчваюць гэтую бульбу ў Беларусі і таму ў Беларусі самая лепшая бульба. Таксама, пра гэтую бабульку, якая прадае часопісы, што ў Беларусі самая лепшая прэса. Мне спадабалася, што людзі таксама ўсьміхаліся, і я думаю, што гэта вельмі добры шлях паказаць і распавесьці людзям аб Беларусі”.

(Сурмач: ) “Зьвязаліся мы і з другім мастаком – удзельнікам выставы Андрэем Логінавым, які жыве ў Бэрліне. Ён паведаміў, што прадстаўляў на выставе таксама мастацкае фота. Гэта была сэрыя фотаздымкаў, дзе ён сам стварыў вобразы розных тыпажоў сучаснага беларускага грамадзтва, ад заможнага “новага беларуса” да жабрака.

Хто з Беларусі прымае ўдзел у фэстывалі? Каця Іваноўская, якая займалася адборам удзельнікаў, паведаміла мне”

(Іваноўская: ) “Зь Беларусі прыедзе лялечны тэатар пад кіраўніцтвам Аляксея Ляляўскага. Яны паказваюць спэктакаль па матывах паэмы Янкі Купалы "Адвечная песьня". Другое – гэта музычны кірунак , яго прадстаўляе група Drum Ecstasy. Яны зь Менску, 4 чалавекі, кіраўнік групы – Піліп Чмыр. Тое, што яны робяць – гэта вельмі цікава”.

(Сурмач: ) “Аляксей Ляляўскі, рэжысэр лялечнага тэатра , сын вядомага ў Беларусі рэжысэра Анатоля Ляляўскага. Цяпер Аляксей працуе галоўным рэжысэрам Дзяржаўнага лялечнага тэатра ў Менску і выкладае ў Акадэміі мастацтваў. Ён падрыхтаваў спэктакаль са сваімі вучнямі. Мы знайшлі Аляксея ў польскім горадзе Ополе, дзе ён знаходзіцца ў творчай камандзіроўцы.”

(Ляляўскі: ) “Гэта студэнцкая работа, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, будучых рэжысёраў тэатра лялек. Называецца яна "Адвечная песьня" па матывах нашай клясыкі. Але спэктакаль амаль бяз тэксту. Гэта гісторыя чалавека, гісторыя нашага народу, гісторыя нашай Бацькаўшчны, якая не была такой шчасьлівай, на жаль, такой не зьяўляецца і цяпер”.

(Сурмач: ) “Спадар Аляксей, гэта традыцыйны спэктакаль, ці нешта новае, якія навацыі вы скарысталі, каб зацікавіць заходняга гледача?”

(Ляляўскі: ) “Гэта спалучэньне ігры лялек і маніпуляцыі з аб'ектам. На Захаде папулярны такі тэатр – спалучэньне лялек, жывых артыстаў, але, і ігра з аб'ектам – з мадэлямі, з гарматкамі. Гэта такі мадэрнізм, але, наш свойскі мадэрнізм. Мадэрнізм заходні, ён такі эстэтычны, а ў нас жыцьцё такое цяжкае і, думаю, што мадэрнізм у нас таксама цяжэйшы.

Музычны бок – гэта беларускія народныя песьні. Дзяўчаты і хлопцы сьпяваюць жыўцом. Чатыры студэнты, гэта невялікі спэктакаль. Але, ён ужо быў запрошаны на міжнародны фэстываль у Магдэбургу, у Нямеччынеу, і меў там добрую рэакцыю гледачоў, крытыкі, тэатразнаўцаў. Мы ўжо запрошаныя на некалькі іншых фэстываляў – у Галяндыю ў наступным годзе і цяпер вядзем перамовы, як яго паказаць у Швайцарыі, у Бэрне”.

(Сурмач: ) “А на Бацькаўшчыне, ці ўбачылі спэктакаль беларускія глядачы?”

(Ляляўскі: ) “Толькі ў акадэміі для запрошаных. Калі я прапанаваў зрабіць гэты спэктакаль у нашым тэатры – Дзяржаўным тэатры лялек, то не атрымаў станоўчай рэакцыі ад нашага міністэрства культуры. Мне адказалі, што гэтага спэктакаль не патрэбны. Але я хацеў бы паказць яго і нашым гледачам".

(Сурмач: ) “Кіраўніка музычнай групы “DrumEcstasy” Піліпа Чмыра мы засталі яшчэ ў Менску, музыканты рыхтуюцца да фэстывалю. У Бэрліне яны будуць не ўпершыню, шмат разоў яны выступалі там у розных клюбах. З чым едуць гэтым разам?”

(Чмыр: ) “Мы вязем у Бэрлін розныя нашыя песьні, мы цяпер працуем над новым праектам. Пастараемся, каб канцэртная праграма была вясёлая і цікавая. Гэта папросту новая праграма, яна будзе складацца з некалькіх частак, там будзе шмат новых песьняў. Мы запісваем зараз для ААН праграмны дыск, сумесна з ААН будзем яго выпускаць і вось гэтыя песьні мы прывязем у Бэрлін”.

(Сурмач: ) “Вернемся да размовы з Кацяй Іваноўскай, чаму яна займаецца арганізацыяй фэстывалю, гэта яе праца, ці грамадзкая справа? Як высьветлілася, гэта яе ўласная ініцыятыва – зрабіць нешта на чужыне для папулярызацыіі сваёй культуры, таму і далучылася да асноўных арганізатараў фэстывалю. Але, галоўны яе занятак – вучоба ў Свабодным універсытэце Берліна.”

(Іваноўская: ) “Я ў Бэрліне ўжо 2 гады, скончыла наш Інстытут замежных моваў і прыехала сюды вывучаць зусім нешта іншае, тое, што мяне цікавіла – гэта журналістыка, і з другога боку – гэта кіно, кінакрытыка".

На разьвітанье Кацярына запрасіла наведаць фэстываль тых , хто мае такую магчымасьць. Нагадаем, што асноўныя мерапрыемствы будуць праходзіць з 23 па 27 верасьня ў тэатры ACUDtheater па адрасе Veteranenstr. 21 , тэлефон для даведак +49 (030) 44 35 94 97.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG