Гаворыць Катажына Матушэўская:
(Матушэўская: ) “Пасьля таго, як я перадала свой пашпарт беларускім памежнікам, яны напэўна, пабачылі маё прозьвішча ў нейкім сьпісе. Маіх спадарожнікаў, а сярод іх былі грамадзяне Галяндыі, выпусьцілі ў Горадні, а да мяне вярнуліся двое памежнікаў, якія былі можа нават больш нэрвовыя, чым я, і сказалі, што мне не дазваляецца ўехаць на тэрыторыю Беларусі. Я спрабавала даведацца, чаму, хацела паразмаўляць зь нейкім начальствам. Але нічога не атрымалася. Праз 10 хвілінаў ішоў цягнік назад у Польшчу, і мяне ў яго пасадзілі. Аказалася, што мне нельга ўехаць на тэрыторыю Беларусі.
Ніякіх прычынаў адмовы мне не паведамілі, і гэта пярэчыць заканадаўству. Канечне, кожная краіна мае сувэрэннае права забараніць уезд на сваю тэрыторыю грамадзяніну іншай дзяржавы, але пры гэтым мусіць быць пададзеная прычына.
Канечне, ніякай гарэлкі кантрабандным спосабам у Беларусь я не правозіла. Думаю, што гэта зьвязанае з маёй адукацыйнай дзейнасьцю ў Беларусі. Ад пэўнага часу я займаюся арганізацыяй сэмінараў для беларускай моладзі ў справе дэмакратыі і эўрапейскай адукацыі. Для мяне вельмі дзіўна, што адукацыя і веды ёсьць чымсьці небясьпечным у вашай краіне і ёсьць повадам, каб не ўпускаць у Беларусь людзей, якія пашыраюць гэтыя веды. Калі справа насамрэч у маёй адукацыйнай дзейнасьці, дык гэта значыць, што пашырэньне ведаў на тэму дэмакратыі, на эўрапейскія тэмы ў Беларусі лічыцца справай небясьпечнай, але для каго? Напэўна, для ўладаў гэтай краіны”.
Прычыны адмовы ўезду на тэрыторыю Беларусі спадарыні Матушэўскай цяпер высьвятляюцца праз дыпляматычныя каналы.