Паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, Пётар Брыгадзін вызвалены ад пасады міністра адукацыі ў зьвязку з выхадам у адстаўку. А Міхаіл Падгайны звольнены з пасады міністра інфармацыі у зьвязку зь пераходам на іншую працу.
Перад новапрызначаным міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым Лукашэнка паставіў тры задачы: стварыць роўную сыстэму ўстановаў адукацыі незалежна ад іх ведамаснага падпарадкаваньня, падабраць кваліфікаваныя кадры, а таксама прааналізаваць і ацаніць ход рэформы адукацыі.
Паводле Лукашэнкі, адукацыя знаходзілася і будзе знаходзіцца ў полі ягонай увагі, бо “гэта тая сфэра, якая дае духовае ды інтэлектуальнае жыцьцё чалавеку” і “ня тое месца, дзе апазыцыя будзе віць свае гнёзды”. Адстаўку Пятра Брыгадзіна і прызначэньне Аляксандра Радзькова камэнтуе былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў:
(Паўлаў: ) “Для мяне гэта абсалютна невядомая фігура. А паколькі ў нас цяпер кадры ўсе з Магілёўшчыны, то і ня дзіўна. Ён жа нядаўна рэктарам у Магілёве стаў, гады два таму. Вельмі хуткая, імклівая кар’ера. Я думаю, чакаць можна толькі сьляпога выкананьня ўсіх указаньняў. Лепш ня будзе. Я думаю, што калі з Магілёва, а мы шмат ведаем выпадкаў зь іншых галінаў, будзе выконваць усё — і падручнікі, і прарэктары па палітінфармацыях. Усё гэта будзе ён выконваць, я думаю, — і старанна”.
Прызначаючы былога амбасадара Беларусі ў Кітаі Ўладзімера Русакевіча міністрам інфармацыі, Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што гэты чалавек здолее павысіць эфэктыўнасьць працы важнага ідэалягічнага міністэрства ды ўзяць пад кантроль працэс распаўсюду інфармацыі. Вось як пракамэнтаваў гэтае кадравае прызначэньне Лукашэнкі віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
(Бастунец: ) “Ужо даволі доўгі час кадры “тусуюцца” прэзыдэнтам. Русакевіч зьмяніў Падгайнага. Мне здаецца, гэта якраз той выпадак, калі ад перастаноўкі гэтых пэрсонаў нічога ня зьменіцца. Я думаю, што на цяперашні час асоба амаль нічога не вырашае. Асоба з гэтай самай калоды картаў. Тут ужо ўсе асобы правераныя, усе выконваюць загады, якія атрымліваюць. Таму я лічу, што ўсё застанецца так, як і было”.
Зьвязацца з самімі адстаўленымі міністрамі, на жаль не ўдалося, яны ўжо пакінулі свае кабінэты. У прэсавых службах абодвух міністэрстваў камэнтаваць гэтыя адстаўкі адмовіліся.
Інфармацыя пра тое, што міністры інфармацыі й адукацыі зьбіраюцца падаць у адстаўку, зьявілася амаль месяц таму. Яе тады ўскосна пацьвердзіў і Аляксандар Лукашэнка, які ў дзень адстаўкі прэм’ера сказаў, што ў яго на стале ляжаць заявы аб звальненьні на ўласнае жаданьне яшчэ двух міністраў.
Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў сакавіку выказваў незадаволенасьць працай Міхаіла Падгайнага, пры якім Міністэрства інфармацыі выконвала ролю “статыста і назіральніка”. Пасьля ў міністэрстве працавала камісія з пракуратуры. Паводле вынікаў гэтай праверкі са структураў міністэрства спагналі 210 мільёнаў рублёў штрафных санкцыяў, і Лукашэнка загадаў Віктару Шэйману зрабіць “самыя жорсткія захады” дзеля навядзеньня парадку ў Міністэрстве інфармацыі.