Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХАДЖЭНЬНЕ РАСЕЙСКІХ РУБЛЁЎ У БЕЛАРУСІ ПА-РАНЕЙШАМУ ПАД ПЫТАНЬНЕМ — ГЭТАКСАМА, ЯК СУСТРЭЧА ПУЦІНА З ЛУКАШЭНКАМ


Юры Сьвірко, Менск


У чацьвер раніцай дзяржаўнае расейскае інфармацыйнае агенцтва “Новости” пацьвердзіла, што ў гэты ж дзень адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі зь дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным для вызначэньня даты правядзеньня паседжаньня Найвышэйшай дзяржаўнай рады з удзелам расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Спадары Лукашэнка і Барадзін плянавалі абмеркаваць пытаньні адзінай валюты саюзнай дзяржавы, але напярэдадні іншае расейскае агенцтва “Интерфакс” паведаміла, што праект указу прэзыдэнта Беларусі пра пачатак паралельнага хаджэньня ў краіне безнаяўных расейскіх рублёў накіраваны на паўторнае ўзгадненьне.

Нагадаю, што беларускі Нацыянальны банк плянаваў распачаць выкарыстаньне безнаяўных расейскіх рублёў зь 1 ліпеня, аднак Аляксандар Лукашэнка адпаведны ўказ не падпісаў. Хаця 19 ліпеня ў жывым эфіры тэлеканалу НТВ ён паабяцаў, што гэты ўказ будзе падпісаны “днямі”, прайшоў месяц, але расейскія рублі па-ранейшаму цалкам замежная валюта для Беларусі.

Расейскі бок гэта вельмі хвалюе. 11 жніўня, калі ў Маскве сустракаліся дэлегацыі цэнтральных банкаў абедзьвюх дзяржаваў, прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што дата ягонай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам будзе вызначаная менавіта пасьля вынікаў паседжаньня банкіраў. Менавіта гэтую дату хацеў абмеркаваць са спадаром Лукашэнкам саюзны дзяржаўны сакратар Павел Барадзін, прэсавы сакратар якога нават заявіў, што бакі папярэдне дамовіліся, што паседжаньне Найвышэйшай дзяржаўнай рады пройдзе ў Маскве 30 верасьня, падчас правядзеньня Дзён Беларусі ў сталіцы Расеі. Гэтае паседжаньне адкладвалася некалькі разоў, пачынаючы з красавіка. Але й сустрэча спадароў Барадзіна й Лукашэнкі не адбылася — наконт яе Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч у чацьвер заявіла:

(Пяткевіч: ) “Не. І не плянавалася, і не плянуецца”.

Спадарыня Пяткевіч нічога не сказала і пра мажлівую дату сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. А ў прэсавай службе Крамля мне неафіцыйна сказалі, што калі беларускі лідэр мае жаданьне наведаць дні сваёй краіны ў Маскве, дык ніхто яму гэтага забараніць ня можа, бо паміж Беларусьсю і Расеяй бязьвізавы рэжым.

Афіцыйна ж дзяжурная прэсавай службы расейскага прэзыдэнта пра сустрэчу спадароў Пуціна і Лукашэнкі заявіла наступнае:

(Дзяжурная: ) “Вы ведаеце, я на гэты конт нічога не магу Вам сказаць. Вам трэба будзе паведамленьняў прэсавай службы, і ня больш за тое. На сайце вы глядзелі? Усё. Больш ня будзе ніякай інфармацыі”.

На інтэрнэт-сайце прэзыдэнта Расеі паведамляецца толькі, што Ўладзімер Пуцін 20 жніўня абмеркаваў з прэм’ер-міністрам Міхаілам Касьянавым “найбольш актуальныя пытаньні расейска-беларускага супрацоўніцтва”.

Гэтыя ж актуальныя пытаньні зноў будуць абмяркоўваць у Маскве кіраўнікі цэнтральных банкаў Беларусі й Расеі. Прэсавы сакратар беларускага Нацбанку Міхаіл Журавовіч паведаміў:

(Журавовіч: ) “У панядзелак жа, 25-га, будзе паседжаньне супольнай беларуска-расейскай рабочай групы. Яна абмяркуе тыя ж самыя дакумэнты, што разглядалі 11-га ў Маскве,— з улікам заўвагаў і прапаноў будуць дапрацоўваць. Там дробязі, асноўнае экспэрты ўсё ўзгаднілі”.

Адрозна ад спадара Журавовіча, іншы афіцыйны прадстаўнік Нацбанку Сяргей Дубкоў заявіў, што пагдненьне пра адзіны эмісійны цэнтар яшчэ трэба дапрацоўваць, а пра вынікі перамоваў з Цэнтральным банкам Расеі казаць пакуль зарана.

У Нацбанку пацьвердзілі, што падрыхтаваны яго апаратам праект прэзыдэнцкага ўказу пра безнаяўныя расейскія рублі быў вернуты ў эканамічныя ведамствы Беларусі для выпрацоўкі захадаў супраць мажлівага нэгатыўнага выніку гэткага паралельнага хаджэньня дзьвюх валют.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG