Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРЕДПРИНИМАТЕЛЬСКУЮ ГАЗЕТУ” З МАТЭРЫЯЛАМІ “БДГ” ЗАТРЫМАЛІ ДЛЯ ПРАВЕРКІ НА НЕВЯДОМЫ ТЭРМІН


Юры Сьвірко, Менск

Хто й навошта затрымаў у Менску ды на Віцебшчыне некалькі тысячаў асобнікаў “Предпринимательской газеты” з матэрыяламі журналістаў “БДГ”? Адказу на гэтае пытаньне па-ранейшаму няма. Паводле некаторых зьвестак, існуе распараджэньне на гэты конт сакратарыяту Савету Бясьпекі Беларусі. Але на просьбу абвергнуць або пацьвердзіць гэта яго прэсавы сакратар Сяргей Верашчак адказаў гэтак:

(Верашчак: ) “Можаце дыктафон выключаць, Юры. Я з гэтай нагоды нічога камэнтаваць ня буду. Прабачце, я заняты”(Кладзе слухаўку).

Я патэлефанаваў таксама начальніку Цэнтру інфармацыі й грамадзкіх сувязяў беларускага КГБ Аляксандру Базанаву, які сказаў:

(Базанаў: ) “Мне тэлефанавалі журналісты ўжо з гэтай нагоды — яны ж мне й распавялі, што гэта супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі чарговую партыю “Белорусской деловой газеты”, выпуск якой часова прыпынены на тры месяцы. Яны таксама спрабавалі ў мяне атрымаць нейкія падрабязнасьці. З таго, што яны мне сказалі, я гэта ж магу пераказаць. Мы ня ўдзельнічалі, не былі задзейнічаныя ў гэтых мерапрыемствах”.

Паводле інфармацыі пра апошняе затрыманьне, машыну з усім накладам “Предпринимательской газеты” ў Дубровенскім раёне Віцебшчыны затрымаў спэцатрад міліцыі “Тайфун”. Супрацоўніца прэсавай службы віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў Вольга Яўневіч гэта пацьвердзіла:

(Яўневіч: ) “Тайфун” ёсьць — гэта спэцыялізаванае падразьдзяленьне ДАІ. На мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй ёсьць кантрольна-прапускны пункт “Рэдзькі” — у Дубровенскім раёне, там, дзе яны ехалі. Там мытня — расейская, беларуская, на нашым баку таксама супрацоўнікі міліцыі, якія правяраюць машыны, што ўяжджаюць на тэрыторыі Беларусі, — тое, што яны ўвозяць, на адпаведнасьць дакумэнтаў на тавар, калі там увозяцца нейкія падакцызныя тавары. То бок гэта была чыста праверка дакумэнтаў на той момант, і была затрыманая машына для праверкі, тлумачэньня”.

Што робіцца з накладам газэты на гэты момант, спадарыня Яўневіч патлумачыць адмовілася. У дубровенскай міліцыі паведаміць якую-небудзь інфармацыю пра затрыманы наклад адмаўляюцца. Вось што сказаў выканаўца абавязкаў начальніка Дубровенскага РАУС Валянцін Гаравенка:

(Гаравенка: ) “А навошта вам гэтая інфармацыя? Я нават не магу адказаць, ці маю я права вам гаварыць або не. Па тэлефоне, па-мойму, я ня маю права”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG