Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі пацьвердзіла, што ён атрымаў пасланьне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.
“Зараз ідзе праца ва ўрадзе над дакумэнтам”,— паведаміла Натальля Пяткевіч. Паводле яе, беларускі ўрад прапрацуе гэтае пасланьне й будзе рабіць свае прапановы.
На маё пытаньне, калі адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным, спадарыня Пяткевіч адказала, што, хутчэй за ўсё, падчас саміту СНД у Ялце.
Якраз тэму правядзеньня гэтага саміту спадар Лукашэнка сёньня абмеркаваў з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. Але пра гэтую тэлефонную размову Натальля Пяткевіч нічога не паведамляла — інфармацыя прыйшла ад яе ўкраінскае калегі. Тым ня менш прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі пацьвердзіла гэтую інфармацыю і сказала, што прэзыдэнты Беларусі ды Ўкраіны дамовіліся пра двухбаковую сустрэчу падчас крымскага саміту.
З Уладзімерам Пуціным пакуль такой дамоўленасьці няма, але пытаньне пра сустрэчу лідэраў Беларусі й Расеі вырашыцца бліжэй да пачатку саміту. Няма яснасьці таксама з правядзеньнем прыканцы верасьня Дзён Беларусі ў Маскве — ці паедзе туды Аляксандар Лукашэнка. Натальля Пяткевіч зноў параіла ўдакладніць гэта бліжэй да гэтай падзеі. Але ў расейскіх сродках масавай інфармацыі ўжо зьявіліся паведамленьні, што беларускую дэлегацыю будзе ачольваць выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Сяргей Сідорскі.