Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ “ГАЗПРАМ” ДЫКТУЕ СВАЕ ЎМОВЫ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Прэм’ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі, выступаючы перад дэпутатамі, абураўся дзеяньнямі расейскага “Газпраму” ў справе акцыянаваньня “Белтрансгазу”.

(Навіцкі: ) “Не пасьпеўшы сесьці за стол перамоваў, расейскі “Газпрам” даслаў пісьмова (калі хочаце, нават некарэктна, на мой адрас за подпісам намесьніка — нават не кіраўніка, а намесьніка “Газпраму”) ліст, дзе ў прынцыпе ставяцца катэгарычныя ўмовы: калі кантрольны пакет ня будзе перададзены “Газпраму”, а цана, згодна зь якой мы ацэньваем “Белтрансгаз” ня будзе балянсавай (бачыце, Расея — рынкавая краіна, а націскае на тое, што кошт мусіць быць балянсавым), то гэты праект для расейскага боку будзе непрывабным”.

Кіраўнік беларускага ўраду сказаў, што ўжо паінфармаваў пра гэтыя непаразуменьні сваяго расейскага калегу. Цяпер Навіцкі спадзяецца на дапамогу Міхаіла Касьянава дзеля разьвязкі гэтай справы. Між тым, да 1 ліпеня Расея і Беларусь мусілі стварыць сумеснае прадпремства на базе акцыянэрнага таварыства “Белтрансгаз”. Зразумела, што ў вызначаны тэрмін гэта ўжо не адбудзецца.

Беларускі бок не сьпяшаецца з уніфікацыяй законаў ды іншых дакумэнтаў з расейскімі, на чым настойваў расейскі прэзыдэнт Пуцін. Хаця, паводле Генадзя Навіцкага, гэты працэс за апошнія паўтара-два гады ідзе больш шпарка, але прэм’ер лічыць, што ня трэба ва ўсім раўняцца на расейцаў.

(Навіцкі: ) “Я асабіста ў гэтым ужо пераканаўся і выказваю думкі, пераканаўшыся ў гэтым зь сярэдзіны. Далёка ня ўсё нам патрэбна капіяваць з таго, што робіцца ў Расеі. Можа, гэта гучыць дёрзка і апалітычна, але я гэта сёньня магу пацьвердзіць прыкладам. Нядаўна у Санкт-Пецярбургу я шчыльна кантактаваў зь Селязьнёвым. І ён мне выказваў глыбокую занепакоенасьць — Усясьветны банк зрабіў дасьледаваньне: у Расеі больш як 40% насельніцтва жыве за рысай беднасьці. У нас гэты паказчык за 8 гадоў скараціўся з 40 да 19%”.

Сёньняшняе сумеснае паседжаньне было апошнім для Нацыянальнага сходу ў межах летняй сэсіі. Наступным разам дэпутаты, згодна з рэглямэнтам, зьбяруцца толькі 2 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG