Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 24 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“Ячэйка мінгубаддзелу будаўнікоў у поўным сваім складзе (50 чал.) сумесна зь беспартыйнымі таварышамі, у суправаджэньні духавога аркестру ГКС, з удзелам прадстаўнікоў Гаррайкаму з мэтай змычкі з падшэфнай ячэйкай зрабіла ў адзін цудоўны дзень паездку для ўручэньня сьцягу падшэфнай ячэйцы. Урачыстасьць сьвяткаваньня пачалася аб’яднаным паседжаньнем абедзьвюх ячэек зь беспартыйнымі ў нардоме (прысутнічала 400 чал.). Пасьля быў наладжаны мітынг на тэму “Палітычны момант і змычка гораду зь вёскай”, на які сабралася 1200 чал., пасьля чаго адбылося сумеснае паседжаньне ячэек. Акрамя таго, выпісаныя газэты і часопісы ў колькасьці 8 экзэмпляраў. Ад рэдакцыі: 8 газэт каштуюць ня больш за 500 рублёў, сьцяг, відаць, — 1000. Астатнія 3000 рублёў (ці каля таго) выдаткаваныя самым непрадукцыйным чынам на масавую паездку”.


“Віцебскі пралетар”, 1933 год. “На кіно-фронце неблагапалучна”:

“Чым інакш, як не прытупленьнем клясавай пільнасьці камуністаў кіно тлумачыцца тое, што мастацкае афармленьне фае кінатэатру “Пралеткіно” адбівае яўна нацдэмаўскую ідэалёгію з паказам кулацкай, прышчэпаўскай, так званай “культурнай”, аднаасобнай гаспадаркі? У той жа час вы ня знойдзеце жывога паказу, прапаганды нашага сацыялістычнага культурнага будаўніцтва. Кіраўнікі кінатэатраў бачаць толькі аднаго мастака — нейкага Цырульнікава, які па сутнасьці нічога ня мае агульнага з пралетарскім мастацтвам. Ён нават і зараз, у час чысткі не абмінуў скарыстаць палітычную сьлепату камуністаў: чатыры запаведзі камуніста з “Правды” ён намаляваў на фоне крыжа”.


“Беларуская газэта”, 1943 год:

“Драматычная група Менскага беларускага гарадзкога тэатру ў ліку 37 асобаў распачала гастролі ў Слоніме. Эстрадная група, у якую, між іншым, уваходзяць Васіль Савіцкі, віртуёз балалайкі Зьмітро Захар і сьпявачка Стэфа Лыскавец 13-га гэтага месяца выехала ў Вялейку. З прычыны таго, што частку аркестру й хору выкарыстоўвае Ландсбэрскі гарадзкі тэатар, які знаходзіцца на гастролях у Менску, трэ было пакінуць частку опэрных сілаў, якія займаюцца падрыхтоваю апэрэты “Цыганскі барон” Ёгана Штраўса і опэры “Сэвільскі цырульнік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG