На мінулым тыдні ў Ірак прыбылі вайскоўцы са Славаччыны, Баўгарыі і Даніі. Яны далучыліся да салдатаў з Польшчы, Эстоніі і Латвіі, якія ўжо нясуць службу ў польскай зоне адказнасьці ў цэнтральным Іраку. Чакаецца, што шматнацыянальны кантынгент дасягне 9 тысячаў дзьвюхсот салдатаў і цалкам будзе разгорнуты ў Іраку да канца верасьня.
Днямі прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр абвесьціў, што да кааліцыі далучыліся 30 краінаў. Аднак, на думку ваенных экспэртаў, праблема ў тым, якую рэальную ваенную сілу могуць прапанаваць гэтыя дзяржавы. Самы вялікі кантынгент накіравала Польшча – 2300 салдатаў, Украіна – 1800, Гішпанія – 1300. Зараз сілы кааліцыі ў Іраку налічваюць 150 тысячаў амэрыканскіх вайскоўцаў і 11 тысячаў брытанскіх.
Аднак, паводле Іана Кэмпа, рэдактара брытанскага ваеннага часопісу “Jane’s Defence Weekly”, для стабілізацыі сытуацыі ў Іраку патрэбныя яшчэ ня менш як 100 тысячаў салдатаў. Такім чынам, на думку шэрагу назіральнікаў, цяпер Вашынгтон больш зацікаўлены ў тым, каб казаць пра колькасьць краінаў, якія заявілі аб далучэньні да кааліцыі, чым аб колькасьці рэальнай ваеннай сілы кааліцыі ў Іраку. Такую думку, прынамсі, мае карэспандэнт газэты “Washington Post” Дэйна Прыст:
(Прыст: ) “Мы бачым зьмену канфігурацыі, бачым краіны, якія падтрымалі кіраваную Амэрыкай апэрацыю ў Іраку і акупацыю Іраку, у той час як асноўныя саюзьнікі ЗША па NATO, апроч Вялікабрытаніі, адмовілі ў такой падтрымцы. Рашэньне гэтых новых саюзьнікаў дазволіла Злучаным Штатам заявіць, што Эўропа, ці большая частка Эўропы, падтрымала іх”.
Такія краіны, як Францыя і Нямеччына, па ранейшаму адмаўляюцца накіроўваць свае войскі ў Ірак без мандату ААН. Яшчэ адна краіна – Індыя, якая магла б накіраваць вялікі кантынгент, таксама заяўляе, што ня зробіць гэтага без рашэньня ААН.
Яшчэ адна праблема –фінасаваньне войскаў новых сябраў кааліцыі. “Washington Post” паведаміла, што Злучаныя Штаты выдзяляць 200 мільёнаў даляраў, каб забясьпечыць шматнацыянальны кантынгент. Паведамленьне пра лічбу гэтых выдаткаў пацьвердзіла і польскае Міністэрства абароны. Прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр заявіў на гэты конт наступнае:
(Баўчэр: ) “Некаторыя з краінаў вельмі хочуць удзельнічаць у стабілізацыі ў Іраку, але ня маюць сродкаў на гэта. І мы разглядаем, чым мы можам дапамагчы ім”.
Дапамога магчымая ня толькі ў матэрыяльнай форме. Аналітыкі лічаць, што накіраваньне Ўкраінаю амаль 2 тысячаў сваіх салдатаў у Ірак вельмі падмацуе дэкляраваны ёй намер уступіць у NATO. Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што ўжо цяпер Вашынгтон спыніў крытыку прэзыдэнта Кучмы за карупцыю, дэфіцыт дэмакратыі і млявыя эканамічныя рэформы.
На думку журналісткі “Washington Post” Дэйны Прыст сілы шматнацыянальнага кантынгенту наўрад ці будуць адыгрываць ключавую ролю ў падтрыманьні бясьпекі ў Іраку:
(Прыст: ) “Я зьдзіўлюся, калі ім дадуць магчымасьць адыгрываць вялікую ролю ў Іраку. Я ня думаю, што яны здольныя выконваць гэтую ролю гэтак жа, як і асноўныя сябры NATO. Гэтыя краіны ня маюць такога досьведу міратворчых апэрацыяў, як амэрыканцы, брытанцы, французы, нават немцы, дзякуючы досьведу Косава. І іх здольнасьць да ўзаемадзеяньня са старымі сябрамі NATO і з ЗША зусім не такая, якую мелі асноўныя сябры NATO”.
З такім поглядам ня згодны маёр польскага войска Анджэй Вятроўскі, афіцэр штабу шматнацыянальных сілаў, які знаходзіцца каля Бабілёну. Паводле яго, польскія войскі гатовыя выканаць сваю місію ў Іраку.
(Вятроўскі: ) “Нашыя сілы прыбылі ў Ірак на запрашэньне кааліцыі, якая пераканалася, што мы здольныя да гэтай працы. Мы прыйшлі, каб дапамагчы іракцам, тым, хто ў выніку палітыкі Садама Хусэйна апынуўся на мяжы бездані. У пэўным сэнсе мы мусім аказаць ім гуманітарную дапамогу. Мы мусім гарантаваць стабільнасьць і дапамагчы часовай уладзе”.
Гэтыя думкі падзяляе і міністар абароны Славаччыны Іван Сімка.
(Сімка: ) “Вынікам дзеяньняў нашых салдатаў стане больш бясьпечная сытуацыя ў краіне, якая пакутвала ад дэспатычнага рэжыму Хусэйна і ў выніку ваенных дзеяньняў. Я лічу, што такім чынам Славаччына робіць сьвет лепш і бясьпечней”.
Паводле прагнозаў, шматнацыянальны вайсковы кантынгент будзе знаходзіцца ў Іраку ня менш як год.