Ускласьці кветкі да помніка Янкі Купалы ў аднайменны парк сёньня прыйшлі школьнікі й пісьменьнікі. Ад уладаў прысутнічала кіраўніцтва літаратурнага музэю паэта. Пасьля кароткіх прамоваў і дэклямацыі вершаваных радкоў урачыстасьці завершыліся. Ніякіх адмысловых тэлеперадач, тэатральных пастановак альбо канцэртных праграмаў у гонар паэта ў гэты дзень у краіне не праводзіцца.
Кіраўнік міжнароднага фонду Янкі Купалы, навуковец Вячаслаў Рагойша кажа, што цяперашняе сьвяткаваньне ўгодкаў нацыянальнага паэта не адпавядае ўзроўню такой знакавай асобы, як Купала. Гаворыць Вячаслаў Рагойша:
(Рагойша: ) “Канечне, для Купалы гэта замала. Да прыкладу, я сёлета быў на сьвяткаваньні ўгодкаў нараджэньня Шаўчэнкі. Канечне ж, няма ніякага параўнаньня, як гэта адбываецца там і ў нас. Там усё праводзіцца на афіцыйным узроўні, пры ўдзеле вышэйшых уладаў. Калі бы ў нас гэткае сьвята Янкі Купалы было на купальле штогоду, то было бы вельмі добра, бо Купала — гэта нашая будучыня”.
Напярэдадні ў Купалаўскім парку адбыліся паэтычныя чытаньні ды імправізаваны канцэрт, а таксама літаратурнае сьвята на радзіме паэта. У Менску гэтыя ўрачыстасьці былі арганізаваныя сябрамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ супольна з Таварыствам беларускай мовы. А ў Вязынцы — намаганьнямі кіраўніцтва літаратурнага музэю Янкі Купалы, якое таксама не задаволенае, як адзначаюцца ўгодкі паэта. Гаворыць намесьніца дырэктара Алена Бурбоўская:
(Бурбоўская: ) “На вялікі жаль, Купала не вядомы нашаму народу, хоць па ролі ён — як расейцам Пушкін, а ўкраінцам — Шаўчэнка. Сапраўды, не паказваюцца тыя цудоўныя фільмы, адзьнятыя паводле творчасьці Купалы, мала гучыць выдатных песьняў, напісаных на ягоныя словы. Магло бы сьвяткаваньне ўгодкаў Купалы праходзіць значна шырэй”.
Паводле яе, без удзелу вышэйшых уладаў Беларусі больш маштабныя ўрачыстасьці музэй арганізаваць ня ў стане. Таксама няпэўным застаецца і пытаньне ўсталяваньня помніка Янку Купалу ў Маскве: плянавалася, што манумэнт зьявіцца там да 120-годзьдзя паэта, якое адзначалася ў мінулым годзе. Цяпер гаворка вядзецца пра наступны год. Аднак і цяпер дакладная дата не называецца.