Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫМУШАНЫ АДПАЧЫНАК У СЬВЕТЛАГОРСКІМ АБ’ЯДНАНЬНІ “ХІМВАЛАКНО”


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

У вымушаны адпачынак у Сьветлагорску адпраўленыя перш за ўсё рабочыя заводу поліэфірных тэкстыльных нітак – аднаго з прадпрыемстваў аб’яднаньня “Хімвалакно”. Паводле інфармацыі галоўнага інжынэра аб’яднаньня Анатоля Якабука, прычына прыпыненьня працы – адсутнасьць грануляванай сыравіны, што пастаўляе ў Сьветлагорск магілеўскае “Хімвалакно”.

Вымушаны адпачынак у сьветлагорцаў будзе доўжыцца прыкладна да 10 ліпеня. У каго з рабочых няма адгулаў і хто скарыстаў ужо свой афіцыйны адпачынак, таму дырэкцыя зьбіраецца выплочваць дзьве траціны мінімальнага заробку.

Практыка прымусовай адпраўкі людзей у адпачынкі з прычыны спыненьня вытворчасьці прымяняецца ў рэгіёне ўсё часьцей. Ад пачатку году ў прымусовым адпачынку знаходзіліся ўжо звыш 16 тысячаў чалавек з машынабудаўнічых, дрэваапрацоўчых, хімічных, швэйных прадпрыемстваў. Яшчэ 25 тысячаў рабочых працавалі ў рэжыме скарочанага тыдня. Прынамсі, такія лічбы падае абласная ўправа статыстыкі.

Пашыраецца ў рэгіёне і беспрацоўе. Апошнім часам на вуліцу адправілі дзесяткі сваіх працаўнікоў фабрыка “8 Сакавіка”, завод ліцьця і нармаляў аб’яднаньня “Гомсельмаш”, фанэра-запалкавы камбінат ды шэраг іншых прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG