Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗМАГАЦЦА З НОВЫМ ВІРУСАМ, БЕЛАРУСКАЯ САЛОМКА Ў СЕЦІВЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “Новы вірус зьявіўся ў беларускім сеціве. Вірус завецца “Блястэр” (іншая назва “Lovesan”), і паражае найперш сэрвэры, празь якія ідзе далей да карыстальнікаў. Наколькі вялікая небясьпека “Блястэру”? Які мэханізм ягонага дзеяньня, і як зь ім змагацца? Падрабязнасьці ў матэрыяле Севярына Квяткоўскага”.

(Квяткоўскі: ) “Па камэнтар да сытуацыі мы зьвярнуліся да генэральнага дырэктара найвялікашага беларускага інтэрнэт-парталу TUT.by Кірыла Валошына”.

(Валошын: ) “Вірус, калі паражае апэрацыйную сыстэму, ён заносіць туды файл, які завецца ms.blast.exe, піша ў рэестар нейкі запіс, і пасьля гэтага пачынае, калі вы далучаныя да інтэрнэту, выпадковым чынам шукаць іншыя кампутары, якія можна заразіць. І да таго ж спрабуе выканаць розныя каманды на вашым кампутары, якія звычайна, пэўна з-за таго, што некарэктна вірус напісаны, прыводзяць да перазагрузкі апэрацыйнае сыстэмы”.

(Квяткоўскі: ) “Каб пазбавіцца віруса, Кірыл Валошын раіць абнавіць апэрацыйную сыстэму…”

(Валошын: ) “Варта зайсьці на сайт Windowsupdate.microsoft.com або на асобную старонку, якая ўтрымлівае выпраўленьні апэрацыйнае сыстэмы, і абнавіць апэрацыйку сваю. Але пасьля таго, як вы зачынілі дзірачку ў “віндзе”, трэба запускаць антывірус, каб пераканацца ў тым, што віруса ў вас няма. Я мяркую, што цалкам здольныя даць рады яму самастойна”.

(Квяткоўскі: ) “Кірыл Валошын мяркуе, што беларускія карыстальнікі пацерпяць ад віруса менш, чым у суседніх краінах. Справа ў тым, што “Блястэр” створаны пад новыя апэрацыйныя сыстэмы, напрыклад пад Windows XP. У той час, як у Беларусі распаўсюджаныя такія апэрацыйныя сыстэмы, як Windows 95, Windows 98…”

(Валошын: ) “І наагул, дарэчы, у Беларусі не нагэтулькі разьвіты інтэрнэт, каб была вялікая колькасьць сэрвэраў, як у ЗША, ці ў Польшчы, якія і зьяўляюцца асноўнымі распаўсюднікамі вірусу”.

(Квяткоўскі: ) “Ці можна дапусьціць, што няразьвітасьць інтэрнэту ў Беларусі абараняе дзяржаўныя і грамадзкія інстытуцыі ад дывэрсіяў гакераў? Працягвае генэральны дырэктар парталу TUT.by Кірыл Валошын…”

(Валошын: ) “Напэўна, гэта двухбакованебясьпечная “перавага”. Інтэрнэт разьвіты адносна слаба. Адпаведна веды пра яго, і магчымых небясьпеках для карыстальніка, які працуе ў інтэрнэце,— узровень гэтых ведаў нізкі. Адпаведна, хай у нас інтэрнэт слаба разьвіты, затое верагоднасьць заражэньня можа быць вышэйшая, акурат з-за адсутнасьці ведаў”.

(Квяткоўскі: ) “А як абараняюцца “прасунутыя”, падрыхтаваныя карыстальнікі інтэрнэту? Кірыл Валошын спасылаецца на досьвед уласнае кампаніі…”

(Валошын: ) “Карыстальнікі, якія працуюць на TUT.by, падлучаныя да інтэрнэту ўвесь час. Адпаведна верагоднасьць заражэньня, з аднога боку, у іх высокая. Зь іншага боку, у іх значна больш магчымасьцяў, чым у карыстальнікаў, якія працуюць з хаты, спампаваць сабе абнаўленьне да апэрацыйнае сыстэмы. У нас большасьць кампутараў, да таго як зьявіўся гэты вірус, былі залатаныя. А тыя, у каго латка не стаіць, тых мы прымусілі яе паставіць, і адчуваем сябе ў гэтым пляне спакойна”.

(Квяткоўскі: ) “Вірус “Блястэр” больш небясьпечны для кампаніяў, якія даюць інтэрнэт-паслугі, бо можа ўчыніць перабоі ў працы сэрвэраў. А звычайныя карыстальнікі інтэрнэту могуць быць больш-менш спакойныя?”

(Валошын: ) “Дзякуй Богу, вірус ня надта небясьпечны ў пляне карыстальніцкіх дадзеных, ён іх не кранае. Асноўная нязручнасьць віруса — рэгулярнае выскокваньне паведамленьня пра памылку, якое вядзе да перазагрузкі сыстэмы. Да таго ж, ваш кампутар пры заражэньні таксама робіцца крыніцаю заразы”.

(Квяткоўскі: ) “Зрэшты, ніхто ня ведае, якія непрыемныя “сюрпрызы” прыдумаюць гакеры ў бліжэйшай ці аддаленай будучыні. А таму кампутарная і, у прыватнасьці, інтэрнэтавая пісьменнасьць не зашкодзіць ніводнаму шэраговаму карыстальніку Сеціва”.

* * *
(Цыганкоў: ) “Упершыню ва ўсясьветнае сеціва патрапіла... беларуская саломка. Днямі ў інтэрнэце на сайце www.straw.iatp.by распачаў працу віртуальны музэй “Беларуская саломка”. На думку ініцыятараў стварэньня падобнай старонкі, увесь сьвет нарэшце пераканаецца, што талент беларускіх майстроў саломапляценьня пераўзыйсьці наўрад ці каму ўдасца. У працяг тэмы наш карэспандэнт Ігар Карней”.

(Карней: ) “Аснову віртуальнай калекцыі музэю “Беларускай саломкі” складаюць працы менскай мастачкі, сябра Беларускага зьвязу майстроў народнай творчасьці Тацяны Рэпінай. Больш за дзесяць гадоў Тацяна мае справу з беларускай саломкай, і зь цягам часу менавіта гэты, бадай, самы папулярны матэрыял, абрала ў якасьці свайго асноўнага працоўнага занятку. Аднак тое, што беларуская салома аказалася ўганараваная месцам у інтэрнэце, адносіць да выпадку”.

(Рэпіна: ) “Я займалася зборам матэрыялу для кнігі, гэта павінен быў быць падручнік. Але выхад у сьвет затрымаўся, а ўрэшце наогул пайшла гаворка пра тое, што кніга ня выйдзе: мяне паставілі перад фактам, што я магу апісваць вырабы словамі, але фоташэраг друкаваць чамусьці не атрымліваецца”.

(Карней: ) “Гэта мусіў быў быць дапаможнік для навучальных установаў?”

(Рэпіна: ) “Так, гэта мусіў быць дапаможнік для студэнтаў. Я, праўда, працягваю над ім працаваць, але матэрыялы, якія назапашваюцца, застаюцца ў кампутары, і для людзей яны недаступныя. Таму цягам усяго часу ў мяне была вялікая ўнутраная неабходнасьць іх паказаць, бо ёсьць сярод усяго дзівосныя рэчы. Так сама сабой зьявілася ідэя ўласнага сайту. Цяпер нашае мастацтва саломапляценьня, аплікацыі ўпершыню сыстэматызаванае. Паколькі я гэтым займалася зь любоўю, таму вельмі хацелася паказаць усё астатнім — ня толькі ў Беларусі, але і ўсяму сьвету, бо мала хто ведаў пра нашыя дасягненьні. Аднак факт застаецца фактам — узровень гэтай творчасьці ў сьвеце ніжэйшы, чым у нашых майстроў”.

(Цыганкоў: ) “Але на інтэрнэт-старонках www.straw.iatp.by можна ўбачыць ня толькі працы Тацяны Рэпінай. Тут зьмешчаныя працы, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях, фондах навуковых установаў, музэях і галерэях. Пакуль што віртуальны музэй складюць 22 пэрсанальныя галерэі і 12 агульных. Тут жа зьмешчаныя нарысы пра гісторыю гэтага мастацкага кірунку і расповеды пра майстроў саломапляценьня. Спадарыня Тацяна спадзяецца, што за ейным прыкладам пойдуць і прадстаўнікі іншых мастацкіх жанраў”.

(Рэпіна: ) “У Беларусі наглядных матэрыялаў пра мастацтва вельмі мала. Прыкладам, ва Ўкраіне вельмі шмат матэрыялаў, прысьвечаных народнаму мастацтву, існуюць спэцыялізаваныя сайты па пісанках, па росьпісу. У Беларусі, на жаль, гэтага бракуе. Гэта толькі чыясьці асабістая ініцыятыва — тых жа прафэсійных мастакоў. А народных мастакоў у інтэрнэце амаль няма”.

(Карней: ) “Вы на нечым базаваліся? Штосьці было для вас асновай — тыя ж украінскія сайты?”

(Рэпіна: ) “Мой сайт атрымаўся ў той сыстэматызацыі, якую я зрабіла сама. Тыя творы (скульптура, “павукі”, утылітарныя рэчы) далі назоў галерэям, якія ўвайшлі ў сайт. Усё атрымлівалася паводле матэрыялаў. Натуральна, я кіравалася сайтамі музэяў — як лепей паказаць, апісаньні якія рабіць у пляне даступнага прагляду. Але ж уся ўнутраная сутнасьць — яна мая”.

(Цыганкоў: ) “Кожны, хто выяжджае за межы Беларусі, зьбіраючы рэчы, абавязкова думае пра нейкія падарункі сваім замежным сябрам ці патэнцыйным знаёмцам. І напэўна, бальшыня людзей, знаёмых з мастацтвам саломкі, абяруць для прэзэнта менавіта саламяныя вырабы. Прынамсі, такі недарагі падарунак заўсёды застанецца арыгінальным і сапраўды беларускім. Таму Тацяна Рэпіна ўпэўненая, што пры ўсёй сваёй вонкавай някідкасьці мастацтва саломапляценьня як ніводнае іншае праслаўляе Беларусь за яе межамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG