Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ САПРАЎДЫ АДНОСІНЫ ЎКРАІНЫ З ЗАХАДАМ НАЛАДЗІЛІСЯ?


Сяргей Абламейка, Прага

Халодны вецер у адносінах Украіны і Захаду падзьмуў, як вядома, увосень 2002 году, калі зьявіліся паведамленьні аб продажы Кіевам Багдаду сучаснага ракетнага абсталяваньня. Тады ж прэзыдэнту Кучму быў аказаны вельмі халодны прыём на саміце НАТО ў Празе. Аднак менш чым праз год сытуацыя нібыта пачала наладжвацца.

Разам з тым міжнародныя назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што аб посьпехах Украіны гаварыць пакуль рана – у палітычным і эканамічным жыцьці зьмены неістотныя, кіраўніцтва краіны спрабуе балянсаваць паміж Расеяй і Захадам. Напрыклад, супрацоўнік Каралеўскага інстытуту міжнародных справаў у Лёндане Рой Элісан заяўляе, што Ўкраіна не выглядае надта прывабнай для замежных інвэстараў, ня мае яснай палітычнай арыентацыі, і прэзыдэнт Кучма паступова страчвае давер заходніх партнэраў.

Раней МВФ рэзка крытыкаваў недахопы падатковай сыстэмы Ўкраіны, непразрыстасьць працэсу прыватызацыі і слабаразьвітасьць яе банкаўскай сыстэмы. І вось Рой Элісан кажа, што Кіеў не зрабіў істотнага прасоўваньня ў гэтых галінах і страціў шанец скарыстацца з пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу ў 2004 годзе.

Іншы экспэрт, супрацоўнік Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў у Брусэлі Арыюс Валь заявіў, што менавіта ўрад краіны адказны за затрымку рэформаў:

(Валь: ) “Я думаю, што яны праводзяць рэформы на ўзроўні рыторыкі. На практыцы ж зроблена вельмі мала. Тут ёсьць і праблема даверу да прэзыдэнта Кучмы, які шмат год гаворыць пра рэформы, а насамрэч прагрэс мінімальны, асабліва ў параўнаньні з суседзямі”.

Аналітыкі згодныя, што палітычная нестабільнасьць Украіны застаецца галоўнай перашкодай для рэальных зьменаў у эканоміцы. Краіна палярызаваная паміж параўрадавымі групамі і часам капрызнай апазыцыяй, а доўгія гады кіраваньня Кучмы сапсаваныя шматлікімі палітычнымі скандаламі.

У зьнешняй палітыцы таксама назіраецца няўстойлівасьць. Кучма захоўвае добрае стаўленьне да Расеі – вялікай патэрналісцкай суседкі – да якой ён зьвяртаецца падчас пагаршэньня адносінаў з Захадам. У гэтай сувязі украінскі аналітык Аляксандар Сушко параўноўвае зьнешнюю палітыку краіны з маятнікам і кажа, што пакуль няма падставаў спадзявацца на зьмену гэтага яе характару. Сушко таксама заяўляе, што прэзыдэнцкія выбары наступнага году стануць крытычным момантам сучаснай украінскай гісторыі і менавіта выбары – а не такія факты, як пасылка войскаў у Ірак – пакажуць, куды насамрэч ідзе Ўкраіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG