“Чырвоная зьмена” ў 1933 годзе друкуе інфармацыю пра тыраж 4-й Усесаюзнай аўто-мото-вэло лётарэі: “Згодна рашэньня ЦС таварыства аўтадор тыраж 4 Усесаюзнай аўто-мото-вэло лётарэі адбудзецца ў Менску 15 лістапада. Будуць разыграны: 9 аўтомабіляй “Форд” (або трактары), 12 матацыклаў (або піяніны), 15 аўтападарожжаў па СССР (або падвесныя лодачныя маторы), 150 вэлёсыпэдаў (або мейсца ў дом адпачынку), 30 дзіцячых пэдальных аўтомабіляй (або паляўнічыя аружжы) і яшчэ цэлы рад выйгрышаў. Агульная сума выйгрышаў 6.801 на суму 234 тыс. руб.”
“Народная газета”, год 1993, інтэрвію кампазытара Анатоля Багатырова да 80-х угодак з дня нараджэньня. Клясык беларускай музыкі гаворыць: “Шмат гадоў я мару напісаць опэру паводле рамана І.Мележа “Людзі на балоце”. Опэру пра калектывізацыю, яе жахі, пра страшэннае злачынства, зробленае ў дачыненьні да сялянства. Да гэтай тэмы ў мяне асобнае стаўленьне, заснаванае і на асабістых уражаньнях. У гады калектывізацыі былі раскулачаныя і высланыя шасьцёра братоў майго дзеда. З тых часоў пра іх нічога не вядома. Аднак, на жаль, я бачу, што мая задума не сустракае спачуваньня нашых устаноў культуры — ні опэрнага тэатра, ні Міністэрства культуры. Відаць, яны яшчэ баяцца гэтай тэмы, не гатовыя да яе”.
“Звязда” ў гэтым жа 1993 годзе надрукавала праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сярод іншага ў дакумэнце значыцца: “Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова. Афіцыйны статус іншых моў вызначаецца законам. Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Артыкул 98. Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь. Тэрмін паўнамоцтваў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — пяць гадоў. Адна і тая ж асоба ня можа быць Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь больш двух тэрмінаў”.