Аляксандар Лукашэнка запрасіў “дапамагчы разабрацца ў кожным дэпутаце: куды б ён хацеў пайсьці, дзе б хацеў працаваць пасьля заканчэньня паўнамоцтваў”. На думку Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты ня мусяць згубіцца, бо за 4 гады прайшлі добрую школу, а калі нехта будзе яшчэ раз балятавацца ў Палату прадстаўнікоў, спатрэбіцца цывілізаваная падтрымка – заявіў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён дадаў, што размова ня йдзе пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу: “Усё мусіць быць адкрыта, чыста, празрыста, каб нас потым не папракалі, што мы за кошт адміністрацыйнага рэсурсу прапіхнулі некага ў палату прадстаўнікоў”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Стварэньне групы прэзыдэнцкіх прадстаўнікоў у дэпутацкім корпусе мы папрасілі пракамэнтаваць дэпутата Сяргея Скрабца.
(Скрабец: ) “Тут усё зразумела. Адных дэпутатаў палохаюць дубінай – крымінальнымі справамі, іншым даюць пасады, медалі нейкія, узнагароды, падзякі. Гэта праца нашага прэзыдэнта, мэта якой, я думаю, - парлямэнт трэба раскалоць, каб не было нейкай адзінай думкі. Прэзыдэнт жа сказаў нават, што зь некаторых дэпутатаў будзе стварацца новы ўрад. Гэта такі гурт, які да сябе паклікаў прэзыдэнт, мабыць, яны будуць асобамі нейкага такога асабістага даверу прэзыдэнта. Можа, прэзыдэнт ня надта давярае сьпікеру ці віцэ-сьпікеру, інфармацыі пра тое, што адбываецца ў парлямэнце. Мабыць ён думае, што такім чынам будзе больш аб'ектыўная інфармацыя аб дэпутатах”.