Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫДАРОЖНЫ ГАНДАЛЬ РАТУЕ ВЯСКОЎЦАЎ АД ГОЛАДУ


Міхал Стэльмак, Менск

Апошні час колькасць такіх стыхійных імправізаваных рынкаў расьце. Напрыклад, у Пухавіцкім раёне, які я наведаў 4 ліпеня:

(Сьцяпан Сьцяпанавіч: ) “Я жыву ў Рудзенску. Засталося крыху бульбы ад пасяўной. Вось у выходныя вырашыў прыехаць і прадаць. Вясковае жыцьцё вельмі цяжкое. Хто як можа, так і выжывае. Хто што прадасьць: зеляніну, цыбулю, радыску, хто што. Вось так і выжываюць”.

(Міхаіл: ) “Я жыву ў вёсцы. Прадаюць вяскоўцы буракі, кроп, пятрушку. Цяпер яшчэ ня ўсё вырасла. Толькі раньняя бульба”.

(Карэспандэнт: ) “Які кошт зеляніны?”

(Міхаіл: ) “Пучок зеляніны 200–300 рублёў. А бульба каштуе каля 1 тысячы. Але яна вельмі цяжка акупляе сябе. Таму што дарагое насеньне, 1 тысяча рублёў”.

Апроч бульбы і зеляніны, на прыдарожных міні-рынках пачалі гандляваць ягадамі. У Чэрвеньскім раёне, напрыклад, на аўтатрасе Менск–Магілёў, літровы слоік чарніцаў каштуе каля 2 тысяч рублёў. Паводле гандляроў, зьбіраць ягады вяскоўцы ідуць усёй сям’ёй, ад старых да малых. Яшчэ адзін вясковы прадукт, які карыстаецца попытам у гараджанаў — малако. Прадаюць яго тут таньней, чымсьці ў крамах. Як кажуць вяскоўцы, выходзіць на трасу іх прымушае цяперашняе масавае зьбядненьне.

(Спадарыня: ) “Прадаем па 500–600 рублёў за 1 літар”.

(Карэспандэнт: ) “Вы карову трымаеце?”

(Спадарыня: ) “Я трымаю дзьве каровы”.

(Іншая спадарыня: ) “І я дзьве каровы. З нашага малака можна зрабіць два літры такога малака, як у краме. А бяруць у людзей зусім задарма”.

Вяскоўцы пакрыўджаныя на дзяржаву, якая, паводле іх, рабуе беларускіх сялянаў. Купляе ў іх малако ў два разы таньней за рынкавы кошт:

(Спадарыня: ) “Хіба так можна, што вада каштуе даражэй за малако? Дзяржава так купляе. Гэта нікуды ня варта. І тлустасьць як здаеш, дык ня ставяць як патрэбна. У мяне са шклянкі паўлітру сьмятаны”.

(Іншая спадарыня: ) “У майго малака тлустасьць 4,1–4,3%. А мне на малаказаводзе больш як 3,8% ня ставяць”.

(Карэспандэнт: ) “Як выжываюць вяскоўцы?”

(Сьцяпан Сьцяпанавіч: ) “Хто як можа, так і выжывае”.

(Карэспандэнт: ) “У калгасах ёсьць заробкі?”

(Сьцяпан Сьцяпанавіч: ) “У калгасах заробкі вельмі малыя. І яшчэ не аддаюць іх своечасова. Вось хто як можа, той так і выжывае. Вырасьціць што-небудзь ды прадасьць”.

Афіцыйнае стаўленьне дзяржавы да прыдарожнага гандалю — адмоўнае. Міліцыянты робяць аблавы на вяскоўцаў. Адна з такіх аблаваў днямі адбылася ў мястэчку Дукора на Пухавіччыне:

(Спадарыня: ) “Гавораць, што ехаў карэспандэнт з “Народнай газеты”. Ехаў ён у мінулую пятніцу. Дык яшчэ ў нядзелю яны гандлявалі. А ўжо ў панядзелак усё была прыбрана. З панядзелка яны ўжо не гандлююць. Кажуць, што і перадача была пра стыхійны рынак”.

(Іншая спадарыня: ) “Гэты рынак трэба, каб быў. Хіба можа пэнсіянэрка завезьці вядро бульбы ў пасёлак Дружны на продаж? У Дукоры ж яна на трасу выйшла і прадала”.

Дукорцы абураюцца лівідацыяй мясцовага міні-рынку. Але як яго аднавіць, ня ведаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG