Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ТАМУ Ў МЕНСКІМ ОПЭРНЫМ ТЭАТРЫ РАСПАЧАЎ ПРАЦУ ПЕРШЫ ЗЬЕЗД БЕЛАРУСАЎ СЬВЕТУ


Валянціна Аксак, Менск

Гаворка ідзе пра не прынятыя да гэтага часу Закон аб суайчыньніках і дзяржаўную праграму “Беларусы ў сьвеце”. У распрацоўцы абодвух дакумэнтаў брала аўктыўны ўдзел юрыдычная група Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Да прапанаванага Дзяржкамітэтам у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне праекту ў яе быў шэраг прынцыповых заўвагаў. Гаворыць старшыня рады “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Перш за ўсё, гэта мэтавая група закону, тое, што закон скіраваны на суайчыньнікаў. Усё ж нам бы хацелася, і ня толькі “Бацькаўшчыне”, таму што мы зьбіралі прапановы і пажаданьні менавіта беларускай дыяспары на гэты конт, вядучых кіраўнікоў, лідэраў арганізацыяў беларускае дыяспары, каб закон быў пра беларусаў, якія пражываюць за мяжой. Тэрмін “суайчыньнікі” размывае паняцьце нацыянальнае прыналежнасьці чалавека, і для Беларусі гэта ня вельмі добра ў сувязі зь сёньняшняй сытуацыяй, сёньняшняй палітыкай.

Па-другое, праект закону насіў чыста дэклярацыйны характар, не даваў ніякіх канкрэтных перавагаў для беларусаў. Ён быў агульны, як пратакол аб намерах. Хацелася б, каб ён быў прамога дзеяньня і сапраўды дапамог вырашыць праблемы беларускае дыяспары. Больш за тое, з мэтавай групы былі выключаны беларусы, якія пражываюць на этнічных беларускіх тэрыторыях. Мала ўвагі ў ім нададзена грамадзкім арганізацыям, гаворка ідзе пра фізычныя асобы”.

Урадавы праект не агаворвае ніякіх юрыдычных правоў і магчымасьцяў замежных суайчыньнікаў, якія хочуць жыць і працаваць у Беларусі. Як замежныя грамадзяне, яны ня могуць тут, напрыклад, купіць зямлю ці стала займацца грамадзкай дзейнасьцю. Не дае праект і ніякіх правоў замежным сьвятарам у Беларусі, з-за чаго ўжо было некалькі вострых канфліктаў у іх зь мясцовымі ўладамі.

Восеньню 2001 году юрыдычная група “Бацькаўшчыны” распрацавала ўласны праект Закону, які назвала “Аб стасунках зь беларусамі замежжа”. У ім была ўлічаная практыка ўжо прынятых падобных юрыдычных нормаў у Расеі, Украіне, Польшчы і Літве.

Працягвае Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Усе гэтыя законы даюць правы прадстаўнікам дыяспары тых краінаў такія, як і грамадзянам. Адзінае, не даюць права на ўдзел у выбарах. Але даюць права і на вучобу, і на ўладкаваньне на працу, пазбаўляюць іх мытных, візавых збораў. Віза застаецца, але яны ня плацяць. Таму што яны літоўскага, або польскага паходжаньня…”

Але ніякага адказу на прапанаваны праект “Бацькаўшчына” не атрымала.

Кіраўнік аддзелу ў справах нацыянальнасьцяў Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне краіны Юры Ўральскі на маё пытаньне пра лёс Закону аб суайчыньніках і прапановах да яго “Бацькаўшчыны” сказаў, што ён можа адказаць толькі ў пісьмовым выглядзе і праз пэўны час. Незалежныя экспэрты мяркуюць, што закон будзе прыняты ў 2005 годзе напярэдадні плянаванага ўладамі кангрэсу беларусаў сьвету. На 2005 год згодна статуту арганізацыі прыпадае і час правядзеньня чарговага чацьвертага зьезду “Бацькаўшчыны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG