(гук, як робіцца крыж)
Гэтак Анатоль Рэбкавец на дрэваапрацоўчым станку вырабляе чарговы курапацкі крыж у гаражы свайго недабудаванага лецішча на ўскрайку Жодзіна. Працу сваю робіць самаахвярна, фактычна бясплатна: яму кампэнсуюцца толькі выдаткі на электраэнэргію і матэрыял для крыжоў. Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Рэбкавец — чалавек нешматслоўны, ён лічыць, што кожны павінен рабіць сваю справу дзеля Бацькаўшчыны.
(Рэбкавец: ) “Курапаты — гэта вельмі важна”.
(Карэспандэнтка: ) “Колькі крыжоў Вы зрабілі для Курапатаў?”
(Рэбкавец: ) “Дзесьці пад сто… Проста так трэба, усе ж працуюць. Я паглядзеў, як на талаку прыходзяць і старыя, і маладыя людзі. Усе ж працуюць не за грошы. Праз два тыдні талака будзе, ізноў трэба падрыхтаваць крыжы”.
Анатоль Рэбкавец напачатку ня надта афішаваў сваю працу, аднак, калі ў ліпені ён вырабіў вялікую партыю з 50-ці трохмэтровых крыжоў, і ўсе яны стаялі ля ягонага дому, гэта заўважылі многія. А 7 жніўня ён прыйшоў на сваё лецішча і заўважыў, што ля ягонага дому ляжаць нейкія старыя дошкі. Празь некалькі гадзінаў прыехалі два маладыя мужчыны і абвінавацілі яго ў крадзяжы дошак, а гэтаксама 12 брусоў, і тут жа выклікалі міліцыянтаў.
Як распавядае Анатоль Рэбкавец, міліцыянты, прыехаўшы, прыгразілі, што калі ён ня верне брусы, то яго завязуць нанач у СІЗА, а з ранку ён сам ва ўсім прызнаецца. Да таго ж, прыгразілі канфіскацыяй маёмасьці.
Анатоль Рэбкавец, які ня краў ніякіх дошак і брусоў, спалохаўся і быў вымушаны даць распіску, што верне да 1 верасьня або брусы, або 250 даляраў. Сакратар Управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі лічыць гэты інцыдэнт правакацыяй спэцслужбаў.
(Чахольскі: ) “Да таго моманту, калі гэты чалавек не рабіў Курапацкія крыжы, яго ніхто не чапаў. Калі ў пэўны час стала вядома, што менавіта гэты чалавек вырабляе курапацкія крыжы, я думаю, што ў спэцслужбаў узьнік плян, як перашкодзіць гэтай працы і да таго ж утаптаць сьвятую справу ў бруд. Вось уяўляеце, прыяжджаюць малойчыкі, адныя ў цывільным, другія ў міліцэйскай форме і адкрытым тэкстам кажуць: “Ты скраў брусы”. Сапраўды, крыжы вырабляюцца з брусоў. І вось вам ланцуг — чалавек скраў брусы, і са скрадзеных брусоў робіць курапацкія крыжы”.
Учора разам з Алесем Чахольскім, Анатолем Рэбкаўцом і кіраўніцай Жодзінскай Управы КХП БНФ Іраідай Міско я хадзіла ў гарадзкую пракуратуру, куды раней Анатоль Рэбкавец падаў заяву аб тым, што яго шантажуюць і вымагаюць грошы. Як высьветліў намесьнік пракурора Жодзіна Ігар Дамаронак, паводле факту меркаванага крадзяжу ў аддзяленьні міліцыі не было складзена ніякага пратаколу, і ўвогуле невядома, хто з міліцыянтаў пагражаў цесьляру.
Зараз Пракуратура Жодзіна распачала дасьледваньне гэтай справы. Як, дарэчы, і жодзінская міліцыя. Намесьнік начальніка гарадзкой міліцыі Барыс Трафімчык загадаў сваім падначаленым высьветліць акалічнасьці гэтай справы. Ужо ўчора міліцэйская група выехала на лецішча да Анатоля Рэбкаўца і пачала сьледчыя дзеяньні. Плянуецца, што ў блізкім часе цесьляра запросяць, каб ён апазнаў тых міліцыянтаў, якія яму пагражалі.
І яшчэ адна акалічнасьць, што да стаўленьня ўладаў да курапацкай тэмы. Сёньня газэта адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” надрукавала вялікі артыкул, прысьвечаны Курапатам, у якім упершыню за многія гады не аспрэчваецца той факт, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Не камэнтуючы зьмест артыкулу, заўважу, што раней гэтая тэма ўвогуле фактычна ня ўзгадвалася на старонках дзяржаўнага друку, і цяперашняя ўвага да яе ў пэўным сэнсе адметная.