Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫРЭКТАР ПРАДСТАЎНІЦТВА IREX У БЕЛАРУСІ Б.АРТЭГА НАЗВАЎ АБСУРДНЫМІ АБВІНАВАЧАНЬНІ Ў СТВАРЭНЬНІ ШПІЁНСКАЙ СЕТКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Міністэрства інфармацыі Беларусі нядаўна заявіла, што незалежныя мэдыі павінны адлюстроўваць погляды дзяржавы. Магчыма, гэты фільм і даецца як прыклад, бо нават не пазначаны ягоны аўтар”, — мяркуе Боб Артэга. Што непасрэдна да абвінавачаньняў, якія прагучалі ўчора на адрас IREX, то кіраўнік прадстаўніцтва арганізацыі ў Беларусі Боб Артэга назваў іх хлусьнёй і абсурдам.

(Артэга: ) “Што найбольш зьдзівіла, гэта наколькі сьмешнымі былі абвінавачаньні й заявы, выказаныя на наш адрас. Калі бы ў фільме сумняваліся ў тым, наколькі патрэбная нашая дапамога мэдыям, была б адна рэч. Але гэта пад пытаньне ня ставіцца. Затое паведамляюцца зусім сьмешныя, цалкам надуманыя рэчы”.

Нагадаю, учора пры канцы праграмы “Панарама” дзяржаўнае тэлебачаньне паказала дакумэнтальны фільм “Павуціньне”. Шэраг грамадзкіх арганізацыяў дэмакратычнага кірунку і незалежныя мэдыі былі названыя ў гэтым фільме “пятай калёнай”, а тыя міжнародныя арганізацыі, якія ім дапамагаюць, абвінавачаныя ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі.

Больш за ўсіх дасталося амэрыканскай няўрадавай арганізацыі IREX, якая ўжо сем гадоў дапамагае недзяржаўным мэдыям у Беларусі. Сярод іншага IREX быў абвінавачаны ў стварэньні шпіёнскай сеткі ў выглядзе шэрагу мясцовых тэлестудыяў, а таксама ў стварэньні нэгатыўнага іміджу Беларусі. “У нашым фотаархіве больш за 15 тысяч фотаздымкаў, і карыстальнікі могуць абраць любыя. Можна абраць здымкі Аляксандра Лукашэнкі, які сьмяецца, а можна жабракоў на вуліцах Менску. Каму што патрэбна”, — заўважае Боб Артэга.

Абвінавачаньні ў стварэньні шпіёнскай сеткі ён увогуле пракамэнтаваць ня здолеў, назваўшы іх абсурдам. Боб Артэга паведаміў, што IREX займаецца выключна дапамогай мэдыям, якія імкнуцца быць незалежнымі й прафэсійнымі. На гэта скіраваныя ўсе праграмы арганізацыі, у якіх могуць браць удзел і дзяржаўныя журналісты. “Наша дзейнасьць цалкам адкытая. Паўгоду таму мы падавалі справаздачу ў Міністэрства замежных справаў Беларусі й ня чулі прэтэнзіяў”, — паведаміў Боб Артэга.

Таксама ён абверг зьвесткі Дзяржкамкантролю, паводле якіх IREX нібыта незаконна набываў відэатэхніку і кампутары. “Кантралёры высьветлілі, што ў кампутарах, якія мы набылі, няма гігіенічных сэртыфікатаў, але яны самі прызналі, што набытыя кампутары цалкам законна. І вось цяпер кажуць адваротнае. Гэта сьмешна”, — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва IREX. На пытаньне, ці ня лічыць ён, што прадстаўніцтва арганізацыі беларускія ўлады хутка зачыняць, Боб Артэга адказаць адмовіўся. Ён паведаміў, што ўсе праграмы дапамогі працягваюцца. Паводле яго, за пяць гадоў з 1999 году арганізацыя плянавала ўкласьці ў разьвіцьцё беларускіх мэдыяў ды іншыя праграмы да 4 мільёнаў даляраў, і гэтая праца будзе працягнутая.

Сярод тых, каго згадвалі ананімныя аўтары фільму “Павуціньне” як карыстальнікаў замежнай дапамогі, быў названы Вінцук Вячорка. Пра старшыню БНФ было сказана, што ён нібыта на замежныя грошы набыў кватэру ў цэнтры Менску. Вінцук Вячорка назваў гэтыя зьвесткі хлусьнёй. “Пяць гадоў таму я прадаў кватэру ў цэнтры гораду і набыў большую на ўскраіне, каб вырашыць жыльлёвае пытаньне, бо ў мяне шматдзетная сям’я”, — патлумачыў лідэр БНФ. Што да наступу на няўрадавыя арганізацыі й на міжнародныя фонды, якія ім дапамагаюць, то Вінцук Вячорка зьвязаў гэта з будучымі палітычнымі падзеямі ў Беларусі.

(Вячорка: ) “Відавочна, прадумваецца варыянт рэфэрэндуму, а для гэтага неабходна зьнішчыць незалежныя мэдыі. IREX дапамагае мэдыям, яго і абралі мішэньню атакі”.

Вінцук Вячорка мяркуе што асноўным пытаньнем на рэфэрэндуме будзе права Лукашэнкі балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG