Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВАРАЕЦЦА МІЖРЭГІЯНАЛЬНАЯ ДЭПУТАЦКАЯ ГРУПА “РЭСПУБЛІКА”


Уладзімер Глод, Менск

Сяргей Скрабец, які цяпер узначальвае групу “Рэспубліка” з 11 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, лічыць, што аб’яднаньне ўсіх дэмакратычна настроеных дэпутатаў, ад парлямэнту да сельсавету, неабходна зь дзьвюх прычынаў:

(Скрабец: ) “Абмеркаваць мэты і задачы адносна стварэньня ў Беларусі свабоднага і квітнеючага грамадзтва. Мы хацелі аб’яднаць нашыя сілы таксама дзеля таго, каб стварыць дэмакратычны парлямэнт трэцяга скліканьня. Таксама трэба ўнесьці зьмяненьня ў Выбарчы кодэкс, бо цяперашні кодэкс ня дасьць магчымасьці дэмакратычным сілам атрымаць перамогу на будучых выбарах”.

Першыя намаганьні ў справе стварэньня новага фармаваньня прынесьлі ўжо пэўны плён, пра што і гаворыць Сяргей Скрабец.

(Скрабец: ) “На сёньня я пабываў ва ўсіх абласных цэнтрах, таксама ў гарадах Барысаў, Бабруйск, Салігорск, Ліда. Там нас падтрымліваюць. На сёньняшні дзень больш чым 400 дэпутатаў далі згоду на працу ў нашым міжрэгіянальным аб’яднаньні”.

Цяпер прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў дасылаюць калегам зь мясцовых саветаў сваю праграму і зварот з прапановай далучацца да міжрэгіянальнай групы. Паводле Сяргея Скрабца, новае фармаваньне можа ахапіць на першым этапе да 10% усяго дэпутацкага корпусу — гэта каля дзьвюх з паловай тысячаў дэпутатаў.

Вядома, што дэмакратычныя партыі таксама ствараюць сваё дэпутацкае аб’яднаньне. Я пацікавіўся ў Сяргея Скрабца, ці ня лічыць ён, што такое драбленьне сілаў можа пашкодзіць агульнай справе. Суразмоўца гаворыць пра неабходнасьць яднаньня.

(Скрабец: ) “Крыху дзіўна, што як толькі мы заявілі пра намер ствараць міжрэгіянальную дэпутацкую групу, партыі хутка правялі свой зьезд дэпутатаў. Я, дарэчы, на ім выступаў і казаў, што трэба ўсім аб’ядноўвацца, каб з нас людзі не сьмяяліся. Было б добра, каб мы знайшлі агульную мову з партыямі, а з дэпутатамі, я ўпэўнены, мы яе знойдзем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG