Сёньня маскоўская газэта “Известия” са спасылкай на брытанскую “Independent” паведаміла, што ў затрыманага ў Іраку Абэда Хаміда Махмуда — асабістага сакратара і целаахоўніка Садама Хусэйна — амэрыканцы знайшлі некалькі беларускіх пашпартоў.
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ўжо выступіла з адмысловай заявай наконт публікацыі ў “Independent”, падкрэсьліўшы: “Замежныя грамадзяне ды асобы без грамадзянства могуць быць дакумэнтаваныя беларускімі нацыянальнымі пашпартамі толькі пасьля атрыманьня грамадзянства паводле ўсталяванага заканадаўствам парадку. Апошні прадугледжвае ў тым ліку такія падставы, як 7-гадовы цэнз аседласьці, то бок 7-гадовы тэрмін сталага пражываньня на тэрыторыі нашай краіны, а таксама адмову заяўніка ад папярэдняга грамадзянства”.
Аднак варта адзначыць, што беларускае заканадаўства прадугледжвае і выняткі з гэтых правілаў. Грамадзянства Беларусі можна атрымаць вельмі хутка за асаблівыя заслугі альбо зь іншых прычынаў, што пацьвярджае прыклад былой украінскай біятляністкі Алены Зубрылавай, якая без прамаруджваньня атрымала беларускі пашпарт. Яшчэ адзін грамадзянін Украіны — былы амбасадар Беларусі ў Кіеве Віталь Курашык — меў пашпарт грамадзяніна Беларусі нават без адмовы ад украінскага грамадзянства.
Праўда, МУС падае яшчэ іншыя аргумэнты: “Працэс выдачы пашпартоў знаходзіцца на асаблівым кантролі, а дакумэнты ёсьць блянкамі найбольш строгага ўліку. Выпадкаў крадзяжу чыстых блянкаў пашпартоў органамі ўнутраных справаў зафіксавана не было”. У зьвязку з гэтым МУС заявіла, што інфармацыя пра знойдзеныя ў Іраку беларускія пашпарты ёсьць непраўдзівай і заведама правакацыйнай.
А прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на чарговым брыфінгу заявіў, што ацэньвае загалоўкі кшталту “Садам Хусэйн і набліжаныя да яго могуць хавацца ў Белавескай пушчы?” як няўдалы жарт. Спадар Савіных пераадрасаваў журналістаў да заявы МУС, але дадаў:
(Савіных: ) “Пашпарты выдаюцца толькі ў Рэспубліцы Беларусь органамі ўнутраных справаў. Такім чынам, амбасада Рэспублікі Беларусь выдаць такі пашпарт ня можа”.
Тут трэба зазначыць, што пашпарты сапраўды афармляюцца толькі на тэрыторыі Беларусі, але, напрыклад, тым беларускім грамадзянам, якія стала жывуць за мяжой і стаяць на консульскім уліку, пашпарты выдаюцца ў рукі менавіта ў консульскіх аддзелах усіх амбасадаў Беларусі за мяжой — для атрыманьня пашпарту ехаць у Менск ня трэба.
Тым ня менш, Андрэй Савіных заявіў:
(Савіных: ) “Для нас фактычна сытуацыя ясная. Сапраўдныя беларускія пашпарты аказацца такім чынам у Іраку не маглі. Праводзіць якія-небудзь дадатковыя расьсьледаваньні з гэтай нагоды ня мае сэнсу. Тым больш, што з гэтым пытаньнем да нас таксама ніхто не зьвяртаўся. Мова можа ісьці толькі аб падробках ці аб пашпартах, якія вонкава падобныя на беларускія. У абодвух выпадках да нас гэта ня мае ніякага дачыненьня і ёсьць праблемай той краіны, дзе яны былі знойдзеныя”.
Я задаў спадару Савіных пытаньне: ці маглі сапраўдныя беларускія пашпарты быць скрадзеныя альбо проста здадзеныя ў консульскі аддзел амбасады Іраку ў Менску для атрыманьня ірацкіх візаў? Я таксама папрасіў удакладніць, ці працуе яшчэ консульскі аддзел ірацкай амбасады. І вось які адказ атрымаў:
(Савіных: ) “Аналіз верагоднасьці, так сказаць, усяго спэктру ня ёсьць кампэтэнцыяй Міністэрства замежных справаў. Мы не атрымлівалі ніякіх афіцыйных зваротаў ад уладаў Іраку альбо ад амбасады Іраку пра зьмяненьне рэжыму дзейнасьці амбасады Іраку ў Рэспубліцы Беларусь”.
Гэта значыць, што беларускія пашпарты можна і сёньня здаць у консульскі аддзел ірацкай амбасады ў Менску. Але што зь імі будзе далей — невядома.